Грамадства66

Як склалася ў эміграцыі жыццё 22‑гадовай «тэрарысткі» Дануты Перадні, якую вызвалілі па памілаванні

Студэнтку-выдатніцу філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дануту Перадню затрымалі амаль адразу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне — 28 лютага 2022 года. Рэпост антываеннай публікацыі ў адным з магілёўскіх чатаў, дзе крытыкаваліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі і заклікалася да вулічных выступленняў, каштаваў ёй жорсткага прысуду ў 6,5 года зняволення, адлічэння з ВНУ і статусу «тэрарысткі».

22‑гадовая «тэрарыстка» прабыла за кратамі амаль тры гады — дзяўчыну вызвалілі ў канцы 2024 года па памілаванні. Цяпер Данута жыве ў Польшчы і плануе зноў пайсці вучыцца, каб нагнаць адабраныя студэнцкія гады. Сябры Дануты распавялі «Нашай Ніве», як яна перажыла несувымернае яе дзеянням пакаранне.

Данута Перадня нарадзілася ў Кіраўску. Дзяўчыне інкрымінавалі два артыкулы Крымінальнага кодэкса — ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) і ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі). На фота Дана сёння. Крыніца: vk.com

Першы час пасля затрымання, перастрэсаваўшы, Данута зусім нічога не магла есці.

«Яна расказвала, што хоць у ІЧУ кармілі прымальна, але ёй проста кавалак у горла не лез. А вось з вадой былі праблемы: у камеры не працаваў кран, і ў яе не было магчымасці піць. Потым яна дадаткова стрэсанула ў Гомельскім СІЗА — яе там на нейкі час пакінулі ў бетоннай транзітнай камеры з жалезнымі нарамі, на якіх немагчыма было спаць. Але яна не магла спаць не толькі па гэтай прычыне: да Дануты падсялілі фанатычную жанчыну, якая начамі сабе нешта нашэптвала, хадзіла па камеры, малявала нібыта нейкія крыжы на сценах.

А адзін раз яна павысіла голас на Дануту за тое, што тая паставіла кубак на стол. Маўляў, стол заўсёды павінен быць чыстым, бо гэта «далонь Бога» — Данута казала, што гэта яе вельмі моцна пужала, яна не ведала, чаго чакаць ад сукамерніцы».

Яшчэ дзяўчыну негатыўна ўразіў эпізод з Бабруйскага СІЗА.

«Там была такая сітуацыя, што з іх камеры недзе за 10 хвілін да адбою забралі дзяўчыну і прывялі назад праз паўгадзіны абсалютна лысую. Данута расказвала, што разумела, што яе пагалілі, таму што ў той былі вошы, якіх інакш ніхто не збіраўся апрацоўваць, але потым ёй гэтая карцінка пастаянна снілася і прымушала дрыжаць: падрапанае СІЗА, важкія, грукотныя жалезныя дзверы і лысая галава ў іх пройме».

Вялікую частку тэрміну Данута якраз прасядзела ў Бабруйску, пры гэтым палітычных там амаль не было — Дана перасеклася толькі з дзвюма жанчынамі пенсійнага ўзросту.

«Яна казала, што жанчыны тыя былі ў дрэнным эмацыйным стане, з негатыўнымі думкамі, перажывалі за сваю сям’ю, унукаў… Дане хоць самой было цяжка — пасля агучвання прысуду, як яна апісвала, ёй проста хацелася ўпасці на падлогу і больш не падымацца ніколі, — але яна імкнулася падтрымліваць гэтых пенсіянерак, быць ім апорай. Сукамерніцы яшчэ тады адзначылі, што Дана як сонейка, якое проста не можа патухнуць. Яна сапраўды ў многіх з сонцам асацыюецца».

Пасля этапу ў Гомельскую жаночую калонію Дануту паставілі працаваць у цэх раскрою тканіны.

«Яна працавала на піле — кроіла тканіну. Піла там ручная, вельмі шмат важыць. Плюс пастаянна трэба было быць на нагах — карацей, праца складаная фізічна была».

Дана таксама расказала сябрам пра лісты — амаль нічога не ад сваякоў ёй не дайшло. Часам здаралася, што і ад родных аддавалі толькі самы канец ліста.

Дана да затрымання

Напісаць прашэнне на памілаванне Дануце прапанавалі за паўтара месяца да таго, як яе адпусцілі.

«Дана радавалася свабодзе, канечне. Але ёй было вельмі сумна ад таго, што вось яна выйшла, сакурснікі скончылі ўніверсітэт, працуюць, у іх нібыта наладжаны побыт, а ёй невядома куды кідацца і за што хапацца. Адзіны плюс зняволення для Дануты, як яна казала: яна навучылася казаць «не» і сустрэла шмат добрых людзей, з якімі сябруе і зараз».

Дана плануе паступіць за мяжой ва ўніверсітэт. Пакуль вучыць польскую мову, у яе ёсць магчымасць выбраць паміж блізкімі ёй варыянтамі: працягнуць далей вучыць філалогію, пайсці на ветэрынара ці ў харэографы.

«Дана таксама вельмі любіць нешта сваімі рукамі майстраваць. Памятаю, яна нейкі час стварала з лямпачак араматызатары: даставала цокаль, унутры афармляла лаванду, іншыя сухія кветкі, дадавала туды аромаалеі. Так што не выключана, што яна будзе развіваць і свае такія хобі, як будзе вольны час», — разважае суразмоўца.

«Таксама па ёй відаць, што яна моцна сумуе па Беларусі. Яна казала, што ёй сніцца яе побыт на радзіме, але яна радая быць на волі».

Каментары6

  • Лямпачка
    20.09.2025
    Дарагая Данута! Светлая, мужная дзяўчына! Вельмі прыкра, што табе давялося прайсці праз усё гэта. Але не азірайся на былых аднакурснікаў! Мяне адлічылі за палітыку на 20 год раней. Не пасадзілі, але ў 20 адлічэнне х універсітэта выглядала канцом свету, ганібай, правінай перад бацькамі. Давялося ехаць вучыцца за мяжу. Зараз я думаю, што Бог вывеў мяне з Егіпту. Маю добрую адукацыю, добрую працу, добрую сям’ю і добры пашпарт. Маю ўласны дом і магчымасці для дзяцей. Маю сродкі падтрымліваць бацькоў. Маю магчымасці адпачываць ля акмяна. Каб не тая гісторыя з адлічэннем - не было б і гэтага. А аднагрупнікі... Многія па-сёння не маюць ўласнага жытла, многія адпачываюць не на моры, а на агародзе. Гляджу фота дзяцей у інсце з беларускіх школ, уяўляю, што мае выхоўваліся б такім жа чынам... Ні пра што не шкадую! (Хіба толькі пра тое, што каб ні гэты лысы чорт, я магла б месць тое ж самае, толькі на Радзіме!)
  • Найперш не галасі!
    20.09.2025
    Лямпачка, вось пра тое што ў дужках усе і шкадуюць.
    Беларускі патрыятызм нават самы нягучны, маўклівы вельмі да месца прывязаны.
    Як яшчэ пісаў Скарына, "где родились и вскормлены суть по бозе к тому месту великую ласку имають". К тому месту.
  • цыкада
    20.09.2025
    это помилование - как попытка смыть кровь дождём, который агрофюрер и прикорытные чудовища сами вызвал из наших слёз

Цяпер чытаюць

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Усе навіны →
Усе навіны

У манастыр Наталля Пяткевіч падабрала да хустачкі французскае паліто17

У Падмаскоўі загінуў кіраўнік кампаніі-пастаўшчыка кампазітных матэрыялаў для МС-21 і паранены будаўнік касмічнага цэнтра, адкрытага Пуціным3

Кібератака паралізавала працу аэрапортаў па ўсёй Еўропе2

У Траецкім прадмесці Мінска прадаецца кватэра плошчай 118 квадратаў1

Як склалася ў эміграцыі жыццё 22‑гадовай «тэрарысткі» Дануты Перадні, якую вызвалілі па памілаванні6

Саудаўская Аравія ў рамках абароннага саюза з Пакістанам можа атрымаць доступ да ядзернай зброі

Моніка Белучы і Цім Бёртан разарвалі адносіны1

Каскадзёры скакалі з самага высокага будынка Мінска2

Чмякаюць, сёрбаюць і ліжуць пальцы: хто з беларусаў падняўся на мукбангу10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць