Усяго патроху77

«Умею даіць карову, пячы пірагі, ткаць». Малады чалавек знайшоў сябе ў глыбінцы і цяпер улюбляе ў яе турыстаў

Жыццё ў маленькім мястэчку большасці ўяўляецца шаблонна: доўгія, сумныя зімовыя вечары; усе дні падобныя адзін да аднаго, і падстаў для радасці амаль няма. Але тут трэба адзначыць: справа хутчэй за ўсё не ў горадзе, а ў самім чалавеку. Сённяшні герой smartpress.by, дырэктар Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый Пётр Цалко, так захоплена распавядае пра свой райцэнтр, людзей, іх гісторыю, што ты ўжо і сам гатовы сабраць чамаданы і пераехаць у васьмітысячную Ветку.

Падцягнуты, у модным шэрым гарнітуры, стыльных акулярах і яркім гальштуку, Пётр Міхайлавіч выходзіць нам насустрач.

І тут самы час больш падрабязна распавесці пра нашага суразмоўцу: Пятру Цалко 33 гады, ужо некалькі гадоў ён узначальвае адзін з унікальных музеяў краіны. А пакуль ён пабег па куртку ў кабінет, разглядаем ткацкі станок, які стаіць проста ў холе.

— Гэтую кашулю тчэ Пётр Міхайлавіч, — ловіць наш позірк адна з ягоных падначаленых.

Так і хочацца спытаць: «Гэта жарт такі? Мы кажам пра таго хлопца ў гарнітуры?» Добра, што мы стрымаліся. Пятро сапраўды ўмее ткаць і некалькі гадоў таму прыйшоў працаваць у музей майстрам па ткацтве.

«Першы час адчуваў сябе нікому не патрэбным — ні гораду, ні людзям»

Пётр Цалко, апярэджваючы відавочныя пытанні пра нуду і павольнае жыццё невялікага горада, адразу адказвае: «Гэта месца, дзе я знайшоў сябе і дзе магу прымяніць усе свае веды. Самае галоўнае — няма жадання куды-небудзь збегчы».

Кола яго інтарэсаў звычайным не назавеш: фальклор, ткацтва, стараверскія іконы, разная ліштва на вокнах… Калі ён па-акцёрску распавядае чарговую гісторыю пра бабулю з экспедыцыі ці як бег да дома, які зносілі, каб паспець забраць старадаўнія дзверы — глядзіш на гэтага хлопца і думаеш: «Такія яшчэ засталіся?»

Падчас экспедыцыі па вёсках Пётр слухае бабуль і запісвае іх на дыктафон

Пятро па адукацыі настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Калі вучыўся ў Гомелі, паспеў папрацаваць грузчыкам, афіцыянтам у начным клубе, выкладаў дзецям у гімназіі, падзарабляў у музеі і нават прадаваў касметыку. Пакуль гуляем па Ветцы, міма прабягаюць дзеці і гучна крычаць: «Добры дзень!» Малады чалавек усміхаецца, маўляў, за гэта і любіць глыбінку: тут усё, як у яго роднай палескай вёсцы.

Гэты кажух некалі насіў дзед Пятра, а цяпер чарга дайшла і да самога хлопца

— Калі ў 17 гадоў паступіў ва ўніверсітэт і пераехаў вучыцца ў горад, было вельмі цяжка, — кажа Пётр Цалко. — Ідзеш па горадзе, ніхто з табой не вітаецца. Бачыш, нехта ляжыць пад лавай, хочаш дапамагчы, а людзі кажуць: «Гэта алкаш, ды ну яго!» У вёсцы ўсё інакш: усе з табой вітаюцца, як цяпер гэтыя дзеці, ты ўсіх ведаеш. Я заспеў той час, калі казалі не проста «здрасце», а віталіся так: «Добры дзень! Добрага здароўя!».

Пётр Цалко разам з гераіняй нядаўняга матэрыялу Кацярынай Панчэняй (бабай Кацяй)

Ён згадвае выпадак, як аднойчы ехаў у тралейбусе ў Гомелі. Зайшла жанчына, і Пётр тут жа па яе «сакавітай палескай мове» адразу вызначыў: яна з вёскі Дзяржынск Лельчыцкага раёна. Раптам пасажырка заўважыла ў салоне беспрытульнага сабаку.

— І пытае гэтая жанчына: «О, людзі, чый гэта сабака?» Ёй патлумачылі, што нічый. А яна ніяк не магла зразумець: «Як гэта, сабака ды нічый? Ён жа ўсё адно чыйсьці. Вы што, не ведаеце?» Для вясковых усе павінны належаць камусьці. Першы час у Гомелі адчуваў сябе нікому не патрэбным — ні гораду, ні людзям, якія з табой побач ідуць, — прызнаецца Пётр.

«Паглядзеў «Гары Потэра» — дык усё гэтае чараўніцтва бачыў у сваёй вёсцы!»

Пётр Цалко з тых людзей, якія пра сваю родную вёску распавядаюць з гонарам і пяшчотай. Хтосьці імкнецца дыстанцыявацца ад мінулага, зрабіць выгляд, што сапраўднае жыццё пачалося ў горадзе. Ён жа, наадварот, апісвае свае Сіманічы (Лельчыцкі раён) як самае цікавае месца на зямлі, не адмаўляючы, што жыццё ў вёсцы — цяжкая фізічная праца.

— Гэта было крутое дзяцінства, якое выпала на 1990-я гады. Напрацуешся, а вечарам шчаслівы бяжыш да вогнішча, каб з’есці сала з хлебам і цыбуляй, — адзначае Пётр Цалко.

Direktor-muzeya-v-Vetke-Petr-TSalko-8-90.jpg

У шэсць гадоў ён навучыўся даіць карову, у восем — касіць траву і запрагаць каня. У палешукоў была асаблівая сувязь з прыродай, звярамі і птушкамі. У вёсцы абсалютна нармальным лічылася размаўляць са сваім сабакам ці птушкамі.

— Ніколі не бачыў, каб маці ці бабуля адносіліся да свойскай жывёлы як ды нечага нязначнага. Яны былі часткай сям’і. Калі загінуў конь, маці галасіла як магла. Калі не стала каровы — гэта было вялікае гора, — узгадвае сваё дзяцінства Пётр.

Сваю бабулю, Валянціну Мікалаеўну, Пётр лічыць найлепшай настаўніцай, якая была ў ягоным жыцці

Вясковыя ўвесь час назіралі за прыродай: яна падказвала, калі лепш саджаць бульбачку, ці варта чакаць першых замаразкаў, ці будзе заўтра яснае надвор’е. І ўсе, вядома, жылі ў чаканні святаў. Перад Калядамі з горада прыязджаў стрыечны брат Пятра, бабуля садзіла хлопчыкаў на ложак, сядала насупраць і вучыла спяваць святочныя песні.

— Не было нейкага ўнутраннага непаразумення, што можна і ў царкву хадзіць і пры дапамозе абраду дождж выклікаць ці варажыць. Мая прабабуля была шаптухай. Я малы сядзеў і назіраў, як яна нешта падпальвала, нешта рабіла. Для мяне гэта было такое відовішча, што ніякія фільмы-фэнтэзі былі не патрэбны. Таму, калі глядзеў «Гары Потэра», думаў: «Дык усё гэта чарадзейства я бачыў у сваёй вёсцы», — смяецца малады чалавек.

Знікнуць бабулі ў хустачках — знікне і культура?

Відаць, вясковае дзяцінства вызначыла тое, чым зараз займаецца Пётр Цалко. Ён не сядзіць у кабінеце, а часта з калегамі выязджае ў экспедыцыі па вёсках. Запісваюць успаміны дзядуляў і бабуляў, тэксты песняў, апавяданні, як праводзіліся абрады, збіраюць экспанаты.

На думку нашага героя, самае складанае ў такіх паездках — атрымаць давер бабуляў, дасягнуць прыняцця, бо ты для іх чужынец. А традыцыйная культура больш пра асабістае, і не ўсе гатовыя пра гэта гаварыць. Некаторыя ўпіраюцца: каму патрэбныя гэтыя песні, іх усё роўна так ніхто не праспявае? І тады супрацоўніца музея Наталля Кадзетава зацягвае куплет, бабулі пранікаюцца: «О, дык ты ж па-старыннаму спяваеш».

А яшчэ Пётр упэўнены: традыцыі жывуць не ў старых драўляных куфрах, ручніках і вышыванках, а ў саміх людзях.

— Вось вам прыклад. Прыехалі мы неяк ў Рэчыцкі раён з экспедыцыяй. Нам казалі, што ў вёсцы жыве 90-гадовая бабуля, якая ўсё ведае. Яна і сапраўды ведае, але толькі пра Вялікую Айчынную вайну. А што датычыць культуры, бабуля не памятае ні песень, ні традыцый. Выйшлі на вуліцу, ідзём і плакаць хочацца. Столькі спадзяванняў было! І тут насустрач ідзе жанчына — з кароткай стрыжкай, у ласінах. Разгаварыліся, яна і кажа: «Пойдзем да мяне, ад свякрухі засталася стагадовая кашуля». Высвятляецца, што яна столькі ўсяго ведае! Нават, як выклікалі дождж: «Чаму не? Я сама ўдзельнічала ў гэтым», — прыводзіць прыклад Пётр.

І расказала яна: каб пайшоў дождж, трэба было спачатку ўзараць скрыжаванне. А так як у вёсцы засталіся адны старэнькія бабулі, то мясцовыя запрэглі гэтую жанчыну замест каня. «У начнушцы я была, як паложана», — смяецца яна.

«Каб не стаць такім, як усе ў горадзе, я вырашыў застацца самім сабой»

У Пятра была мара: стаць настаўнікам і вярнуцца ў родную вёску. Але сталася інакш. Пасля ўніверсітэта малады чалавек некалькі гадоў жыў у Гомелі (працаваў у музеі), потым пераехаў у Ветку. Купіў участак, на ім ужо з’явілася лазня, наперадзе — будаўніцтва дома.

Так выглядае агароджа на ўчастку Пятра Цалко

Кажа, калі ты сам захоплены нечым, вакол цябе пачынаюць з’яўляцца такія ж захопленыя людзі. І маленькі горад можа даць магчымасці для развіцця, а вось сваё жыццё ў вялікім горадзе ён уяўляе з цяжкасцю.

Калі жыў ва ўніверсітэцкім інтэрнаце, упершыню сутыкнуўся з тым, што людзі не жадаюць быць, кім былі раней. Як лічыць Пётр, родная вёска — гэта не нагода адмовіцца ад яе пры першай магчымасці. Гэта тое, чым варта ганарыцца, нават калі чалавек пераехаў у іншае месца.

Гэты пірог Пётр спёк сам: у музеі ладзілі тэатральнае вяселле

— Каб не стаць у горадзе такім, як усе, вырашыў заставацца самім сабой, — кажа Пётр Цалко. — Мне пашанцавала з маёй універсітэцкай сяброўкай Марынай, якая была з Турава. Сапраўдная паляшучка! У інтэрнаце мы з ёю па-нашаму размаўлялі: «Ото пойдзем на кухню картопель нажарымо, макаронаў наварымо». Для астатніх гэта было дзіўна, з нас смяяліся.

Пётр разам з Марынай наўпрост ў інтэрнаце ўніверсітэта арганізавалі этнаграфічны музей

Апроч экспедыцый, Пётр і яго супрацоўнікі ладзяць спектаклі, праводзяць майстар-класы. Цяпер ён загарэўся ідэяй аднавіць старую веткаўскую традыцыю. Калісьці на вяселле тут пяклі пернікі і дарылі маладым. Малады чалавек ужо раздабыў копіі формаў 1907 года, спяклі ўжо некалькі партый. Цяпер у госці ён прыязджае з зёлкамі на гарбату і веткаўскімі пернікамі.

— Можна сказаць, працуючы ў музеі, працягваю настаўнічаць. Навучыць чалавека бачыць прыгажосць вакол сябе — самае складанае. У маіх школьных настаўнікаў гэта атрымалася. Я гэтую прыгажосць бачу.

Каментары7

  • Иван
    01.02.2023
    В стране нацистская хунта, а цалко доить учится. К чему этот бред, Нива?
  • хх
    01.02.2023
    цікавыя фота... калі не ведаць, што сучасныя, можна падумаць, што дзесьці паўвекавой даўніны
  • Проста жыхар
    01.02.2023
    Иван, імхо, перамога над ворагамі нічога не вартая, калі ў выніку не застанецца таго, за што змагаўся. Лічу, што гэты хлопец на сваім месцы, і там ад яго ёсць і будзе болей карысці, чым на фронце цяперашнім або будучым.

Цяпер чытаюць

Плача, але едзе ў Кенію ўслед за мужам: лукашэнкаўскі пул застаўся без адданай супрацоўніцы13

Плача, але едзе ў Кенію ўслед за мужам: лукашэнкаўскі пул застаўся без адданай супрацоўніцы

Усе навіны →
Усе навіны

Боты пад Ціханоўскім змянілі тактыку20

«Народ павінен на гэту ўладу маліцца». Лукашэнка патрабуе, каб пасля арміі хлопцы вярталіся строга на ранейшыя месцы працы37

З 7-га паверха інтэрната гомельскага ВНУ ўпаў студэнт-другакурснік1

У Азербайджане паказалі, як затрымлівалі кіраўнікоў мясцовага філіяла расійскага «Спутніка» ВІДЭА9

На Віцебшчыне вецер абясточыў 39 населеных пунктаў

Украіна пачала вырабляць новыя баявыя робаты «Мурашкі»2

Ізраіль упершыню сур'ёзна разглядае магчымасць заключэння міру з Сірыяй і Ліванам

На полі пад Жодзінам знайшлі горы выкінутай агародніны ФОТАФАКТ4

Гродзенец купіў альбом з фатаграфіямі горада, якім споўнілася сто гадоў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Плача, але едзе ў Кенію ўслед за мужам: лукашэнкаўскі пул застаўся без адданай супрацоўніцы13

Плача, але едзе ў Кенію ўслед за мужам: лукашэнкаўскі пул застаўся без адданай супрацоўніцы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць