Гісторыя2222

Азаронкі 1930-х: як склаўся іх лёс

У савецкай Беларусі, як і ў нацысцкай Нямеччыне, прапаганда была адной з галін прамысловасці. На яе працавалі часопісы, газеты і радыёстанцыі. Былі ў гэтай галіны ў Беларусі і свае ўдарнікі. Гэта Лукаш Бэндэ, Алесь Кучар, Якаў Бранштэйн, Янка Ліманоўскі, Фабіян Акінчыц і Уладзіслаў Казлоўскі. Іх гісторыі сабраў Мікіта Доўнар.

Падабенствы паміж прапагандай лукашэнкаўскага рэжыму і прапагандай савецкіх і нацысцкіх гадоў ўражваюць. 

  • Культ асобы і правадыра. Усе тры сістэмы актыўна стваралі і падтрымлівалі непагрэшны вобраз свайго лідара. Для савецкай прапаганды гэта быў Сталін, для нацысцкай — Гітлер, а для лукашэнкаўскай — Аляксандр Лукашэнка. Лідары паказваліся як адзіныя выратавальнікі нацыі, мудрыя і непамыльныя кіраўнікі, без якіх дзяржава не можа існаваць. Гэты культ асобы пранізвае ўсе сферы жыцця.

  • Вобраз «ворага» і падзел на «сваіх» і «чужых». Незаменным элементам прапаганды ва ўсіх гэтых сістэмах было і ёсць стварэнне вобраза ўнутранага і знешняга «ворага». Для нацыстаў гэта былі яўрэі, камуністы і іншыя «непаўнавартасныя» групы; для саветаў — «ворагі народа», «трацкісты», «імперыялісты»; для лукашысцкага рэжыму — «змагары», «заходнія агенты», «апазіцыянеры». Гэты падзел дазваляе кансалідаваць грамадства вакол «свайго» лідара і апраўдваць рэпрэсіі супраць «чужых».

  • Манаполія на інфармацыю і цэнзура. Усе тры рэжымы імкнуліся да поўнага кантролю над інфармацыяй. СМІ ператвараліся ў інструменты прапаганды, якія транслявалі адзіную «правільную» версію падзей. Любое іншадумства жорстка душылася, а незалежныя крыніцы інфармацыі блакаваліся. Мэта — не дапусціць крытычнага мыслення і забяспечыць абсалютную лаяльнасць насельніцтва.

  • Апеляцыя да «традыцыйных каштоўнасцей» і «асаблівага шляху»: І савецкая, і нацысцкая, і лукашысцкая прапаганда актыўна эксплуатуюць ідэі аб «асаблівым шляху» сваёй краіны, яе ўнікальнай і гістарычнай місіі, а таксама аб абароне «традыцыйных каштоўнасцей» ад нібыта разбэшчанага знешняга ўплыву. Гэта дазваляе стварыць пачуццё нацыянальнай выключнасці і апраўдаць ізаляцыю ад вонкавага свету.

  • Эмацыйны ўплыў замест рацыянальных аргументаў. Прапаганда гэтых рэжымаў заўсёды рабіла стаўку на эмоцыі — страх, нянавісць, гонар, патрыятызм. Замест фактаў і рацыянальных довадаў выкарыстоўваліся лозунгі, сімвалы, міфы і гіпербалізацыя. Мэта — не пераканаць, а мабілізаваць, стварыць адчуванне адзінства і безумоўнай падтрымкі рэжыму.

Самымі гучнымі прапагандыстамі былі не вельмі адукаваныя, часта нават прымітыўныя людзі. Пры гэтым азаронкі і мукавозчыкі 1930-х, як і іх сённяшняе пакаленне, не былі бяскрыўднымі палемістамі. Многія героі іх крытычных артыкулаў траплялі ў турмы і расстрэльныя спісы.

«Бэндэўская дубіна» і «Азаронкава кувалда»

Лукаш Бэндэ (злева) з жонкай і пісьменнікам Ізі Харыкам падчас адпачынку ў Сочы. Фота з часопіса ARCHE

Цэнтральнай фігурай прапаганды даваеннай савецкай Беларусі быў Лукаш Бэндэ, сын сялян з Палесся, з Янаўскага раёна.

Бэндэ па напорыстасці нагадваў Рыгора Азаронка, але пры гэтым меў інтэлектуальную прэтэнзію, уласцівую Андрэю Мукавозчыку. І пры гэтым быў, напэўна, пазаштатным супрацоўнікам НКВД — прынамсі, у вайну на фронт яго не забралі, ён правёў яе ў часці НКВД у Ленінградзе.

Адзін час Бэндэ ў жыў у Мінску ў доме для супрацоўнікаў НКВД на вуліцы Савецкай. Па горадзе ён хадзіў з пісталетам, што ўвекавечыў у адным са сваіх сатырычных вершаў Кандрат Крапіва. Лукаш Бэндэ, як і цяпер Азаронак, мог дазволіць сабе ўсё. Ён мог дастаць яго з кабуры і махаць перад носам тых, хто яму не падабаўся.

Так як цяпер арышту часта папярэднічае паклёпніцкая калонка Мукавозчыка, беснаваты тэлевыступ Азаронка, выпрыск яду Гладкай ці экзальтаваны пост Бондаравай, так і тады прэсінг ці арышту часта папярэднічаў пагромны артыкул Лукаша Бэндэ.

Андрэй Мукавозчык і Марыя Пятрашка на афіцыйным прыёме, 2023 год

Патрэба ў Бэндэ ўзнікла ў 1929 годзе, калі ўлады вырашылі згарнуць беларусізацыю і разгарнуць калектывізацыю. Так 26-гадовы Бэндэ стаў галоўным літаратурным крытыкам БССР. Тады значэнне літаратуры, нагадаем, было нашмат большым, чым цяпер.

Хаця, слова «крытык» — гэта гучна сказана. Як і Мукавозчык, абвешчаны «залатым пяром», ці Азаронак — ніякія не журналісты, а Бондарава, якая да сарака гадоў нідзе не вучылася і стала не працавала — нулявы філолаг, так і Бэндэ банальна працаваў на заказ зверху.

Выдатны беларускі гісторык Расціслаў Платонаў у 1990-я вывучыў дакументы з архіваў кампартыі Беларусі і апісаў гэты механізм. Ацэнкі фарміраваліся наверсе, пераважна ў Маскве, і даводзіліся да выканаўцаў, а Бэндэ проста трансляваў іх. 

Мішэнямі для Бэндэ былі вызначаныя «нацдэмы». У «нацыянал-дэмакраты» тады запісвалі беларусаў як некамуністычных поглядаў, так і камуністаў — галоўным крытэрам было адкрытае ці патаемнае жаданне, каб Беларусь некалі ўсё ж стала незалежнай.

Калі Лукашэнка цяпер перыядычна абзывае сваіх палітычных праціўнікаў «нацменамі», дык гэта ў яго памяці ўсплывае тое слова «нацдэм», толькі ён як недавук блытае, бо «нацмены» — гэта скарачэнне ад «нацыянальныя меншасці».

Калі Бэндэ абвясціў «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму» Купалу, паэта неўзабаве абвінавацілі ў кіраванні выдуманым «Саюзам вызвалення Беларусі».

У 1930-м маці і сястру Янкі Купалы раскулачылі.

20 лістапада гэтага ж года, пасля допыту ў ГПУ, Янка Купала зрабіў спробу самагубства, распароўшы сабе жывот. На шчасце, яго выратаваў доктар Стэфан Луцкевіч, брат Івана і Антона Луцкевічаў.

Але нават калі Купала, паралізаваны рэпрэсіямі, пачаў страчыць вершы тыпу:

Я калгасніца маладая,
Жыву весела, ані дбаю.

— той самы Бэндэ вінаваціў яго ў пісанні для адчэпнага.

Бэндэ наракаў у сваіх тэкстах, што ў Купалавых вершах больш няма агеньчыку:

«Вершы, у якіх Купала апявае савецкую рэчаіснасць, у мінорных танах, зусім іншага рытму і памеру. У гэтых вершах не адчуваецца такой узбуджанасці, адчувальнасці, размаху, сакавітасці вобразу, як у вершах варожага зместу».

«Трэба нашым пiсьменнiкам, асаблiва пачынаючым, рашуча адмовiцца ад думкi, што вершы пра «месяц», пра «вясну» i iншыя вузка асабiстыя перажываннi маюць якую-небудзь вартасць», — пагражаў Бэндэ.

Паэты з суполкі «Узвышша», многія з іх пацярпелі ад тэкстаў Бэндэ. Фота Wikimedia Commons

Гэта так жыва нагадвае выказванні Мукавозчыка на старонках газеты «Літаратуры і мастацтва». Той дакарае сённяшніх дзеячоў культуры, што тыя недастаткова аддана служаць рэжыму. Ён патрабуе ад інтэлігенцыі «падтрымкі неабходных рэпрэсій».

«Так-так, «рэпрэсій» — бо менавіта так некаторыя называюць ачышчэнне грамадства ад падплінтусных чаканцаў і затоеных змагароў. А таксама калі справядлівае пакаранне наганяе тых, хто ўлетку 20-га «гуляла-гуляю-ібудугуляць», а потым такія спрабавалі вырашыць пытанні ці проста паспадзяваліся на «ўсіх не знойдуць». Усіх знойдзем — і ў гэтым «мы» творчая інтэлігенцыя, мяркую, павінна стаяць калі і не ў першых, дык у шэрагах. Ці не, калегі?»

Такім жа «ачышчэннем» займаўся і Бэндэ. Напрыклад, Якуба Коласа ён вінаваціў у нацыяналізме.

«У сваім «Водгуллі», апяваючы «Родныя малюнкі», Якуб Колас перамогу рабочае клясы і ўстанаўленне пралетарскай дыктатуры на Беларусі ўспрымае як змену аднаго прыгнятацеля другім», — пісаў крытык.

Якубу Коласу таксама давялося публічна «каяцца», каб уратаваць сябе. Але пра гэта трошкі пазней.

Калі цяперашнім прапагандыстам не даюць спакою падзеі 2020 года, для Бэндэ і НКВД мегатрыгерам часта была Беларуская Народная Рэспубліка. Нават праз 15 год пасля разгрому БНР ён пісаў пра «прастытутак» і «дрэнь», якая хацела прадаць Беларусь Захаду. Мяняй імёны, і гэты тэкст не адрозніш ад выпадаў Азаронка.

«Такую фашыстаўскую дыктатуру, пад пратэктаратам фашыстаўскай Польшчы, і марылі стварыць Лёсікі, Некрашэвічы, Ластоўскія ды іншая сволач пасля звяржэння савецкае ўлады», — пісаў Бэндэ адразу пасля арышту усіх трох герояў артыкулу.

Сярод беларускай інтэлегінецыі быў тады папулярны выраз «бэндаўская дубіна». Гэта быў сінонімам «усяго адмоўнага і горшага», напіша пазней народны пісьменнік Беларусі, аўтар «Міколкі-Паравоза» Міхась Лынькоў.

У 1935 годзе газета «ЛіМ» выдала шарж, на якім пісьменнікі ідуць на Парнас. А ў самым канцы — Бэндэ з дубінай.

Праз 90 год гісторыя паўтарылася нават у дэталях. Азаронак у 2023-м пазіраваў з кувалдай, падарункам ад Лукашэнкі.

Рыгор Азаронак і Аляксандр Лукашэнка, скрыншот з відэа

Кувалда тады стала шырока вядомай як сімвал наёмнікаў з ПВК «Вагнер». Ёй вагнераўцы без суда і следства каралі смерцю людзей, якія правініліся перад імі.

Беспакараным лічыў сябе і Бэндэ. Але яго зорка свяціла ўсяго дзясятак гадоў. Пасля змены палітычнага курсу тэксты Бэндэ сталі лічыцца вульгарнымі. Крытыка накіравалі на працу ў Ленінград. Абвінавацілі ў трацкізме, выключылі з Саюза пісьменнікаў.

Прытаіўся Бэндэ,
Подбэндак унік —
Марная гавэнда
І дарэмны крык.

Не шуршыць папера
Пад даклад пусты…
Пачакай, нявера,—
Аддыхнеш і ты! — іранізаваў Якуб Колас.

Пасля вайны Бэндэ ўжо не дазвалялі друкавацца, зарабляў ён як выкладчык. І за асобную плату ён даваў беларускім творцам перапісваць з канфіскаваных калісьці арыгіналаў іхнія творы. Такі выпадак быў з творам Дубоўкі. У ягонай кватэры ў Ленінградзе, як згадваў Барыс Сачанка, стаялі на паліцах нявыдадзеныя кнігі Дубоўкі, Пушчы, Гарэцкага, Жылкі.

Бэндэ не вярнуўся ў Беларусь. Ён памёр у Ленінградзе, ва ўласнай кватэры на Неўскім праспекце, у пачатку 1960-х.

«Подбэндак» Айзік Кучар

Айзік Кучар, 1962 год

Подбэндкам у сваім вершы Якуб Колас назваў іншага «азаронка» 30-х — Айзіка (Алеся) Кучара. Менавіта ў выніку ягонага даносу ў лагер на 9 гадоў трапіў бацька першага кіраўніка незалежнай Беларусі, пісьменнік Станіслаў Шушкевіч.

Шушкевіча-старэйшага выслалі ў Расію ў 1937 годзе, а падчас працэсу следчы паказаў яму данос аўтарства Кучара, які ляжаў у аснове справы.

Пра тое, што крытык быў стукачом, у Мінску ведалі многія. Уладзімір Караткевіч, скажам, не хацеў вітацца з Кучарам за руку. Нават лаяльны камуніст Іван Шамякін пісаў у сваім дзённіку пра Кучара: «Наконт яго нас, маладых, старэйшыя папярэджвалі: пры ім языкі не распускаць».

Бэндэ і Кучар былі творчым тандэмам. Часам яны нават пісалі супольныя разгромныя артыкулы. Вось так Кучар змагаўся ў 1931 годзе з Якубам Коласам:

«Творчасць Якуба Коласа напаўняецца ліберальнай, нацыяналістычнай, буржуазнай ідэалогіяй нашаніўства. У яго творчасці гучаць тыпова нацыяналістычнае захапленне ўсім толькі беларускім наогул, роднымі песнямі, роднымі абразамі. Колас захоплены гэтымі вобразамі роднага краю ў метафізычным святле, застылымі, нярухомымі, пакутнымі і любіць іх, менавіта, за тое, што яны родныя вобразы», — пісаў Кучар.

«Подбэндак» граміў і паэму «Новая зямля». Пад сваім асуджальным артыкулам Кучар прыводзіць і «тлумачальную» ад Коласа, у якой паэт апраўдваецца за сваё мінулае.

«Катэгарычна парываючы з беларускім нацыянал— дэмакратызмам, які ва ўмовах Заходняй Беларусі перарос у нацыянал-фашызм, я безагаворачна асуджаю яго … як агіднае звяно ў іржавым ланцугу шкодніцтва контррэвалюцыйных арганізацый, нядаўна выкрытых у розных мясцох Саюза ССР, шпіёнажу замежных капіталістычных дзяржаў і іх генеральных штабаў, рыхтуючых употайку крывавую інтэрвэнцыю супраць Саюзу ССР», — вымушана пісаў Колас.

Пасля арышту паэта Валерыя Маракова ў 1935 годзе Кучар напісаў сілавікам характарыстыку пра яго творчасць.

Жыццялюб паэт Валер Маракоў быў забіты саветамі ў 1937-м. Яго пляменнік бізнэсовец Леанід Маракоў у 1990—2000-я складзе шматтамовыя даведнікі пра рэпрэсаваных 

«Маракоў з'яўляецца найбольш яскравым прадстаўніком багемска-ўпадніцкага атрада буржуазнага нацыяналізму ў беларускай літаратуры… у першую чаргу Маракоў — беларускі нацдэм і менавіта адсюль у яго пачынаецца ўпадніцкі, багемскі разлад з рэчаіснасцю. Савецкая рэчаіснасць яму чужая, варожая».

Маракова расстраляюць у Курапатах.

Поўны нянавісці да ўсяго беларускага таленавітага Кучар граміў нават Максіма Багдановіча, які памёр у 1917 годзе, да стварэння СССР.

«Творчасць Багдановіча пры ўсёй сваёй ідэёвай убогасці і адрыве ад канкрэтнай рэчаіснасці гэтым самым адрывам служыла сродкам класавага змагання … сродкам адурманьвання свядомасці працоўных мас. А гэта ў сваю чаргу азначае, што творчасць Багдановіча была рэакцыйнай па самой сваёй сутнасці», — пісаў Кучар.

Айзік Кучар яшчэ пабачыў на свае вочы крах СССР і ўзвышэнне тых, на каго ён даносіў. Памёр ён у 1996 годзе, на 87-м годзе жыцця.

Якаў Бранштэйн

Якаў Бранштэйн

Публічна асуджаў Максіма Багдановіча ў прэсе не толькі Кучар. Іншы крытык з той самай кагорты, Якаў Бранштэйн, верш пра «Слуцкіх ткачых» называў «нацыяналістычным творам».

У савецкай Беларусі ён апынуўся даволі выпадкова — як і Мукавозчык. Да таго Бранштэйн жыў у Варшаве і Арле. У Мінску ён хутка зрабіў кар'еру: уладкаваўся у Інстытут літаратуры і мастацтва Акадэміі навук, быў сакратаром партарганізацыі Саюза пісьменнікаў (Мукавозчык таксама ўзначальвае адну з секцый саюза).

Бранштэйн, як і яго «калегі па цэху», шукаў сярод пісьменнікаў «нацдэмаў».

У 1937-м ён і сам стаў ахвярай той сістэмы, у якую верыў. Улетку 1937 года яго абвінавацяць у трацкізме. 26 кастрычніка Бранштэйна расстраляюць як і больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты. Разам з тымі, пра каго ён пісаў.

Ляжыць ён недзе ў Курапатах, факт расстрэлаў у якіх цяперашнія бранштэйны адмаўляюць.

Янка Ліманоўскі і «Беларусь — калонія заходнееўрапейскага фашызму»

Янка Ліманоўскі, пісьменнік і тэатрал

А вось Янка Ліманоўскі, яшчэ адзін аўтар пагромных артыкулаў 30-х, выжыў, уратаваўся, прычым у нечаканым месцы — у ЗША.

А ў 1930-я ён быў стваральнікам Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў — той самай, з якой былі звязаныя Бэндэ і Кучар. Вось урывак з яго артыкула ў «Чырвонай Беларусі» (1931 год). 

«І калі рукамі пралетарскай дыктатуры быў вырваны найбольш сакавіты куст нацдэмаўскай расліны, дык усе пабачылі, што … карэнне гэтай расліны — гэта кулацкія паўстанні, інтэрвенцыя, блок з фашыстоўскай Польшчай, Беларусь з адноўленым буржуазным ладам, Беларусь — калонія заходнееўрапейскага фашызму. Туды вялі нацдэмаўскія дарожкі», — пісаў Ліманоўскі.

Або вось яшчэ адзін ягоны тэкст, пад якім падпісаліся б і Бондарава, і вызвалены ў школе ад вывучэння беларускай мовы Мукавозчык: «Можна яшчэ ўспомніць пра беларускую лінгвістыку, якая … замест ужывання расійскіх слоў …, якія зразумелы ўсім не толькі ў БССР, але і нават па-за межамі СССР, стварала або штучныя незразумелыя словы, або скарыстоўвала не больш зразумелыя для беларусаў са словы з іншых моў. Ці не сумаванне тут аб «культурнай» замежнай мове? Ці не аднаго гатунку тут з’ява, што і сумаванне?» — пытаўся Ліманоўскі.

Вось толькі падчас нямецкай акупацыі Беларусі Ліманоўскі працаваў у гарадскім тэатры загадчыкам літаратурнай часткі. А пасля выехаў разам з немцамі і трапіў у ЗША. І нават некаторы час пабыў у Радзе БНР.

Ён памёр пад Чыкага ажно ў 1989 годзе, пражыўшы 93 гады.

Рыгор Азаронак на судзе над Вольгай Калацкай

Акінчыц, Казлоўскі, і «мы перажываем эпоху канання капіталізму»

Калі Мукавозчык падобны да Бэндэ, то Рыгор Азаронак па сваёй стылістыцы і ідэалогіі, па захапленні «моцнай рукой» і людзьмі ў форме вельмі падобны да публіцыстаў з іншага полюса — нацыянал-сацыялістаў.

Самымі заўважнымі постацямі гэтага кірунку ў Беларусі былі Фабіян Акінчыц і Уладзіслаў Казлоўскі.

Фабіян Акінчыц, 1907 год. Фота Wikimedia Commons

Акінчыц і Казлоўскі так пісалі пра Гітлера: «З пункту гледжання нямецкай нацыі гітлерызм не толькі будзе апраўданы, але пяройдзе ў гісторыю, як сіла, якая адрадзіла Нямеччыну».

А гэта Азаронак: «А ў Беларусі кіруе апошні Тытан. Бацька з той пароды. З вялікіх. З геніяў. З тых, хто трымае гісторыю ў руках і накіроўвае яе хаду (…) І ніколі больш Рыма не будзе. Будуць бездапаможныя дробныя піцаскурыя макаронныя італьяшкі. Але Рым не загінуў. Ён схаваўся ў Беларусі. І хутка — яго наступ».

У сярэдзіне 1930-х Акінчыц пісаў пра неабходнасць вайны, якая «выправіць» сітуацыю ў Еўропе і зробіць яе больш справядлівай. 

«Але баяцца ваенных забурэнняў мы, беларусы, не павінны, як не баіцца іх той, каму няма чаго траціць. Вайна з’яўляецца фактычна тым «рэгулятарам», які напраўляе палітычнае жыццё народаў, які разбурае ўстабілізаваныя несправядлівасці».

Уладзіслаў Казлоўскі. Фота Wikimedia Commons

Азаронак таксама захапляецца вайной і публічна кажа пра тое, што яна адкрывае для Беларусі новыя магчымасці. «Усё пакрыецца ядзерным крышталем», — прарочыць Азаронак Еўропе. «Мы не асабліва расстроімся, калі Балтыйскае мора разальецца на ўсе вашы ваяводствы. У нас затое нарэшце рэальна свае парты будуць», — кажа ён.

«Захад будзе акукляцца, прасядаць, паміраць, іздыхаць»,— словы Азаронка.

«Мы перажываем эпоху канання капіталізму ў Еўропе: пройдзе яшчэ адна бура з навальніцаю, і ён сам праз сябе разваліцца», — пісаў у 1935-м Фабіян Акінчыц, заклікаючы адбіраць у яўрэяў маёмасць.

«Вось ёсць у нас нобелеўка… Чаму ў ейнай кватэры… Вось! На вайскова-патрыятычныя клубы, сілавікам трэба аддаць. Чаго мы саромеемся, я не разумею?» — заклікае канфіскаваць кватэру Святланы Алексіевіч Азаронак.

Акінчыц асабліва разышоўся ў час нямецкай акупацыі. Гэта па ягоным даносе быў расстраляны ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі

Урэшце 57-гадовага Акінчыца ў сакавіку 1943 года забіў у кватэры Уладзіслава Казлоўскага падпольшчык. У лістападзе таго ж года ў рэдакцыі «Беларускай газеты» застрэляць і самога Уладзіслава Казлоўскага. Так скончылася жыццё тых, хто самі гадамі заклікалі да знішчэння «ворагаў».

Акінчыц пахаваны недзе на Вайсковых, а Казлоўскі — на Кальварыйскіх могілках, але ніхто не ведае, дзе яны там ляжаць, памяць пра іх сцёрлася.

Калі параўноўваеш той час і наш, кідаецца ў вочы, наколькі мала тых, хто выслужваўся і даносіў. Людзі жылі, прыстасоўваліся, выжывалі, парой ішлі на кампрамісы. Але такіх, як вышэй пералічаныя, і тады, і цяпер былі адзінкі. 

Каментары22

  • Австрияк
    07.06.2025
    Проход по граблям, Акинчиц и Козловский ответили. Очень надеюсь что Гришу ждет близко к этому варианту а не дожить на Невском
  • Э,нет
    07.06.2025
    [Рэд. выдалена]

    [Зрэдагавана]
  • Железный Дровосек
    07.06.2025
    Как бы это аккуратно сказать,эммм… Только литературно,по Гоголю—кувшинные рыла. Ну ведь ни одного человеческого лица. У холуев. Впрочем,каков поп.
    Similia similibus

Цяпер чытаюць

«Гэта шлях адзіночкі». Беларус большую частку жыцця праводзіць у вандроўках — наведаў ужо амаль 500 аб’ектаў ЮНЕСКА10

«Гэта шлях адзіночкі». Беларус большую частку жыцця праводзіць у вандроўках — наведаў ужо амаль 500 аб’ектаў ЮНЕСКА

Усе навіны →
Усе навіны

Як Трамп прайграе ўласную гандлёвую вайну з усім светам7

Ушчэнт п’яная аўтамабілістка наехала на веласіпедыстку і кінула яе паміраць7

Ці можа пасажыр з верхняй паліцы ў цягніку прымусіць чалавека з ніжняй падзяліцца месцам? Не ўсё так проста2

Без шлагбаўма і па перадаплаце. Што зменіцца для аўтамабілістаў Беларусі: новыя правілы платных парковак

Якая гарэлка з Беларусі ўвайшла ў рэйтынг найлепшых сусветных алкагольных брэндаў12

Топ-100 кампаній Польшчы з беларускімі каранямі ўзначаліў EPAM, у спіс увайшла і кампанія Сахашчыка11

Тачыць лясы. Што такое лясы і навошта іх точаць?1

Чаму цямнее Сусветны акіян і чым гэта пагражае2

Бацька Ілана Маска прыляцеў у Маскву для ўдзелу ў форуме, арганізаваным Дугіным8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Гэта шлях адзіночкі». Беларус большую частку жыцця праводзіць у вандроўках — наведаў ужо амаль 500 аб’ектаў ЮНЕСКА10

«Гэта шлях адзіночкі». Беларус большую частку жыцця праводзіць у вандроўках — наведаў ужо амаль 500 аб’ектаў ЮНЕСКА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць