У Мінску пяты год жыве фінскі бізнэсовец са спісу самых шуканых Eўраполам злачынцаў
Што звязвае фігуранта адной з самых гучных махлярскіх схем у гісторыі Фінляндыі з нашай краінай і ці могуць беларускія сілавікі не ведаць пра такога госця, высветліў БРЦ.

Расследаванне падрыхтавана ў партнёрстве з фінскім тэлеканалам Yle, латвійскім выданнем Re:Baltica і літоўскім медыя 15min.lt, пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».
Гэтае расследаванне пачалося з пытання, якое 10 гадоў таму задаў сабе фінскі журналіст Юры Хянінэн: «Гэта — фінская НДА. Яна павінна здаваць недарагое жытло фінскай моладзі. Чаму ў іх кампанія ў Эстоніі?» Некалькі вялікіх артыкулаў у медыях — і тое ж пытанне задалі сабе мясцовыя ўлады, а пасля і праваахоўнікі. Так у Фінляндыі распачалося расследаванне карупцыйнай схемы, якую цяпер называюць адной з найбуйнейшых у гісторыі краіны.
Чаму ёй зацікавіўся БРЦ? Бо адзін з галоўных фігурантаў гэтай справы апынуўся не на лаве падсудных, а ў Мінску. Чалавек, на якога выстаўленыя ордар на арышт ад Еўраполу і так званае чырвонае паведамленне Інтэрполу, ад правасуддзя схаваўся ў беларускай сталіцы.
Шчаслівыя і карумпаваныя
Фінляндыя — краіна самых шчаслівых людзей у свеце, паводле рэйтынгу World happiness report, і другая пасля Даніі з самым нізкім узроўнем карупцыі. Па маштабах сацыяльнай падтрымкі насельніцтва сярод амаль паўтары сотні краін яна таксама займае другое месца. Асаблівую ўвагу ўлады надаюць моладзі. Міністэрства адукацыі і культуры фінансава падтрымлівае каля ста нацыянальных моладзевых арганізацый. Сярод іх — Моладзевая фундацыя (Nuorisosäätiö). Менавіта яе дзейнасць трапіла ў цэнтр карупцыйнага скандалу, сляды якога давялі да Мінску.
Гісторыя гэтай няўрадавай арганізацыі пачалася ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Яе мэта — падтрымліваць маладых хлопцаў і дзяўчат на шляху да самастойнага жыцця. Фундацыя прадстаўляе ім арэнднае жытло па даступных коштах у асноўным у Хельсінкі. Журналіст нацыянальнай фінскай тэлерадыёкампаніі Yle Юры Хянінэн распавёў БРЦ, што гэта адзіная ў сваім родзе арганізацыя. Яна валодае тысячамі кватэр, у якіх жыве каля пяці тысячаў маладых фінаў.
Карупцыйны скандал выбухнуў у 2016 годзе. Выявілася, што з 2015-га Фундацыя пачала інвеставаць у люксавую нерухомасць за мяжой. З судовых дакументаў вынікае, што набывалі нерухомасць па завышаных коштах. Розніцу ўдзельнікі схемы маглі пакласці сабе ў кішэню.
«Шмат грошай вывелі з Моладзевай фундацыі. І большая частка — пайшла ў Эстонію», — распавёў Юры Хянінэн.
Элітныя кватэры Фундацыя набывала ў прэстыжным раёне Талліну — на пляжы Пірыта. Паводле Хянінэна, грошы на іх пазычалі ў банках, закладаючы маёмасць, якой валодае арганізацыя. Ён дадаў, што ў межах гэтай схемы Фундацыя не толькі брала крэдыты, але і раздавала іх — у прыватнасці эстонскай кампаніі Pirita Holding. У 2015 годзе арганізацыя пазычыла ёй €12,1 млн. За гэтыя грошы Pirita Holding набыла ўчастак у Талліне ў сваёй матчынай кампаніі — Brave Capital. У 2018 годзе Brave Capital прадала Моладзевай фундацыі «дачку» за €5 млн. Такім чынам зямля перайшла ва ўласнасць арганізацыі.
Пасля шэрагу падобных фінансавых маніпуляцый у бюджэт Моладзевай фундацыі вярнулася ўсяго каля €1,5 млн з €12,1 млн крэдыту, выдадзенага Brave Capital. Дзяржаўны Цэнтр фінансавання і развіцця жытла Фінляндыі, які часткова аплочваў дзейнасць арганізацыі, калі даведаўся пра такое інвеставанне, загадаў яго спыніць. Але на той момант страты былі велізарныя па мерках краіны, тлумачыць Хянінэн:
«Трэба разумець, што ў Фінляндыі зусім няшмат карупцыі, у нас не бывае карупцыйных схем такога маштабу. <… > Такія грошы можна прагуляць за адну ноч у маскоўскай рэстарацыі. Але ў Фінляндыі — гэта сапраўды вялікія грошы».
Новае кіраўніцтва застала Фундацыю на мяжы банкруцтва, хоць да 2018 года яе актывы ацэньваліся ў €50 млн.
«Складана апісаць словамі той хаос, у якім знаходзілася Фундацыя на той момант. З фінансавага гледзішча — вось-вось меліся адключыць электрычнасць амаль ва ўсіх аб’ектах, бо рахункі не аплачваліся. На той момант было 4200 кватэраў. Ацяпленне, электрычнасць — адключаюцца, а на рахунку заставаліся толькі некалькі мільёнаў еўра. А вось агульная запазычанасць і іншыя фінансавыя абавязанні складалі каля €300 млн», — распавёў БРЦ новы старшыня арганізацыі Яры Лайнэ (Jari Laine).
Фігуранты карупцыйнай справы апынуліся пад следствам і атрымалі выракі. Але не ўсе. Аднаму з ключавых удзельнікаў гэтай схемы, чальцу праўлення эстонскай Brave Capital, суда ўдалося пазбегнуць. Менавіта ён звязвае адну з самых маштабных у гісторыі фінскай юстыцыі справу з Беларуссю.
Сховішча ад правасуддзя
Арто Калеві Аўтыё (Autio Arto Kalevi) — грамадзянін Фінляндыі, да якога новае кіраўніцтва Моладзевай фундацыі мае толькі фінансавых прэтэнзіяў больш чым на €30 млн.
У Мінску ён жыве з 2021 году, хоць да нашай краіны пачаў прыглядацца яшчэ ў 2012-м. Менавіта тады бізнесовец упершыню прыехаў у Беларусь. Дзякуючы дадзеным ад «Кіберпартызанаў» БРЦ ведае, што да пераезду ён перасякаў беларускую мяжу 80 разоў.
У Беларусі Арто знайшоў не толькі сховішча ад еўрапейскага правасуддзя. Ураджэнка Стаўбцоўшчыны Хрысціна Базылева — з 2018 году яго спадарожніца ў паездках у Літву, а з 2020-га — афіцыйная жонка.
Пражывалі маладыя па адрасе прапіскі беларускі: у кватэры плошчай 74 кв. м на Кальварыйскай у Мінску, прынамсі ў 2023 годзе.
Апроч штампу ў пашпарце Арто і Хрысціну звязвае бізнес: у 2018 годзе ён зарэгістраваў у Мінску ТАА «Ампліён Траст», яна займае ў кампаніі пасаду намесніцы дырэктара.
Прадпрыемства нельга назваць паспяховым. За 2021 і 2022 гады страты склалі 43 тыс. беларускіх рублёў (больш за $16,6 тыс.). Акрамя таго, у 2022 і 2023 гадах Міністэрства па падатках і зборах зафіксавала запазычанасць «Ампліён Траст» перад бюджэтам, а паводле беларускага суда, кампанія вінная мінскаму аўдытарскаму ТАА «Бейкер Цілі Бел» больш за 5 тыс. рублёў (больш за $2 тыс.).
БРЦ высветліў, што Хрысціна Базылева ўваходзіла ў склад праўлення некалькіх кампаній, зарэгістраваных у Рызе, у тым ліку Amplion Trust — цёзкі беларускай «Ампліён Траст». Сярод уласнікаў яшчэ адной рыжскай кампаніі — Iskra Trust — фігуруе спачатку Хрысціна Базылева, а з 2021 года — ужо Хрысціна Аўтыё, зарэгістраваная пад латвійскім нумарам сацыяльнага страхавання.
Як распавялі выданню Re:Baltica крыніцы, набліжаныя да мясцовых службаў бяспекі, у верасні 2020 года яна атрымала від на жыхарства Латвіі, які выдаюць службовым асобам прадпрыемстваў, зарэгістраваных у бізнес-рэгістры краіны. Але ўсе вядомыя латвійскія актывы Хрысціны Базылевай (Аўтыё) на момант публікацыі або змянілі ўласніка, або ліквідаваныя.
Журналісты БРЦ спрабавалі датэлефанавацца да Хрысціны, аднак нумары, перададзеныя нам «Кіберпартызанамі», не былі даступныя. Ёй даслалі таксама пісьмовы запыт, але на момант публікацыі расследавання адказу не атрымалі.
Карты, грошы, адзін пісталет з глушыцелем
Яшчэ адна жанчына, звязаная з бізнесам Арто Аўтыё, — ягоная дачка Эма Аўтыё (Emma Olivia Autio). Ужо знаходзячыся ў Беларусі фін перапісаў на яе латвійскую Amplion Trust пасля таго, як мясцовая паліцыя зацікавілася дзейнасцю кампаніі. Схема, якая прыцягнула ўвагу праваахоўнікаў, магла выглядаць так: фірма Аўтыё набывае жылы будынак, з ім нешта здараецца, жыхароў высяляюць, праз нейкі час на месцы вырастае новы дом з кватэрамі па значна вышэйшых коштах. Пра падобны выпадак нам распавяла журналістка Re:Baltica Саніта Емберга (Sanita Jemberga):
«Калі ён набыў будынак, адна са столяў неўзабаве абрынулася. Было каля трыццаці кватэраў і шасцідзесяці асобаў. Усе яны былі вымушаныя выехаць, бо будынак прызналі небяспечным. <…> Такім чынам вы робіце будынак нежылым — ці тое адмыслова, ці тое дзякуючы вельмі шчасліваму выпадку. Выкідаеце людзей, трохі чакаеце і будуеце. Паколькі ў іх ёсць ліцэнзія на будаўніцтва, то, хутчэй за ўсё, гэта будзе жылы дом, і цэны будуць расці».
Паводле яе словаў, толькі ў 2019 годзе Арто набыў у Рызе 14 аб’ектаў нерухомасці амаль на €12 млн. Але геаграфія яго бізнес-схемаў сягае ледзь не ўсіх краін Балтыі. Журналісты выдання 15min.lt налічылі ў Літве шаснаццаць яго кампаній: пятнаццаць з іх — філіі эстонскіх фірмаў, а адна з брытанскімі вытокамі. Паводле нашых калегаў, гэтыя фірмы не прадстаўляюць фінансавую справаздачнасць.
Журналісты спрабавалі датэлефанавацца да дачкі Аўтыё, якой той перадаў большасць балтыйскіх актываў. Беспаспяхова.
Іншая дзейнасць Аўтыё, якая прыцягнула ўвагу еўрапейскіх праваахоўнікаў, — азартныя гульні. У 2019 годзе ён прайграўся ў турніры покернага аса Патрыка Антоніюса ў Талліне. І гэта не быў першы раз. Агулам Арто ў таллінскіх казіно з 2015 па 2019 гады пакінуў каля €6 млн. Разлічваўся ён банкаўскімі карткамі, якія належалі яго кампаніям, і наяўнымі, знятымі з іх рахункаў. Гэта зацікавіла эстонскіх падаткавікоў.
Увесну 2023 года Аўтыё асудзілі за ўхіленне ад падаткаў і незаконнае захоўванне зброі — пісталета з глушыцелем. Падатковая служба запатрабавала спагнаць з яго амаль €2 млн. Арто пайшоў на здзелку з судом і прызнаў віну па большасці абвінавачанняў. Гэта дапамагло яму зменшыць суму выплат падатковай у 10 разоў.
Прысуджаны тэрмін у два гады і восем месяцаў пазбаўлення волі зрабілі ўмоўным, з умовай, што Арто за гэты час не пападзецца на іншым злачынстве.
У гэтым судовым працэсе Аўтыё ўдзельнічаў па відэасувязі. Паводле журналістаў мясцовага выдання «Деловые Ведомости», бізнесовец патлумачыў гэта тым, што яму складана прыехаць у Талін, бо ён даўно пражывае ў Мінску.
У адным шэрагу з…
Выбар Мінска ў якасці сховішча Арто Аўтыё ад абвінавачанняў па шэрагу цяжкіх злачынстваў не выглядае выпадковым. Урэшце, з нашай краінай ён звязаны не першы год. Беларусь жа не падпісала з Фінляндыяй двухбаковай дамовы аб экстрадыцыі злачынцаў. Хаця ўжо сёлета Аўтыё і сам зможа без перашкод вярнуцца ў Хельсінкі — міне 10-гадовы тэрмін даўніны:
«Тэрмін дзеяння падазрэнняў у здзяйсненні злачынстваў, звязаных з Моладзевай фундацыяй, якія расследуе Нацыянальнае бюро расследаванняў [Фінляндыі], заканчваецца ў снежні 2025 года», — паведамілі БРЦ у ведамстве.
БРЦ спрабаваў паразмаўляць з Арто Аўтыё, але скантактавацца з ім не атрымалася.
Беларускія сілавікі не могуць не ведаюць пра такіх гасцей краіны. Як патлумачыў БРЦ прадстаўнік ініцыятывы BelPol Уладзімір Жыгар, іх намагаюцца выкарыстаць:
«Ставіцца адзнака [на мяжы] пра ягонае прыбыццё, далей кантралююцца ягоныя перасоўванні і ў адзін цудоўны момант да яго прыязджаюць людзі ў цывільным і яго запрашаюць на гутарку. Натуральна, чалавек не можа адмовіцца ад такой гутаркі. … І яму прапануюць, скажам так, узаемавыгадную супрацу. Ён можа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, яго не чапаюць, а ён, да прыкладу, займаецца інвеставаннем, дапамагае знаходзіць нейкія шчыліны для абыходу санкцыяў».
Грошы, сувязі, магчымасці і веды — падсумаваў Жыгар карысці, якія беларускія ўлады бачаць у збеглых ад закону замежніках. Бадай найбольш высокапастаўлены сярод іх — экс-прэзідэнт Кыргызстану Курманбек Бакіеў. У 2010 годзе ён спрабаваў задушыць пратэсты ў краіне, а калі не здолеў, уцёк у Беларусь, дзе трапіў пад асабістую абарону Аляксандра Лукашэнкі.
Пазней былі байцы ўкраінскага падраздзялення «Беркут» — магчымыя ўдзельнікі растрэлу пратэстоўцаў на Майдане. Падчас разгону акцый 2020 года ў нашай краіне, яны насілі пагоны беларускага АМАПу.
Апошні з найбольш гучных прыкладаў — прыход у Беларусь байцоў прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэр» Яўгена Прыгожына пасля бунту ў чэрвені 2023 года. ПВК складалася ў тым ліку з былых вязняў расейскіх турмаў. Колькі іх і цяпер застаецца ў нашай краіне, невядома.
Каментары