«Біў нажом, відэльцам і прасам». У Мінску судзяць беларуса, які 25 гадоў таму забіў брытанскага прадзюсара ў Маскве
Восенню 1999 года ў Маскве знайшлі знявечанае цела Крыстафера Рыса — генеральнага прадзюсара тэлеканала СТС. Але раскрыць справу ўдалося толькі праз чвэрць стагоддзя.

У Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс аб забойстве ў 1999 годзе ў Маскве генеральнага прадзюсара тэлеканала СТС Крыстафера Рыса.
Абвінавачаным па справе праходзіць грамадзянін Беларусі Дзмітрый Церанцюк, якога прывезлі на суд з калоніі: ён адбывае тэрмін за забойства сваёй сужыцелькі, піша Sputnik.
Крыстафера Рыса СМІ называлі адным з самых уплывовых прадзюсараў расійскага тэлебачання. Ён займаўся шоў-бізнэсам на радзіме ў Вялікабрытаніі, дзе супрацоўнічаў у тым ліку з кампаніяй «Дысней», а ў канцы 1990-х прыехаў у Расію і ўзначаліў забаўляльны канал СТС.
27 верасня 1999 года Рыс не выйшаў да свайго кіроўцы, каб ехаць на працу. Супрацоўнікі тэлеканала зайшлі ў кватэру і ўбачылі на ложку знявечанае цела 37-гадовага прадзюсара. Следства высветліла, што ён атрымаў чатыры раненні кухонным нажом, колатыя раны відэльцам і ўдар па галаве прасам. Пры гэтым адбіткаў пальцаў забойцы і слядоў узлому не было.
Справу ўдалося раскрыць толькі праз 24 гады. У верасні 2023 года стала вядома, што эксперты правялі экспертызу ДНК узораў, сабраных на месцы злачынства, і ўстанавілі асобу чалавека, які знаходзіўся з Рысам у адной кватэры ў дзень забойства. Ім аказаўся беларус Дзмітрый Церанцюк, на момант забойства яму было 19 гадоў.
Яго абвясцілі ў вышук, але аказалася, што мужчына ўжо знаходзіцца за кратамі. Ён адбывае 16 гадоў за забойства сужыцелькі.
У судзе заслухалі паказанні былога сукамерніка мужчыны. Паводле яго слоў, абвінавачаны быў занепакоены тым, што міліцыя даведалася яшчэ пра адно забойства, учыненае ў Маскве ў 1999 годзе. Мужчына расказваў сукамерніку, што пазнаёміўся з Рысам у бары, пазней яны прыехалі ў кватэру прадзюсара на Цвярской.
Па версіі абвінавачанага, ён вырашыў заступіцца за нейкую дзяўчыну, да якой Рыс пачаў прыставаць. Мужчына нанёс яму множныя раненні разбітай бутэлькай, наносіў удары ўсім, што «траплялася пад руку». Як вынікае з апублічаных паказанняў сведкі, абвінавачаны расказаў яму, што «раздзелаў мужчыну на кавалкі, было проста месіва, выкалаў вочы ( … ), параніў сабе палец». Як вынікае з матэрыялаў справы, цела забітага Крыстафера Рыса было аголеным.
Пры гэтым расійскія следчыя лічылі, што беларус забіў Рыса з мэтай рабавання. Забойца моцна збіў прадзюсара, скраў у яго 250 даляраў і тэлефон, пасля чаго пайшоў з кватэры.
Мінскі суд прыняў рашэнне агучваць падрабязнасці па справе, якія носяць інтымны характар, на закрытым судовым пасяджэнні. Мужчыну абвінавачваюць у забойстве з асаблівай жорсткасцю.
Каментары