Маладыя беларусы набылі дом за 42 рублі і пераробліваюць яго ў здымачную пляцоўку
Дом у маляўнічых мясцінах непадалёк ад Мінску маладзёны набылі праз аўкцыён. Цяпер яны актыўна працуюць на ўчастку: пілуюць дрэвы і вывозяць смецце. Цалкам працэс пакупкі і акультурвання ўчастку энтузіясты апісваюць у тыктоку.

Маладыя людзі прыглядзелі раён за 100 кіламетраў ад Мінска яшчэ летась. Тады яны звярнуліся да старшыні сельсавета — ён даў ім адрасы дамоў, па якіх у гэтых мясцінах пройдзе аўкцыён.
На ўчастак, які быў ім даспадобы, яны сталі адзінымі ахвотнымі. Пакупка 75-гадовага дома і тэрыторыі на 29 сотак каштавала ім адну базавую велічыню — 42 рублі.

Удзел у аўкцыёне каштаваў 8 рублёў, але ў выпадку пройгрышу гэта сума вярталася б. Яшчэ 128 рублёў давялося заплаціць за рэкламу аўкцыёна ў газеце і іншыя дакументы. 250 рублёў каштавала праца землямераў — яны ацанілі ўчастак і па перыметры паставілі калкі.
Пасля маладзёнам выдалі дакумент, з якім яны могуць атрымаць пашпарт на дом.
Дзяўчына кажа, што абраны імі дом мае каменны фундамент, столь у ідэальным стане, моцныя сцены і падлогу. Але з аднаго боку дома прагніла ніжняе бервяно, таму яго трэба будзе замяніць. Столь маладзёны таксама збіраюцца ўсё ж адрамантаваць, але пазней.
Унутры ёсць дзве печы, якія дзесяць гадоў ніхто не выкарыстоўваў. Іх маладзёны прыбяруць — як і смецце, і старую мэблю.
На ўчастку яны працуюць ужо другі сезон: мінулым летам прыязджалі шэсць разоў, каб адчысціць тэрыторыю ад кустоў, лішняй травы і дрэваў. Але гэта аказалася бессэнсоўнай задумай.
«Усё, што летась мы вырубілі, сёлета вырасла зноў. Шэсць паездак абышліся прыблізна ў 100 рублёў кожная — гэта бензін, ежа і іншае», — тлумачыць дзяўчына.
Сёлета беларусы вырашылі заказаць на ўчастак тэхніку. Пагрузчык, што прыбіраў смецце, каштаваў 100 рублёў на гадзіну. Дапамагаў таксама і трактар — за 80 рублёў на гадзіну. Яма, куды вывозілі непатрэбныя расліны, была далёка — шлях да яе займаў дадатковы час. Агулам тэхніка працавала каля 15 гадзін і акультурыла 15 сотак зямлі, што каштавала 2700 рублёў.

«Там, дзе быў зараснік кустоў маліны і дзірван, атрымалася даўжэй вывозіць смецце, чым з тых месцаў, дзе раслі вялікія дрэвы, кусты і было карэнне.
Так, дзірван можна было раскідаць па ўчастку і ўсё потым разраўняць, але нам сказалі, што лепш гэта рабіць восенню, каб усё паспела перагніць, і потым увесну разраўняць плугам», — кажа аўтарка відэа.
У тыкток-профілі маладых людзей пазначана, што на ўчастку яны плануюць стварыць пляцоўку для здымак кіно.
Каментары