Грамадства1414

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім

У 2020 годзе дзяржаўныя СМІ апісвалі прыгожую гісторыю: браты-блізняты вырашылі звязаць свой лёс з міліцыяй, каб дапамагаць людзям. «За тры месяцы ў іх 18 раскрытых злачынстваў на дваіх», — хвалілася прапаганда. Праз два гады адзін з іх — Антон Пракапенка — будзе пераплываць рэчку, каб збегчы ад сваіх абавязкаў у крымінальным вышуку, а яго брат Аляксей застанецца працаваць на пасадзе ўчастковага.

Антон (злева) і яго брат Аляксей напярэдадні выпуску з магілёўскага інстытута МУС. Фота: sb.by

«Наша Ніва» пагутарыла з 24-гадовым Антонам Пракапенкам аб працы ў міліцыі пасля 2020-га, праслухоўванне актывістаў, рызыкоўныя ўцёкі з Беларусі, прызнанне пагрозай нацбяспекі ў Літве, адносіны з сям’ёй, а таксама пра тое, як трэба рэфармаваць сістэму МУС.

«Аднакурснікі выхваляліся: «Я дзесяць чалавек у аўтазак закінуў, а я пяць!»

І Антон, і яго брат пайшлі ў магілёўскі інстытут МУС пасля кадэцкага вучылішча. Вырашылі трымацца адзін аднаго, бо так прасцей пераадольваць любыя складанасці. Да трэцяга курса навучанне і практыкі ішлі досыць роўна, іх хвалілі і рэкамендавалі для інтэрв’ю ў СМІ як узорных будучых афіцэраў, але здарыўся 2020 год.

«У жніўні ў нас была запланаваная чарговая практыка, але замест таго, каб паехаць у РАУС, мы засталіся ў інстытуце. Не дзеля навучання — наш курс быў сярод тых, каго адпраўлялі на пратэсты.

Найперш у нашу задачу ўваходзіла ахова грамадскай бяспекі — мы стаялі ў счэпцы каля гарвыканкама, а таксама хадзілі па цэнтры, «выціскаючы» адтуль пратэстоўцаў. Выбару ці магчымасці адмовіцца ў нас не было. Кожны разумеў, што будуць наступствы».

Антон кажа, што затое ён сваімі вачыма пабачыў міліцэйскае беззаконне і загады затрымліваць людзей на пустым месцы.

«Было такое, што чалавек стаяў на прыпынку, а начальнік даваў распараджэнне яго затрымаць. І сакурснікі зрываліся, беглі навыперадкі, хто хутчэй яго ў аўтазак запхне. У мяне з гэтым была адна асацыяцыя: шалёныя сабакі, якіх адвязалі, і яны пабеглі, самі не разумеючы, што робяць. Калі мы вярталіся ў інстытут потым, аднакурснікі выхваляліся: «Я дзесяць чалавек у аўтазак закінуў, а я пяць!» Я, канечне, быў у шоку, бо ў мяне не было жадання ў такіх рэчах канкураваць. Потым яшчэ казалі, што ў міліцыю кідалі бутэлькі там, яшчэ нешта, маўляў, таму такі адказ. Але там, дзе я прысутнічаў, такога не пабачыў».

Сам Антон, па яго словах, дзякуючы свайму атачэнню ўжо з 2015 года разбіраўся ў палітыцы і на свае першыя ў жыцці выбары прыйшоў з асэнсаваннем, што за Лукашэнку галасаваць дакладна не будзе.

«Канечне, перад самымі выбарамі нас збірала кіраўніцтва і прамывала мазгі, «што трэба галасаваць за Бацьку». Падчас навучання нас часта збіралі ў актавай залі і расказвалі, які Лукашэнка малайчына. Але ў мяне на той момант быў ужо сфармаваны светапогляд і разуменне, што адбываецца вакол, таму на мяне гэта не дзейнічала. Хаця я заўважаў, што на многіх, хто палітыкай ніяк не цікавіўся, такія выступы ўплывалі. Калі ў чалавека няма свайго меркавання, то лёгка трапіць пад любы ўплыў».

У магілёўскіх пратэстах удзельнічалі сябры Антона, і ён стараўся ім дапамагаць, чым мог: дасылаў інфармацыю, дзе плануецца размяшчэнне міліцыі і ў якой колькасці. Некалькі з блізкіх Антону людзей пацярпелі ад сілавікоў: адзін быў моцна збіты пры вобшуку губазікаўцамі.

«Пасля ўсяго гэтага хацелася звольніцца, але я вырашыў: вось давучуся спачатку… Была яшчэ надзея, што, можа, нешта ў Беларусі зменіцца».

«Раз на квартал даручалі ставіць людзей на праслухоўванне»

Антон скончыў інстытут у 2021 годзе і ўладкаваўся ў крымінальны вышук у Кастрычніцкі РАУС Магілёва, дзе яны з братам да гэтага праходзілі практыку. Акрамя раскрыцця крадзяжоў, рабаванняў, кібермахлярства і забойстваў, хлопцу амаль адразу сталі даручаць палітычныя кейсы.

«У асноўным такія матэрыялы праверак даставаліся ГУБАЗіКу. Але надалей начальства настойвала на тым, каб у РАУС былі і свае паказчыкі. Прыходзілі даручэнні, напрыклад, правесці ў актывістаў вобшукі ці агляд мабільных тэлефонаў. Як выглядала: ёсць нейкая справа, нам выпісваюць гэтае даручэнне. У кожнага аператыўніка свая мікразона, і калі атрымлівалася, што на маёй тэрыторыі жыве актывіст, я ім займаўся.

Звычайна я прыязджаў да людзей і адразу казаў, каб не перажывалі. Бо я свой. І мы пасядзім, паразмаўляем, складзем паперы, а потым я пішу рапарт-адпіску, што нічога не знайшоў».

Раз на квартал, расказвае Антон, ім даручалі ставіць пэўных беларусаў на праслухоўванне — звычайна гэта былі людзі, якія раней прыцягваліся да адказнасці праз палітычны актывізм ці недзе засвяціліся.

«Па ўнутраных правілах ты хаця б раз на тры дні павінен быў слухаць размовы чалавека. У нас для гэтага была спецыяльная праграма на камп’ютары. Мы атрымлівалі ў пракурора санкцыю і запаўнялі дакументы для Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС — адтуль нам тэлефанавалі і казалі логін і пароль, якія мы ўводзілі ў праграму — для кожнага чалавека ён быў свой (то бок, самі мы праслухаць па сваім жаданні нікога не маглі). У адмысловы сакрэтны нататнік ты пасля мусіў запісваць пачутыя звесткі, кантакты — з кім там чалавек размаўляў.

Калі шчыра, я амаль нічога не слухаў — проста раз на тры дні рабіў выгляд. Па-першае, не хацелася губляць на гэта час, бо працы і так было шмат. Па-другое, калі ты сапраўды нешта пачуеш, то гэта ж, выходзіць, чалавека трэба прыцягнуць да адказнасці — па вялікім рахунку, ні за што. Пры гэтым сваім сябрам і знаёмым я пастаянна даводзіў, каб яны ў чатах ці недзе яшчэ папярэджвалі людзей, што раз у квартал праводзяцца такія мерапрыемствы, каб тыя былі акуратныя».

Антон сёння. Фота з асабістага архіва

Ваўкі, рэчка ўплаў і вышук на радзіме

У 2022 годзе Антон ужо як год працаваў у міліцыі оперупаўнаважаным, меў званне старэйшага лейтэнанта.

«Аднаго дня начальнік сказаў мне: неяк у цябе не выходзіць па палітычных справах. Усе твае калегі нешта раскрываюць, знаходзяць, а ў цябе нічога. Плюс неяк мяне ўжо хацелі па гэтай жа прычыне пазбавіць прэміі (апошні заробак Антона ў міліцыі склаў 1600 рублёў — НН). Пасля гэтай размовы я зразумеў, што наступствы для мяне — справа часу. Агулам было адчуванне нібыта сядзіш на парахавой бочцы і не ведаеш, калі яна выбухне. Я задумаўся, што варта выязджаць.

Калі глядзеў на сваіх калег, на тое, як яны да ўсяго ставіліся, я баяўся стаць такім жа. А калі заставацца працаваць, то ў любым выпадку сістэма б прымусіла выконваць загады».

Цягам месяца Антон рыхтаваўся да пераходу мяжы — збіраў рэчы, прадумваў маршрут — вырашыў рабіць усё сам, не сказаўшы пра свой намер нават самым блізкім.

«Я запланаваў усё на выходныя, але раптоўна мяне з пятніцы на суботу паставілі на суткі. Падумаў: добра, якраз з сутак будзе адсыпны і паеду ў нядзелю. Змяніўся, узяў заплечнік і торбу, паехаў да Мінска, потым да Браслава і адтуль да мяжы на таксі. Планаваў, што ўсё атрымаецца хутка, але там была балоцістая мясцовасць — прыйшлося абыходзіць вакол.

Акрамя таго, я сустрэў ваўкоў. Спачатку падумаў, што сабакі равуць, але побач не было населеных пунктаў. Таму я перастрахаваўся і залез на дрэва, чакаў недзе паўгадзіны, пакуль яны адыдуць. Было вельмі страшна. Другі раз было страшна, калі пераплываў рэчку: у мяне не было ратавальнай камізэлькі. Гэта я нешта не прадугледзеў, а торбы цягнулі ўніз. А потым я ўвогуле зачапіўся барсеткай за адну з рыбацкіх сетак — мне прыйшлося яе зняць, бо я не мог распутацца.

Ад памежнікаў пасля даведаўся, што там вакол часта ставяць рыбацкія сеткі — я выйшаў да бліжэйшай вёскі і там ужо папрасіў, каб мясцовыя звязаліся з памежнікамі».

Амаль тры дні Антон правёў у заставе, даючы інтэрв’ю прадстаўнікам міграцыі і дзяржбяспекі Літвы. Пасля гэтага яго перавялі ў лагер для бежанцаў.

«Мяне многія пыталі, навошта гэтыя складанасці, чаму я проста не звольніўся. Але я баяўся, што проста так не адпусцяць. Пачнуцца праверкі, капаць будуць пад мяне і нешта знойдуць», — прызнаецца суразмоўца.

«Брат працягваў працу ў міліцыі ўчастковым, цяпер мы не камунікуем»

З улікам таго, што Антон не паведаміў пра свой ад’езд нават бацьку і сябрам, яго абвесцілі ў вышук. Некалькі дзён абвестка пра пошукі 22-гадовага магілёўца, які пайшоў з дому ў невядомым кірунку і знік, распаўсюджвалася па мясцовых пабліках.

«Потым мне расказалі, што з міліцыі прыходзілі і да нас у кватэру, і на лецішча, апытвалі сяброў наконт мяне», — расказвае Антон. «Але больш я нічога не ведаю, бо не камунікую з таго часу ні з братам, ні з бацькам, ні з сябрамі, каб нікога не падстаўляць».

На момант ад’езду Антона яго брат працягваў працу ў міліцыі ўчастковым.

«Сёння я не ведаю, кім ён працуе. Я сам вырашыў з ім нават не звязвацца для бяспекі абодвух. Агулам мы з ім былі вельмі розныя па характары заўсёды, у нас былі розныя кампаніі. І апошнім часам у нас назіраліся нязгоды і дробныя канфлікты па тэме палітыкі. Брат нейтральней да ўсяго ставіўся і не хацеў глыбока разбірацца ў сітуацыі ў краіне. Але ўсё ж мы з ім камунікавалі, падтрымлівалі адносіны. Пасля маёй эміграцыі наша сувязь абарвалася».

Браты ў артыкуле для газеты «СБ. Беларусь сёння»

«Усе, хто парушаў закон, мусяць панесці адказнасць за свае незаконныя дзеянні»

Летам Літва адмовіла Антону ў легалізацыі, прызнаўшы яго пагрозай нацыянальнай бяспекі з забаронай на ўезд у краіну на пяць гадоў: рашэнне па сваім кейсе ён чакаў амаль два гады. Цяпер хлопец падаўся на міжнародную ахову ў Польшчы.

«Пасля Літвы псіхалагічна цяжка, бо я столькі часу правёў у падвешаным стане. І цяпер я зноў у ім. Канечне, польскія ўлады лаяльней ставяцца да беларусаў, але хто ведае, што будзе заўтра. Таму складана будаваць нейкія планы. Адназначна мне хацелася б застацца ў Польшчы, тут працаваць і жыць, вучыцца далей юрыспрудэнцыі (у Літве я скончыў базавыя курсы па праваабароне ад «Вясны»). А калі зменіцца ўлада — вярнуцца ў Беларусь».

Антон кажа, што з задавальненнем працягнуў бы працу ў праваахоўных органах, але толькі калі зменіцца ўлада.

«Рыба гніе з галавы. Праца сама па сабе важная і цікавая. Але 2020 усё моцна перайначыў, у тым ліку стаўленне да людзей у форме. І каб змяніць гэта, трэба спачатку змяніць уладу, навесці парадак ва ўсёй сістэме. А ўсе, хто парушаў закон, мусяць панесці адказнасць за свае незаконныя дзеянні».

«Першае, што зраблю па вяртанні на радзіму — схаджу на магілу да бацькі»

Год таму ў Антона памёр бацька, і гэта для яго адно з самых балючых наступстваў зробленага выбару.

«Апошні раз я бачыў яго недзе за пару тыдняў да ад’езду. Прыехаў па традыцыі на лецішча дапамагчы. Было цяжка, таму што я разумеў, што мы больш, хутчэй за ўсё, не пабачымся — тата быў ва ўзросце, меў праблемы з сэрцам… Праз здароўе, наколькі я ведаю, ніхто і не расказваў яму, дзе я. Першае, што зраблю па вяртанні на радзіму — схаджу на могілкі, на магілу да бацькі».

Каментары14

  • Васіль
    28.12.2024
    Кожны, хто застаўся працаваць ў міліцыі пасля 2020 г. павінен прайсці люстрацыю. І, хутчэй за ўсё, там больш не працаваць.

    І яшчэ адна рэч, якую не магу зразумець - чаму мент папёрся ў Летуву? Чаму яны ўсе туды лезуць? Ім там мёдам намазана?
  • T-64M
    28.12.2024
    Уступай да Палка ім. К.Каліноўскага!
    Лепш павярнуцца на Радзіму са зброяй ў руках - героям, а не з торбай як бежАнец!!!
    Будзь героям, а не бежАнцам!!!
  • Абоерабое
    28.12.2024
    Танкіст, твайго меркавання ніхто не пытаўся.

Цяпер чытаюць

Памятаеце чыноўніка, якога крэатыўна адмазалі ад забойства чалавека на паляванні? Ён адмазаўся зноў4

Памятаеце чыноўніка, якога крэатыўна адмазалі ад забойства чалавека на паляванні? Ён адмазаўся зноў

Усе навіны →
Усе навіны

Круты расказаў, калі ў неба ўзляціць першы беларускі самалёт11

У Гродне ўпаў дрон, які раскідаў бел-чырвона-белыя сцяжкі. У гэтым абвінавачваюць Літву31

Папулярнага гомельскага блогера не забралі ў армію, ён проста піярыў сілавікоў8

У Літве абвясцілі, хто падзеліць мільён еўра за ідэі па збіванні паветраных шароў з Беларусі4

Расія страчвае кантроль над Усходняй Еўропай — але размова не пра Беларусь3

«Toyota кідалася з паласы ў паласу». На галоўным праспекце Мінска адбыліся разборкі3

На новых станцыях метро ў Мінску ўжо пасыпалася фарба. У сеціве іранізуюць пра «Год якасці»11

Былога каліноўца Васіля Грачыху асудзілі да пяці гадоў калоніі2

Беларусбанк зноў працягнуў дзеянне зніжаных ставак па крэдытах на новабудоўлі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце чыноўніка, якога крэатыўна адмазалі ад забойства чалавека на паляванні? Ён адмазаўся зноў4

Памятаеце чыноўніка, якога крэатыўна адмазалі ад забойства чалавека на паляванні? Ён адмазаўся зноў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць