Свет

Чэшскага генэрала Вайцяхоўскага, які паходзіў з Віцебска і загінуў у ГУЛАГу, пасмяротна ўзнагародзілі Крыжам абароны дзяржавы

Нашчадкі Сяргея Вайцяхоўскага сабраліся ў Прагу з розных краін свету ў 80-ю гадавіну выдачы чэшскага генэрала ў савецкі ГУЛАГ, піша Радыё Свабода.

Wikimedia Commons

12 мая 1945 года ў вызваленай Празе савецкія органы контрразведкі СМЕРШ прыйшлі ў кватэру генерала Сяргея Вайцяхоўскага і арыштавалі яго. Гэта быў пачатак дарогі ў ГУЛАГ. Дарогі без вяртання.

Праз 80 гадоў нашчадкі генерала, што прыехалі з розных куткоў свету, не толькі ўспаміналі тыя падзеі, але і атрымалі з рук міністаркі абароны Чэхіі высокую ўзнагароду для яго — Крыж абароны дзяржавы.

Карані славутага генерала — у Беларусі, ён нарадзіўся ў Віцебску ў 1883 годзе. Вайсковую кар’еру пачаў у расійскай царскай арміі. У часе рэвалюцыі апынуўся ў Сібіры, дзе яго шляхі ўпершыню сышліся з чэхаславацкімі легіянерамі. Падчас грамадзянскай вайны ваяваў на баку Белага руху.

У 1921 годзе прэзідэнт Масарык запрасіў яго ў маладую Чэхаславакіі — будаваць яе армію. Праз год Вайцяхоўскі атрымаў чэхаславацкае грамадзянства, а ў 1929-м — званне генерала.

Генерал Сяргей Вайцяхоўскі і прэзідэнт Чэхаславакіі Томаш Масарык падчас вайсковых вучэнняў. Першая палова 1930-х гг. Фота: Wikimedia Commons

Як адзін з высокіх вайскоўцаў Чэхаславакіі Вайцяхоўскі выступіў супраць Мюнхенскай змовы, настойваў на тым, што краіна здольная абараніцца і не мусіць перад немцамі капітуляваць. Аднак палітычнае кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам Бэнэшам тады вырашыла інакш. У 1939-м генерала накіравалі на пенсію. У часы нямецкага пратэктарату Вайцяхоўскі, нягледзячы на нагляд гестапа, далучыўся да руху антыфашысцкага супраціву «Абарона народу». Але СМЕРШ у святочнай Празе траўня 1945-га на Вайцяхоўскага глядзеў не як на антыфашыста, а перадусім як на «белага» афіцэра і генерала.

Паводле даследнікаў, вельмі імаверна, што ў траўні 1945-га арыштаванага генерала перад тым, як накіраваць яго ў маскоўскую турму «Бутырку», трымалі пэўны час пад пражскім адрасам Dělostřelecká, 11. Размешчаную тут прасторную вілу забралі падчас нямецкай акупацыі ў габрэйскай сям’і Розэнблюмаў, тут жа размясцілася канцылярыя, што займалася высяленнем габрэяў. Пасля прыходу Чырвонай арміі тут раскватаравалі НКВД са СМЕРШам. Тут жа трымалі арыштаваных і брутальна дапытвалі выбітных асобаў з ліку эмігрантаў, некаторыя вязні не перажылі гэтыя допыты. Сёлета ў гэтае месца, акурат 9 мая, наведаліся нашчадкі генерала Вайцяхоўскага. Дом з такой змрочнай гісторыяй пасля вайны практычна не выкарыстоўвалі, ён дагэтуль у аварыйным стане. Цяпер ён належыць Міністэрству абароны Чэхіі, якое дало дэлегацыі доступ у будынак у парадку выключэння.

Акрамя гэтага адрасу, сям’я наведала месцы ў Брне і Празе, дзе Вайцяхоўскі жыў, будучы вярхоўным земскім вайсковым начальнікам. У абодвух гарадах ёсць памятныя дошкі, аднак пражская мае больш адметную гісторыю. У доме пад адрасам Konviktská 5, Praha 1, дзе была кватэра генерала, цяпер размешчаны гатэль. Яго італьянскі гаспадар катэгарычна адмовіўся даць згоду на размяшчэнне дошкі: на ягоную думку, згадка пра тое, што некага адсюль забралі ў ГУЛАГ, магла б адпалохаць патэнцыйных гасцей. (Падобная ж гісторыя і з памятнай дошкай Ларысе Геніюш у Празе — не пагаджаецца гаспадар дому).

Урэшце дошку памяці генерала разьмясцілі на суседнім доме, у якім тэхнічнае вучылішча.

Нашчадкі Вайцяхоўскага пасьля ўскладаньня кветак ля дошкі на доме пад адрасам Konviktská 3 у Празе. Зьлева направа: праўнук Марк Вайцяхоўскі, стрыечны праўнук Сяргей Цілі, унучка Гэлен Згагоўскі, унук Сяргей Вайцяхоўскі, праўнук Майкл Вайцяхоўскі з жонкай Сарай. Фота: Радыё Свабода

Як увогуле стала магчыма, што ўлады Чэхаславакіі ў 1945-м за свайго генерала і грамадзяніна не заступіліся, фактычна моўчкі пагадзіўшыся з яго гвалтоўным вывазам? Перадача ў СССР скончылася для Вайцяхоўскага прысудам за антысавецкую дзейнасць і ГУЛАГам, дзе ён памёр у 1951 годзе. Нягледзячы на просьбы сям’і і баявых сяброў генэрала, чэхаславацкае кіраўніцтва вырашыла «не ўмешвацца».

Паводле гісторыкаў, тагачасны прэзідэнт Эдвард Бэнэш палічыў, што сяброўства з СССР — пераможцам у вайне — для яго краіны важнейшае за прыватны лёс генерала. Некалькі дзесяцігоддзяў імя генерала для шырокай чэшскай грамадскасці (калі не лічыць даследнікаў і гісторыкаў) паступова ўпадала ў забыццё.

У савецкі час Прага, напрыклад, ушаноўвала маршала Конева — і помнікам паблізу пасольства СССР, і вуліцай яго імя. Нядаўна помнік маршалу прыбралі і перадалі ў музей, а вуліцу Конева перайменавалі. Паступова вяртаецца памяць пра Вайцяхоўскага як аднаго з заснавальнікаў чэхаславацкай арміі. Гэтым разам нашчадкі Вайцяхоўскага атрымалі з рук міністаркі абароны Чэхіі Яны Чэрнахавай Крыж абароны дзяржавы, якім Сяргей Вайцяхоўскі ўзнагароджаны in memoriam.

Вяртанне Вайцяхоўскага ў шэраг герояў найноўшай чэшскай гісторыі адбываецца шмат у чым дзякуючы грамадскім ініцыятывам. Раней, у часы Вацлава Гаўла, генерал Вайцяхоўскі (таксама пасмяротна) атрымаў найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Чэхіі — Ордэн Белага Льва. На гэту ўзнагароду яго намінавала суполка «Яны былі першымі», што займалася лёсамі чэхаў і славакаў, вывезеных у ГУЛАГ.

Чэшскі гісторык Габрыела Гаўлуева, заснавальніца суполкі Захавання памяці чэшскага супраціву, пайшла далей за архівы: яна асабіста наведала былы Азярлаг паблізу Тайшэту і ўпэўнілася, што сьляды генэрала Вайцяхоўскага жывыя ў памяці тамтэйшых людзей. Але магілу яго, на жаль, знайсці не ўдалося (вязняў ГУЛАГу хавалі, як вядома, у масавых магілах). Нягледзячы на гэта, яна ўстанавіла там мемарыяльную дошку. Дзякуючы даследніцы сучасныя пакаленні Вайцяхоўскіх аднавілі кантакт з Чэхіяй. У часе свайго візіту яны таксама падалі заяву аб вяртаньні іхнаму продку чэскага грамадзянства.

Гісторык Гаўлуева кажа, што ўжо спрабавала ўстанавіць дошку свайму ўлюбленаму герою і ў Віцебску, і нават знайшла чэшскага фундатара. Пакуль, паводле яе словаў, справа спынілася на тым, што ўдалося высветліць: дом, дзе нарадзіўся легендарны генерал Сяргей Вайцяхоўскі, у Віцебску не захаваўся.

Каментары

Цяпер чытаюць

Памерла 39-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак, але не вызвалілі2

Памерла 39-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак, але не вызвалілі

Усе навіны →
Усе навіны

Брышцель стаў найлепшым бамбардзірам ЧС па пляжным футболе, Аўгустоў — галкіперам

«Гэтая партыя прайграная». Беларускія даследчыкі — пра тое, у што ператварылася Акадэмія навук10

Трамп запатрабаваў ад Украіны пачаць перамовы з Расіяй3

Каханне і мужчыны: усё хутка. Каханне і жанчыны: усё ўдумліва13

Польшча абвінаваціла расійскія спецслужбы ў падпале гандлёвага цэнтра, які згарэў год таму3

«Збег абставінаў». У «Мінсктрансе» пракаментавалі інцыдэнт з пандусам, які адламаўся ад аўтобуса проста падчас рэйсу2

Зяленскі заявіў, што будзе асабіста чакаць Пуціна ў Турцыі 9

У Сібіры загарэлася і абрынулася буравая вышка «Беларуснафты»4

Зборная Беларусі па пляжным футболе заваявала срэбра на чэмпіянаце свету3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памерла 39-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак, але не вызвалілі2

Памерла 39-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Кандраценка. У калоніі ў яе знайшлі рак, але не вызвалілі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць