Грамадства11

Дачка і муж памерлай беларускай дызайнеркі прадоўжылі яе справу ў Варшаве

Яны развіваюць брэнд вясельных сукенак.

Ганна Краснер з дачкой Марыяй. Фота з асабістага архіва Марыі

Марыя Краснер — 20-гадовая студэнтка, якая вучыцца на IT-менеджарку ў Польшчы. Маці Марыі — Ганна Краснер — была дызайнеркай-канструктаркай беларускіх вясельных сукенак, а таксама ўладальніцай шлюбнага салона ў Віцебску. У 2023 годзе, ужо ў эміграцыі, жанчына пайшла з жыцця. Гэтая падзея шакавала сям’ю. У памяць пра маці і жонку Марыя з бацькам вырашылі працягваць яе справу — заснавалі ў Польшчы брэнд вясельных сукенак Krasner. Пра маці, пераезд у Польшчу, заснаванне брэнда і яго развіццё Марыя расказала MOST.

«Праходзіла шлях ад дзяўчынкі з вёскі да дызайнеркі з сусветным імем»

Ганна Краснер працавала каструктаркай адзення на заводзе, а пасля — шыла вясельныя сукенкі па найме.

— У 2010 годзе, пасля нараджэння майго малодшага брата, маці вырашыла, што больш не хоча працаваць на «цёцю» ці «дзядзю», і на грошы, якія ім з бацькам падарылі на вяселле, закупілася тканінай. У той час мы жылі ў інтэрнаце ад бацькавай працы — ён быў настаўнікам у віцебскім універсітэце — і менавіта туды да маці пачалі прыходзіць [першыя кліенты], — расказвае Марыя.

Targi ślubne w Warszawie. Фота з асабістага архіва Марыі Краснер

Прыкладна ў 2013 годзе сяброўка сям’і прапанавала Ганне пераехаць у свабодны пакой сваёй трохпакаёвай кватэры. Яна прыняла прапанову і цягам наступных пяці гадоў ладзіла там сваю маленькую студыю вясельных сукенак. А ў 2018 годзе зняла памяшканне ў гістарычным цэнтры Віцебска, зрабіла там рамонт і адкрыла студыю — «сваё асабістае месца сілы».

Са сваімі працамі дызайнерка прымала ўдзел у шматлікіх конкурсах: Paris fashion week, Milan fashion week, Moscow fashion week і выйгравала некаторыя з іх. Наколькі вядома Марыі, у яе маці былі падпісаныя ўмовы з Vogue Paris.

— Пры гэтым маці была вельмі сціплая. Але было вельмі цікава назіраць за тым, як яна праходзіла шлях ад дзяўчынкі з вёскі да дызайнеркі з сусветным імем.

— Да 2020 года ўсё было добра. Потым пачаўся ковід, і колькасць замоў скарацілася. А за ім — пратэсты ў Беларусі. У той час маці казала, што ў яе знікае жаданне тварыць і што ўвогуле большасць людзей зараз не жэняцца, бо гэта — свята на касцях, — успамінае Марыя.

«Было відаць, што яна зноў гарыць сваёй справай»

У 2021 годзе сям’я пераехала ў Польшчу. Там бацьку Марыі зрабілі добрую прапанову па працы — зараз ён менеджар у IT. Тут да Ганны адразу пачалі звяртацца па пашыў сукенак, але яна вырашыла, што пакуль не хоча гэтым займацца. У свае 42 гады яна пайшла вучыцца на тэсціроўшчыцу, а паралельна вучыла англійскую мову. У 2022 годзе жанчына выйшла на працу.

У верасні 2023 года ёй паступіла прапанова паўдзельнічаць у шлюбным кірмашы ў Варшаве (Targi ślubne) — гэта мерапрыемства, якое аб’ядноўвае пад адным дахам ад 100 да 300 экспанентаў, якія прапаноўваюць разнастайныя вясельныя паслугі.

Сукенка Krasner. Фота з каталога брэнду

— Яна вырашыла вярнуцца да справы свайго жыцця і за месяц стварыла калекцыю вясельных сукенак, — расказвае Марыя. — Было вельмі прыемна, што на кірмашы палякі падыходзілі і казалі: «Ваў, як крута, як класна!» Яе гэта вельмі натхняла. Было відаць, што яна зноў гарыць сваёй справай.

«Усё адбылося па пстрычцы пальцаў»

Праз два з паловай тыдні пасля ўдзелу ў кірмашы, 5 лістапада, Ганна памерла.

— Бывае, людзі хварэюць, і [сваякі] могуць псіхалагічна падрыхтавацца да таго, што чалавек можа памерці. У маёй жа маці развівалася анеўрызма ў мозгу, і ўсё адбылося па пстрычцы пальцаў. І гэта вельмі фруструе. Нават зараз.

«Нават калі справа прагарыць, гэта будзе лепш, чым усё проста скончыцца»

— Ідэя працягваць працу маці — не мая. У першыя некалькі тыдняў пасля смерці маці бацька спаў у маім пакоі, бо частка гэтага пакоя была ператвораная ў маміну майстэрню. Там стаяла яе швейная машынка і ўсе дробязі, віселі вясельныя сукенкі. Падчас чарговай размовы бацька сказаў, што было б добра працягнуць маміну справу. І нават калі гэтая справа прагарыць, гэта будзе лепш, чым усё проста скончыцца з мамінай смерцю.

Сям’я падзялілася думкай са знаёмай, якая займаецца брэндамі адзення ў Варшаве. Праўда, вясельнымі сукенкамі яна ніколі раней не займалася, але пагадзілася паспрабаваць. Акрамя гэтага, сям’я звярнулася ў кампанію, якая дапамагла зарэгістраваць ІП на імя Марыі.

Зараз у камандзе шэсць чалавек. Акрамя Ганны і яе бацькі працуюць маркетолаг, спецыялістка па камунікацыях у інстаграме, спецыялістка па тэхнічнай частцы — яна дапамагла звязацца са швейным цэхам, зрабіць 3D-мадэлі сукенак, якія Ганна шыла ў Польшчы, і рэканструяваць іх пад памеры любой кліенткі. Яшчэ адзін член каманды займаецца стылізацыяй сукенак, а ў будучыні будзе весці камунікацыю з кліентамі і праводзіць прымеркі.

— Дарэчы, яна замаўляла шлюбную сукенку ў маёй маці ў 2023 годзе, і апынулася так, што яны пасябравалі. А муж гэтай дзяўчынкі — калега майго бацькі. Калі яна даведалася, што пасля смерці маці мы збіраемся працягваць справу, — захацела нам дапамагчы.

На аўтсорсе ў Марыі таксама ёсць бухгалтарка і юрыстка.

Што прапаноўвае брэнд і колькі гэта каштуе

Зараз можна купіць вясельныя сукенкі, аксесуары да іх, накідкі і пеньюары. Сярэдні кошт сукенкі з улікам індывідуальнага пашыву, прымеркі і гарантыі складае 6-7 тыс. злотых.

— Асаблівасць нашых сукенак у тым, што ўсе яны зробленыя з любоўю. Уся наша каманда пранікнутая ідэяй «Сукенкі як мастацтва» і адданая сваёй справе. І калі маці была з намі, і пасля яе смерці мы атрымлівалі шмат паведамленняў, што дзяўчаты мараць мець шлюбную сукенку ад маёй маці. І зараз у нас ёсць магчымасць гэтую мару здзейсніць.

Марыя Краснер у сукенцы, пашытай яе маці. Фота з асабістага архіва Марыі

Праз шэсць месяцаў працы над брэндам каманда мае дзевяць мадэлей сукенак. Яны таксама бралі ўдзел у здымках для Canon. Увесь гэты час сям’я інвеставала ў брэнд і не атрымлівала прыбытку. А першыя заказы з’явіліся зусім нядаўна.

— 31 жніўня наш малады брэнд будзе ўдзельнічаць у Першым беларускім фестывалі моды і прыгажосці ў Варшаве. Там мы спачатку прэзентуем яго на канферэнцыі, а потым у межах паказу прадэманструем некалькіх нашых сукенак. У якасці адной з мадэлей буду я, — дзеліцца планамі Марыя. — Зараз у нас ёсць вялікія амбіцыі і адданасць справе, дзякуючы якім, думаю, у нас усё атрымаецца.

Каментары1

  • каркуша
    26.08.2024
    Пусть все получается!!!!!!
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Усе навіны →
Усе навіны

Сяргей Ціханоўскі прыедзе на фэст «Тутака» на Падляшшы10

Bild публікуе «сакрэтны спіс» зброі, якую Украіна просіць у Германіі6

У 2026 годзе беларусы будуць адпачываць меней, чым у гэтым годзе

Ціханоўская — Трампу: Лукашэнку трэба пакараць, а не заахвочваць40

Пажар у Пухавіцкім раёне, дзе загінулі ўнучка і бабуля, быў выкліканы падпалам1

Беларус знайшоў рэдкую манету. За яе даюць ужо 18 тысяч рублёў, але таргі працягваюцца6

22-гадовы каліновец Ціхан «Франц» Клюкач атрымаў кантузію3

25 гадоў таму быў выкрадзены тэлеаператар Дзмітрый Завадскі1

У Віцебску асвоілі будаўніцтва тэхнічнага флота: зрабілі ўласны цеплаход4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў4

На вайне ва Украіне загінуў былы дырэктар двух аршанскіх заводаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць