Кіно

«Дзеля Лэслі» — фільм, намінаваны на «Оскар», які амаль ніхто не бачыў

Напярэдадні ўручэння амерыканскай кінапрэміі ў цэнтры ўвагі апынулася артхаусная індзідрама пра маці-алкагалічку, якая шукае паратунку, піша WSJ.

Фота: Momentum Pictures / Everett Collection

Калі ў студзені сталі вядомыя намінанты на «Оскар», шмат хто ў Галівудзе здзівіўся, убачыўшы выканаўцу галоўнай ролі ў фільме «Дзеля Лэслі» Андрэа Райзбара ў спісе прэтэндэнтак на найлепшую жаночую ролю, — побач з больш чаканымі імёнамі Аны дэ Армас, Кейт Бланшэт, Мішэль Уільямс і Мішэль Еа.

У параўнанні з іншымі намінаванымі стужкамі, «Дзеля Лэслі» не ўдзельнічала ў штогадовым «піяр-махавіку» «Оскара», што ўключае адмысловыя паказы, сустрэчы з выбарцамі і прасоўванне фільма для шырокай аўдыторыі. У пачатковым пракаце фільм сабраў толькі 27 тысяч даляраў.

Аднак нечакана рэкламнай кампаніяй кінаработы стала тое, што яна трапіла ў «сарафаннае радыё» знакамітасцяў.

Па меры таго, як у мінулым месяцы набліжаўся апошні тэрмін падачы заявак для вылучэння на «Оскар», роля спадарыні Райзбара стала цэнтрам увагі літаральна ў апошнюю хвіліну, калі ёй пачалі даваць неверагодна высокія адзнакі калегі са спісу найлепшых, у тым ліку пераможцы «Оскара» Кейт Уінслет, Шарліз Тэрон і Гвінэт Пэлтроў. На паказах «Дзеля Лэслі» і ў водгуках у сацыяльных сетках яны хвалілі яе акцёрскую ігру як адну з самых выбітных за доўгі час.

«Андрэа павінна выйграць усе існуючыя ўзнагароды і ўсе тыя, што яшчэ не прыдуманыя», — напісала Гвінэт Пэлтроў у інстаграме для членаў Акадэміі і яе 8,2 мільёна падпісчыкаў. Міа Фэроў, Сара Полсан і іншыя гарачыя прыхільнікі стужкі апублікавалі варыянты гэтага паведамлення, уключаючы фразу «маленькі фільм з гіганцкім сэрцам».

«Я мала пішу пра фільмы ці акцёрскую ігру», — пачынае Эдвард Нортан сваё паведамленне ў твітары, прысвечанае ігры Райзбара, якую ён потым апісвае як «цалкам адданую, эмацыйна глыбокую, фізічна пакутлівую» і «пазбаўленую любой перфарматыўнай лухты».

Гэтыя высокія ацэнкі выклікалі трывогу ў кінаакадэміі, якая пачала высвятляць, ці парушалі людзі, блізкія да стваральнікаў фільма, абмежаванні на атрыманне галасоў непасрэдна ад членаў журы. Днямі арганізацыя заявіла, што гэтая тактыка «абмяркоўваецца з адказнымі бакамі наўпрост», але ўсё, што адбываецца, не адменіць намінацыю спадарыні Райзбара.

Ненаўмысны пабочны эфект гэтай шуміхі — у тым, што людзі сапраўды зацікавіліся, што ўяўляе сабой фільм — прэтэндэнт на «паганую авечку».

Фота: Momentum Pictures

Фільм «Дзеля Лэслі» зняў Майкл Морыс, сцэнарый напісаў Раян Бінака. Стужку можна аднесці да жанру свабоднай драмы, якая не прыхарошвае рэальнасць і рухавік якой — цэнтральны персанаж. Такія работы доўгі час былі тыповымі на фестывалях накшталт South by Southwest (SXSW), дзе фільм дэбютаваў у 2022-м. Такія стужкі, арыентаваныя на дарослых, цяжэй прадаць студыям і, як правіла, іх адразу выпускаюць у лічбавым фармаце. На адным з паказаў арганізатарка апісала «Дзеля Лэслі» як «адзін з тых фільмаў, якія выміраюць».

Лэслі — жанчына-адшчапенка ў маленькім мястэчку на захадзе Тэхаса, дзе мясцовыя жыхары ведаюць яе па тым, што яна праматала джэк-пот у латарэю, а таксама па яе няпростых адносінах з сынам. У нейкім сэнсе фільм уяўляе сабой грубы партрэт п'яніцы, у якой ёсць толькі пацёрты ружовы чамадан, што захоўвае рэшткі яе ранейшага жыцця.

Буйныя зоркі раней ужо даследавалі змрочную тэму алкагалізму ў такіх фільмах, як «Пакідаючы Лас-Вегас» (Нікалас Кейдж) і «Зорка нарадзілася» (Брэдлі Купер сярод іншых). Міс Райзбара — англійская актрыса, найбольш вядомая гледачам па артхаусных драмах («Бёрдмэн» Алехандра Гансалеса Ін'ярыту, «Начныя звяры» Тома Форда), авантурных жанравых карцінах («Уладальнік» Брэндана Кронэнберга) і прэстыжных тэлесерыялах («Радавод», «Вака»).

Сярод акцёраў другога плану «Дзеля Лэслі» — Оўэн Ціг, які іграе сына Лэслі Джэймса. Маючы стабільнае жыццё ў іншым горадзе, ён з асцярогай дазваляе сваёй маці застацца ў сваёй кватэры — уз'яднанне, якое непазбежна ідзе наўскасяк.

Знаёмы многім акцёр Стывен Рут іграе байкера па імені Дач — ён бярэ Лэслі да сябе насуперак жаданню іншай былой сяброўкі, Нэнсі, якую са сталёвай насмешкай іграе Элісан Джэні.

Марк Маран, што дапамог прыцягнуць увагу да «Дзелі Лэслі», узяўшы інтэрв'ю ў спадарыні Райзбара ў сваім падкасце WTF, выконвае яшчэ адну з галоўных роляў — Суіні, добрасардэчнага мясцовага жыхара, уладальніка таннага матэля. Суіні ідзе супраць здаровага сэнсу, калі прапаноўвае Лэслі працу — прыбіраць пакоі. Падчас размоў за вячэрамі, разагрэтымі ў мікрахвалёўцы, паміж імі нараджаецца асцярожны давер, аднак для Лэслі гэта цяжкі час прымірэння са сваёй залежнасцю.

Хонкі-тонк песні Долі Партан, Джорджа Джонса і Уэйлана Джэнінгса суправаджаюць акцёрскую ігру Райзбара, у тым ліку ў мясцовым бары, дзе разгортваюцца самыя непрадказальныя сцэны. Перад закрыццём бара паведамленне песні Вілі Нэльсана адлюстроўваецца на твары Лэслі з кожным радком, у тым ліку: «Вы ўпэўненыя, што гэта — тое месца, дзе вы хочаце быць?»

Лірыка сведчыць пра зрух да выратавання для Лэслі, але гэтае выратаванне не будзе лёгкім.

Каментары

Цяпер чытаюць

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў9

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

«Грузія закрываецца». Гутарка з беларусам, які пасля візарану захрас у Арменіі1

Каму першым адключаць гарачую ваду ў Мінску? Спіс

Параўналі цэны на аўтамабілі беларускай і расійскай вытворчасці ў Беларусі і Расіі. Розніца вас здзівіць1

«Сёмая ДНК-экспертыза пацвердзіла: Аляксей з беларускай вёскі Рымуцеўцы — бацька Ханса». Як нарвежац знайшоў бацьку-беларуса праз 78 гадоў7

Украінскія беспілотнікі атакавалі Маскву, Новамаскоўcк і Тулу

Беларускі блогер, якога летась затрымлівалі за прыколы, разам з сябрам ідзе пешшу з Мінска ў Маскву2

Амаль 10 гадоў таму ў Беларусі грымела «справа сямнаццаці». Як далей склаўся лёс яе фігурантаў-сілавікоў?2

«Чыстая выпадковасць»: геній іранскага кіно зняў фільм пра былых палітзняволеных, якія атрымалі магчымасць адпомсціць7

«Пацукі, блохі, смецце, а ЖЭУ рапартуе, што ўсё прыбрана». Жыхары Жодзіна абураныя, што мусілі самі ачышчаць падвал2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў9

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць