На Netflix выйшаў другі сезон польскага серыяла пра шляхту «1670». Гэтая сатыра вам спадабаецца
Netflix прадставіў другі сезон свайго хіта з Польшчы «1670». Гісторыя хітрага шляхціца Яна Паўла, яго сям’і і іх вёскі Адамчыха атрымала працяг — будзе яшчэ больш смела.

Польскі серыял «1670» выйшаў на экраны ў снежні 2023 года. Рэжысёры Мацей Бухвальд і Кардыян Кандзела схавалі ў рэаліі Рэчы Паспалітай сатыру на сучасны свет. Атрымалася так дасціпна, што серыял набыў папулярнасць нават у заходніх краінах накшталт ЗША і Брытаніі, не кажучы пра саму Польшчу.
Гэтую гісторыю знялі ў жанры мак’юментары, то-бок гэта спроба імітаваць дакументальны серыял — але так, каб вы дакладна разумелі, што нічога дакументальнага ў ім няма. І тым не менш персанажы маюць поўную свабоду выказваць свае думкі на камеру, як гэта і было б у сапраўднай дакументалістыцы.
У цэнтры ўвагі польская вёска Адамчыха і шляхціч Ян Павел Адамчэўскі, які валодае часткай вёскі. У Адамчэўскага вялікая сям'я. Перш за ўсё, жыццё з ім дзеліць яго жонка Зоф'я, заўзятая верніца і аскетка з непранікальным тварам.
Пара мае трое дзяцей. Гэта старэйшы сын Станіслаў, які мусіў быць надзеяй Яна Паўла, але вырас гультаем, і малодшы сын Якуб — калі цытаваць яго бацьку, Якуб «будуе кар'еру ў карпарацыі» (насамрэч ён каталіцкі святар). Ёсць яшчэ і дачка Анэля, дзяўчына прасунутых поглядаў, якая ў 17‑м стагоддзі спакойна ходзіць па вёсцы ў штанах і мае такі рэзкі язык, што лепш яе не злаваць.
Ёсць яшчэ праваслаўны ліцвін Мацей, закаханы ў Анэлю. І Багдан, ягоны сусед па свірне і брат Зоф'і, бадзяжны гусар, для якога не знайшлося лепшага жылля.
Настрой серыялу шмат у чым задае Ян Павел Адамчэўскі. Гэты шляхціч, які марыць стаць найслаўнейшай асобай у Польшчы, можа падацца не вельмі разумным і занадта фанабэрыстым. Але ў той жа час ён харызматычны і добры, і без яго яркія жыхары Адамчыхі, здаецца, так і не выглядалі б цэльнай супольнасцю.
«1670» можа пахваліцца неблагімі рэйтынгамі. На ўплывовай платформе IMDb серыял мае адзнаку 7,9 бала з 10 магчымых. За першыя пяць дзён паказу ў Германіі серыял паглядзелі ці пачалі глядзець амаль 515 тысяч карыстальнікаў Netflix. У Брытаніі за гэты ж час да серыяла дабраліся 253 тысячы гледачоў, а ў ЗША гісторыяй шляхціча Адамчэўскага зацікавіліся 806 тысяч абанентаў Netflix.
Гэты польскі хіт не мог не мець працягу. 17 верасня выйшаў другі сезон «1670», але і гэта не канец, серыял загадзя падоўжылі і на трэці сезон.

Другі сезон яшчэ смялейшы за папярэдні. У першай жа серыі стваральнікі пераходзяць з падзей у Адамчысе на міжнародны ўзровень, бо сям’я Адамчэўскіх выпраўляецца на адпачынак у Турцыю — ці, як тады называлася краіна, у Асманскую імперыю. Там яны сустракаюць гетмана Яна Сабескага: такое ж імя насіў кароль Рэчы Паспалітай, які ў 1683‑м выратаваў Вену, абложаную турэцкімі войскамі.
Але гэта адсылка не толькі да той кампаніі, але і да звычкі палякаў ездзіць у адпачынак у Турцыю — маўляў, у 17‑м стагоддзі было тое ж самае, толькі алкаголь тады трэба было ўжываць асцярожней, бо за гэта можна было развітацца з жыццём.
Дарэчы, высмейваюць тут не толькі адпачынкі ў Турцыі. Вы знойдзеце багата адсылак да сучаснасці: у серыяльным 17‑м стагоддзі, напрыклад, нават ладзяць нешта накшталт псіхатэрапіі і гуляюць у азартныя гульні, у тым ліку ў покер, якога тады і блізка не існавала.
Пасля адпачынку сям’я вернецца ў Адамчыху. І зноў іх чакае насычанае жыццё. Тры серыі з васьмі будуць звязаныя з традыцыйнай культурай: гэта серыі «Купальская ноч», «Дажынкі» і яшчэ адзін эпізод, «Чараўніцтва», дзе абяцаюць лясную німфу і вядзьмарку. Будзе яшчэ адно падарожжа ў дадатак да «асманскай» серыі — за гэта адкажа эпізод «Кракаў».

Тэма Дажынак праходзіць праз увесь сезон. Праз збег абставінаў Ян Павел вымушаны арганізоўваць у Адамчысе каралеўскія Дажынкі, прытым што зусім не мае для гэтага сродкаў. Але ці дасць яму ягоная фанабэрыстасць адмовіцца ад такой прапановы?
Новы сезон не прыносіць у гісторыю Адамчыхі нічога кардынальна новага, і таму некаторых фанатаў ён расчараваў. Але ён зроблены гэтак жа таленавіта і якасна, як і першы, ды яшчэ даследуе новыя бакі сусвету «1670» — напрыклад, новыя традыцыі, легенды і геаграфічныя мясціны.
Асалода, якую не варта прапускаць.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары