Экс-мэр Сочы збег ад крымінальных спраў на вайну ва Украіну. Яго затрымалі ў «ЛНР» і вярнулі
У экс-мэра знайшлі 12 зямельных участкаў, раскошны катэдж, кватэру плошчай 300 м2, дзевяць нежылых будынкаў і тры машыны.

У самаабвешчанай «Луганскай Народнай Рэспубліцы» затрымалі былога мэра Сочы Аляксея Капайгародскага, які з'ехаў добраахвотнікам на вайну з Украінай пасля сваёй адстаўкі чатыры месяцы таму. Капайгародскага ўжо этапавалі ў Маскву, у дачыненні да яго вядуцца следчыя дзеянні, піша Moscow Times.
Паводле папярэдніх звестак, экс-мэра падазраюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і махлярстве. Паводле звестак праўладных тэлеграм-каналаў, Капайгародскі быў замяшаны ў адмыванні больш за 600 млн расійскіх рублёў на ліпавых дзяржкантрактах разам з намеснікам начальніка ГУ МНС Расіі Краснадарскага краю Сяргеем Сіманенкам, якога затрымалі раней.
Таксама прозвішча Капайгародскага фігуравала ў справе яго дарадцы Рамана Пішчура, западозранага ва ўдзеле ў АЗГ, якая вымагала грошы за месцы на гарадскіх могілках.
Паводле інфармацыі Mash, дома ў Капайгародскага прайшлі ператрусы.
У экс-мэра знайшлі 12 зямельных участкаў, раскошны катэдж, кватэру плошчай 300 м2, дзевяць нежылых будынкаў і тры машыны: Land Rover, Mercedes-Benz, Hyundai Santa Fe.
Амаль усю нерухомасць агульным коштам больш за 1 млрд расійскіх рублёў (каля 10 млн даляраў) ён аформіў дзяцей і жонку Настассю Грыдзіну, якую выклікалі на допыт у Следчы камітэт.
Каментары