Колішняму гродзенскаму піўзаводу выбралі назву і паказалі, як ён будзе выглядаць пасля рэканструкцыі
«Бровар Кунца» — такая назва з’явілася ў Instagram-профілі, прысвечаным рэканструкцыі комплексу былога гродзенскага піўзавода і палаца Агінскіх. Апублікавалі і рэндары для гістарычнага будынка, піша Hrodna.life.

Новую назву для адроджанага комплексу былога піўзавода вырашылі пашукаць у канцы 2014 года. Для гэтага кампанія-інвестар збірала варыянты ад гродзенцаў на сайце піўзавода.
Цяпер будаўніцтва завершана на 75%. Канчатковы выгляд комплексу стане вядомы толькі пасля ўзгаднення ўсіх дэталяў з адпаведнымі інстанцыямі, удакладнілі на ТРК «Гродна».

Будаўнікі заканчваюць мантаж даху, а таксама заліваюць падпорныя сценкі і ліфтавыя шахты, з дапамогай якіх звяжуць унутраны дворык піўзавода з вуліцай Заводскай.
Пасля спецыялісты плануюць прыступіць да мантажу флюгера і ўпарадкавання тэрыторый. Унутраны дворык упарадкуюць, а ад набярэжнай Нёмана да тэрыторыі комплексу зробяць бясшоўны пераход.

У будынку размесцяць аўтэнтычную піваварню і захаваюць гістарычны антураж. Там пакажуць знойдзеныя падчас рэканструкцыі артэфакты: старыя бутэлькі, кегі, этыкеткі ад піва.

Прастору завода злучаць з набярэжнай Нёмана. У найбліжэйшы час на будынку ўсталююць флюгер.
Асноўныя работы плануюць скончыць да канца 2025 года. Новы інвестар пачаў рэканструкцыю восенню 2021 года. Пасля пачатку работ праект змянілі, але на карысць спадчыны. З-за гэтага тэрміны будаўніцтва істотна зрушылі.
Каментары