Літаратура33

Перакладчыца на беларускую «Гары Потэра»: «Тое, што мастак павінен быць галодны, — гэта брыдкая маніпуляцыя»

Беручы ў рукі беларускія выданні Роўлінг ці Сапкоўскага, мы часта забываем, што за імі стаіць вялікая праца перакладчыка. Таго «нябачнага» чалавека, які дапамагае героям загаварыць па-беларуску. Пра пераклады класікаў, кніжны рынак, «святыя тэксты», канкурэнцыю са штучным інтэлектам «Будзьма» паразмаўляла з перакладчыцай Аленай Пятровіч.

Aliena Piatrovič
Алена Пятровіч. Фота: «Радыё Свабода»

На перакладчыцкім рахунку Алены толькі за апошні час — чатыры кнігі з эпапеі «Гары Потэра», таксама пераклады з польскай Гжэндовіча і Словік. Раней — кнігі Віткевіча, Конан Дойла, Капусцінскага ды Бжэхвы. Аўтарка перакладаў працуе з ангельскай, польскай, украінскай і французскай мовамі, але, як прызнаецца, вучыць новыя мовы дзеля «чыстай красы». 

Ці варта перакладаць для беларусаў расійскую класіку? Ці існуюць для перакладчыка «святыя тэксты»? Пераклад з «гуманітарнай мэтай» — гэта як? Урэшце, ці можа пераклад таго ці іншага твора быць запозненым?

Гэта ды іншае — у гутарцы.

«Спачатку трэба ведаць сваю мову…»

— Ці дастаткова перакладчыку ведаць замежныя мовы або… трэба нешта яшчэ? 

— Я б сказала, што спачатку трэба ведаць сваю мову (у сэнсе, мову, на якую перакладаеш) — і найперш я кажу пра сінтаксіс, пра «лад мовы», а не выключна пра лексіку. Для замежнай мовы ёсць слоўнікі, перакладчыкі, жывыя носьбіты, з якімі можна пракансультавацца, калі што якое, а за сваю мову адказны толькі ты сам. 

Філосаф Валянцін Акудовіч расказваў, што ён у 90-я рэдагаваў перакладную літаратуру, увогуле не ведаючы замежных моў. А рэдагаванне — гэта вельмі блізкая справа да перакладу, часта амаль тое самае. Як на мяне, для нашага часу гэта была б трохі радыкальная пазіцыя, бо сёння замежныя мовы вывучыць проста. 

Але ў цэлым так, для добрага перакладнога тэксту нашмат важнейшае веданне ўласнай мовы, чым замежнай. Ну, і трэба ўмець пісаць на сваёй мове і добра адчуваць стылістыку.

— Ёсць такі штамп, што, маўляў, пісаць прозу ці паэзію — вось гэта творчасць, а пераклады — чыста тэхнічная праца… Ці не баіцеся канкурэнцыі са штучным інтэлектам, які «заменіць» перакладчыкаў?

— Калі вядзецца пра пераклады бізнэс-літаратуры ці нечага яшчэ такога немастацкага, то так, гэта фактычна тэхнічная праца — і будзе добра, калі тут перакладчыкаў заменіць АІ. Але ж мы ведаем, што АІ настолькі разумны, наколькі яго навучыць чалавек, — дык вось, калі найлепшыя перакладчыкі часам беспаспяхова б’юцца над нейкімі крутымі тэкстамі (асабліва датычна паэзіі і/або тэкстаў з добрай канцэнтрацыяй слоўных гульняў, прыдуманых слоў і г.д.), то пакуль што слаба ўяўляю, хто можа навучыць АІ зрабіць лепей. Аднак калі так здарыцца — то так, давядзецца прызнаць, што машыны лепшыя за нас, што ж зробіш.

«Спрашчаць — гэта трохі прыніжэнне»

— Калі перакладаеш класікаў (Конан Дойл, Уайльд), ці ёсць нейкі асаблівы груз адказнасці: маўляў, гэта ж «святое» і нельга памыліцца? 

— Вядома, адказнасць ёсць — але яна ёсць і пры любым іншым перакладзе. Аднак памыліцца не павінен акурат той самы АІ, бо errare humanum est (вось урэшце спатрэбілася тое, што вывучала на курсе лаціны). Вядома, памыліцца не хочацца, але ў любым разе гэта не трагедыя. А яшчэ таму важна мець добрага рэдактара, які зможа вычапіць тваю памылку. 

Alena_Piatrovič-vikipiedyia-03.jpg
Алена Пятровіч. Фота са старонкі Алены ў інстаграме

Мне здаецца, наадварот, стаўленне да нейкага тэксту як да «святога» часам акурат перашкаджае — бывае, перакладчык баіцца адысці хоць на крок, і выходзіць малачытэльнае нешта, што хутчэй нагадвае «падрадковік», а не жывы тэкст.

— Перакладаючы творы, напісаныя 100 і болей гадоў таму, ці трэба спрашчаць пэўныя моманты, каб было зразумела чытачу зараз? Ці трэба неяк пагружацца ў эпоху, біяграфію аўтара і г. д.?

— Я няшмат перакладала зусім старых тэкстаў, але я паважаю чытача і таму лічу, што спрашчаць — гэта трохі прыніжэнне. Бо калі я сама нешта разумею/ведаю, чаму я павінна думаць, што гэтага не ведае чытач? Калі я сама не ведала нечага важнага для разумення тэксту, то тады я дапускаю, што раптам ёсць такія чытачы тыпу мяне, і ў тых тэкстах, дзе гэта да месца, раблю зноску.

І вядома, так, пагружацца ў эпоху і біяграфію аўтара карысна, бо яно банальна дапамагае самому перакладчыку нешта зразумець.

«Калі ўсе ўжо прачыталі па-ангельску…»

— Пераклад і выхад «Гары Потэра» па-беларуску — гэта была мегападзея. Разам з тым злыя языкі казалі, маўляў, усе ўжо даўно прачыталі па-расейску… навошта? 

— Пачну з bitchy-выказвання: меркаванні «злых языкоў» мяне цікавяць толькі ў тым выпадку, калі носьбітаў гэтых языкоў я паважаю. І дарэчы, сама я чула варыянт «калі ўсе ўжо прачыталі па-ангельску» — пра расейскую нават не чула. Мне здавалася гэта такім common knowledge, што расейскія пераклады «Гары Потэра» не агонь, проста людзі прывыклі.

Адкрыю таямніцу: большасць маіх калег перакладаюць найперш «для сябе» — часам для гіпатэтычных сябе.

«Hary Poter»
Падчас прэзентацыі перакладу «Гары Потэра». Фота: hrodna.life

Напрыклад, «я б хацела мець гэты тэкст па-беларуску ў дзяцінстве». Або ў якасці чэленджу: «ці ўдасца мне зрабіць гэтаксама крута, як у арыгінале?». Часам яшчэ ўключаецца гуманітарная мэта накшталт «гэты тэкст проста павінен быць і на тваёй мове»: тэксты тыпу Бібліі, «Іліяды» з «Адысеяй» ці хоць «Маленькага прынца» — бо гэта сярод іншага сведчыць і пра сталасць мовы, і ў той самы момант ты спрычыняешся да яе развіцця, да пашырэння корпусу тэкстаў на ёй — а гэта заўсёды ідзе мове на карысць (вядома, гаворка пра якасныя пераклады). 

І апошняе наконт «усе» — тут меркаванне яўна перабольшанае, бо абсалютная большасць майго кола зносінаў (гэта людзі каля 40 гадоў) ніколі не чыталі «Гары Потэра» ні на якой мове раней. Бо мы проста не трапілі ў той прамежак часу, калі кнігі пачалі выходзіць: мы былі падлеткамі і лічылі гэта дзіцячай літаратурай, не вартай нашай увагі. 

І я не раз чула ад сваіх знаёмых, што яны ўпершыню чытаюць «Гары Потэра» акурат па-беларуску. Ну і галоўнае: на нас жыццё не заканчваецца, нараджаюцца новыя людзі, якія змогуць ад пачатку чытаць кнігу па-беларуску.

Aliena Piatrovič
Падчас прэзентацыі перакладу «Гары Потэра». Фота: hrodna.life

Увогуле існаванне нават некалькіх перакладаў на тую самую мову — гэта абсалютна нармальна. Асабліва калі праходзіць нейкі час, вырастае новае пакаленне, мова змяняецца. Напрыклад, ведаю, што ў Італіі цяпер робіцца новы пераклад «Гары Потэра» — бо ў тым, ранейшым, ёсць нейкія памылкі, недакладнасці, стараваты слэнг. І такія новыя пераклады — акурат прыкмета таго, што мова жывая і яна змяняецца.

«Магчыма, людзі не чыталі Талстога ў арыгінале…»

— Ці патрэбныя беларусам пераклады расейскай класікі, як думаеце? 

— Я б не ўжывала слова «патрэбныя». Асабіста я аддаю перавагу чытаць на мове арыгіналу, калі добра яе ведаю. Але яны «маюць месца быць». Зноў жа, ніхто не адмяняў канцэпцыю «чэленджу», пра якую я гаварыла вышэй — перакладчык можа зрабіць сабе выклік, узяўшыся за нейкі класічны тэкст. 

І для беларускай мовы пераклад расейскай класікі XIX стагоддзя — акурат пэўны выклік, бо ў нашай літаратуры таго часу яшчэ не было распрацавана такой шырокай стылістыкі, таму ў пэўным сэнсе пры перакладзе нам няма на чым грунтавацца, няма на што арыентавацца, і даводзіцца самастойна выпрацоўваць пэўны стыль. Гэта тычыцца не толькі расейскай класікі, але і ўсёй у цэлым — ці то Джэйн Остэн, ці то Льва Талстога.

Ну і зноў жа, ёсць людзі, якія аддаюць перавагу чытаць па-беларуску: магчыма, яны не чыталі таго ж Талстога ў арыгінале (ведаю кучу такіх людзей), але, магчыма, зацікавяцца, калі тэкст будзе па-беларуску.

У мяне ёсць знаёмы, які ўпершыню паслухаў гурт «Петля пристрастия» толькі пасля таго, як хлопцы выпусцілі беларускамоўны альбом.

— Ці маеце ўлюбёныя свае пераклады? Або — кожны пераклад — асобная гісторыя і «адносіны» з аўтарам і кнігай, таму параўноўваць немагчыма?

— Хіба па энерга-/часа-/і-ўсяго-іншага-затратнасці мне самы дарагі з уласных перакладаў — раман «Ненасытнасць» Віткевіча. Гэта быў самы вялікі чэлендж, гэта складаная мова, аўтар прыдумаў кучу новых слоў у польскай мове, пакінуў шмат загадак. 

Мне пашанцавала — я перакладала гэты тэкст, будучы на стыпендыі Gaude Polonia, і ў мяне была кансультантка Эльжбэта Гжыб з Варшаўскага ўніверсітэта, спецыялістка па гэтым аўтары. Яна мяне пазнаёміла з іншымі «віткацыялогамі» — даследчыкамі творчасці Віткацыя/Віткевіча — і я магла таксама задаваць пытанні ім. Гэта была шалёна складаная праца, і я ганаруся сабой, што змагла давесці яе да канца.

«Тэксты, якія я хацела б перакласці, напісаныя на ангельскай»

— Можаце ўявіць сітуацыю — што перакладаеце кнігу, а яна… не падабаецца! І з’яўляюцца думкі, ці не лепш напісаць самому больш варты твор? 

— Магу ўявіць, больш за тое — я бывала ў такой сітуацыі. Але гэта як на любой працы: мы не заўжды ў захапленні ад кожнага працоўнага задання, але мы ж дарослыя, то часам даводзіцца рабіць тое, што трэба, а не тое, што хочацца.

Aliena Piatrovič
Алена Пятровіч, Фота з Вікіпедыі

— Перакладаючы з польскай, напрыклад, Гжэндовіча, ці былі думкі, маўляў, чаму ж нешта падобнае па маштабе і атмасферы не пішацца па-беларуску? 

— У мяне ёсць адказ, чаму такое не пішацца, і я прывяла яшчэ вышэй: напісаць вялікі тэкст — гэта вельмі дорага. У Польшчы ёсць нармальны кніжны рынак: калі ты больш-менш вядомы пісьменнік, ты заключаеш дамову з выдавецтвам, пішаш кнігу, а ў гэты час выдавецтва дае табе на што жыць, і ты можаш сканцэнтравацца на пісанні. Калі такі рынак будзе і ў Беларусі, то і ў нас з’явяцца такія маштабныя творы. 

Тое, што мастак павінен быць галодны, — гэта брыдкая маніпуляцыя.

— Ці маеце «перакладчыцкія мары»? Напрыклад, перакласці нейкага канкрэтнага аўтара ці — вывучыць яшчэ адну (магчыма, экзатычную) мову?

— Марыць я не люблю, але ёсць ідэі — яны цалкам здзяйсняльныя, толькі патрабуюць часу, а з ім няпроста, калі даводзіцца акрамя перакладаў мець яшчэ «нармальную» працу.

Галоўныя тэксты, якія я хацела б перакласці, напісаныя на ангельскай, я б з задавальненнем села за пераклад усіх астатніх неперакладзеных кніг Джэйн Остэн (па-беларуску ёсць толькі «Пыха і перадузятасць») і парачкі кніг Руала Дала.

Мовы я звычайна вучу дзеля «чыстай красы» — не факт, што некалі буду з іх перакладаць, але мне з імі весялей.

Я ўвогуле чалавек непрактычны і спавядаю рэлігію Оскара Уайлда, якая пра «любое мастацтва даволі бескарыснае».

Каментары3

  • бабруйчанін
    15.05.2025
    Дзякуй цікава
  • Шнобель
    16.05.2025
    Памятаю семінары спадарыні Алены (менавіта яна прызвычаіла да такой формы звароту) па беларускай прафесійнай лексіцы на ФПМІ: было вельмі прыкольна, дзякуй!
  • Імя
    16.05.2025
    Вялікі дзякуй за працу!
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Мы кідалі камяні, каб яны не ўзляталі». Адным з тых, хто спрабаваў спыніць дроны, што выляталі з фур, быў беларус Антон46

«Мы кідалі камяні, каб яны не ўзляталі». Адным з тых, хто спрабаваў спыніць дроны, што выляталі з фур, быў беларус Антон

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі: У аперацыі «Павуцінне» былі выкарыстаны 117 дронаў7

Саліст расійскай групы «Руки вверх» адкрые ў Мінску свой бар13

У Польшчы арыштавалі былога кіраўніка беларускага «Паспалітага рушэння» — пагражае 10 год за наркотыкі32

У Белым доме не ведалі пра падрыхтоўку Украінай спецаперацыі «Павуцінне»6

Каля расійскага аэрадрома, які не трапіў пад удар СБУ, згарэла фура4

Расійскае Мінабароны пракаментавала атаку СБУ па сваіх аэрадромах13

Сярод прапаноў Украіны на перамовах у Стамбуле — сустрэча Зяленскага з Пуціным2

Рыгор Астапеня пакідае ютуб-праект «Гадзіннічак цікае»23

У раёне Калодзішчаў сёння здарыліся два моцныя пажары ФОТАФАКТ5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы кідалі камяні, каб яны не ўзляталі». Адным з тых, хто спрабаваў спыніць дроны, што выляталі з фур, быў беларус Антон46

«Мы кідалі камяні, каб яны не ўзляталі». Адным з тых, хто спрабаваў спыніць дроны, што выляталі з фур, быў беларус Антон

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць