Свет2525

«Паражэнне польскай дыпламатыі». Адсутнасць палякаў у Вашынгтоне прывяла да палітычнага скандалу ў Варшаве

У нядзелю, перад сустрэчай Уладзіміра Зяленскага і еўрапейскіх лідараў з Дональдам Трампам, крыніцы ў адміністрацыі прэзідэнта Польшчы неафіцыйна перадавалі, што прэзідэнт Караль Наўроцкі таксама паляціць у ЗША. Але ў дзень саміту ён усё ж застаўся дома. Польскія палітычныя аглядальнікі лічаць, што Наўроцкага проста не запрасілі амерыканцы, але яго асяроддзе і ўрад пачалі абвінавачваць адно аднаго, піша ВВС.

Падчас перадвыбарнай кампаніі Караля Наўроцкага Трамп запрасіў яго ў Белы дом. Фота: Белы дом

У Польшчы ўжо некалькі дзён бушуе палітычны скандал вакол пытання: як так здарылася, што такая ўплывовая ў Еўропе краіна не ўдзельнічала ў важнай для бяспекі рэгіёна падзеі. Палітычны падзел паміж непрымірымымі апанентамі — урадам і прэзідэнцкім атачэннем — праявіўся і тут, выліўшыся ў мора ўзаемных абвінавачванняў.

Караль Наўроцкі — нядаўна абраны прэзідэнт Польшчы ад правакансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць», якая шмат гадоў змагаецца за ўладу з ліберальнай «Грамадзянскай платформай».

Лідар апошняй, Дональд Туск, узначальвае ўрад Польшчы і праводзіць праеўрапейскую палітыку, у той час як Наўроцкі робіць стаўку на нацыяналізм і кансерватыўны курс.

З моманту абрання Наўроцкага існавалі асцярогі, што ён паспрабуе разваліць урад. Гэта пакуль не здарылася, але іх канфлікт ужо паўплываў на знешнюю палітыку Польшчы. Наўроцкі нават выступіў супраць уступлення Украіны ў НАТА.

Саміт Трампа, Зяленскага і еўрапейскіх лідараў у Вашынгтоне быў ініцыяваны на нядзельнай анлайн-канферэнцыі «Кааліцыі рашучых» — групы лідараў 33 краін, у тым ліку Польшчы, якія падтрымліваюць Украіну ў яе барацьбе з расійскай агрэсіяй. Тады вырашылі, што сустрэча ў Белым доме пройдзе ў тым жа фармаце, што і суботняя відэагутарка Трампа з еўрапейцамі.

Польшчу на ёй прадстаўляў прэзідэнт Наўроцкі, таму было б лагічна, каб у Вашынгтон паехаў таксама ён. Акрамя таго, удзел Наўроцкага, а не прэм’ера Туска, разглядаўся яшчэ і таму, што Наўроцкі, у адрозненне ад Туска, мае добрыя адносіны з Трампам.

Сувязямі ў Вашынгтоне, як піша Gazeta Wyborcza, палітыкі з «Права і справядлівасці», звязанай з Наўроцкім, хваліліся шмат гадоў. Паводле выдання, некалькі ўплывовых асоб з атачэння Трампа дапамаглі Наўроцкаму падчас яго прэзідэнцкай кампаніі патрапіць у Авальны кабінет і заручыцца падтрымкай прэзідэнта ЗША.

Але нягледзячы на гэтыя сувязі, у найважнейшай сустрэчы, якая датычыцца міру ва Украіне, Наўроцкі ўдзелу не прыняў.

Двухбаковая сустрэча важней за саміт 18 жніўня?

Прэс-сакратар прэзідэнта Наўроцкага ў панядзелак паведаміў агенцтву PAP, што прэзідэнт «надае прыярытэт падрыхтоўцы візіту ў ЗША 3 верасня».

Гэта заява выклікала хвалю крытыкі з боку паліткаментатараў.

«Вы сур’ёзна? Вы адмовіліся ад гістарычнай сустрэчы, на якой можа быць выпрацавана база (а можа, і цэлае пагадненне) па спыненні агню ва Украіне, што паўплывае і на бяспеку Польшчы, дзеля некалькіх фота з Трампам? Двухбаковыя сустрэчы ў Белым доме — гэта пераважна піяр. А канферэнцыі лідараў ЗША і Еўропы — гэта жорсткая палітыка, ад якой Наўроцкі адмовіўся», — напісаў рэдактар Gazeta Wyborcza Барташ Вялінскі.

Пазней і сам прэзідэнт «супакоіў» палякаў, нагадаўшы, што ў суботу ўдзельнічаў у размове з Трампам пасля яго сустрэчы з Пуціным на Алясцы, а на яго сустрэчы з Трампам 3 верасня пытанне міру ва Украіне будзе «адным з вельмі важных пунктаў».

Каментуючы сваю адсутнасць на саміце ў Белым доме, Наўроцкі сказаў, што ў кааліцыі Польшчу прадстаўляе ўрад, а еўрапейскіх лідараў у Вашынгтон запрашаў Уладзімір Зяленскі.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў адказ заявіў, што ў Белы дом запрашае прэзідэнт ЗША.

«Хачу паведаміць, што на сустрэчы ў Белым доме запрашае прэзідэнт Злучаных Штатаў, з якім прадстаўнікі руху MAGA і асабіста прэзідэнт Караль Наўроцкі маюць прывілеяваныя адносіны. Прашу скарыстацца імі на карысць Польшчы і Еўропы», — напісаў Сікорскі ў панядзелак у X.

Аднак у адміністрацыі прэзідэнта сцвярджаюць, што ўдзел польскай дэлегацыі абмяркоўваўся ў суботу і нядзелю падчас відэаканферэнцый «Кааліцыі рашучых», дзе Польшчу прадстаўлялі Туск і Сікорскі.

Сікорскі адказаў, што канцылярыя прэзідэнта атрымала падрабязны даклад пра гэтыя канферэнцыі і ведае, што ніякай «рэгістрацыі на сустрэчу» там не было.

Прэс-сакратар урада Адам Шлапка заявіў, што на сустрэчах з прэзідэнтам ЗША Польшчу ў прынцыпе павінен прадстаўляць таксама прэзідэнт.

«Сённяшняя сустрэча ў Вашынгтоне праходзіць у тым жа фармаце, што і папярэднія анлайн-сустрэчы еўрапейскіх лідараў, у якіх удзельнічаў прэзідэнт Трамп. Там Польшчу прадстаўляў прэзідэнт Караль Наўроцкі», — напісаў Шлапка ў панядзелак у X.

Гэты «дыпламатычны пінг-понг» падсумаваў журналіст Міхал Альшэўскі, напісаўшы, што 18 жніўня стала «днём вялікага паражэння польскай дыпламатыі», і што на самой справе не мае значэння, чаму менавіта Наўроцкага не было на сустрэчы ў Вашынгтоне.

«Горш за ўсё тое, што гэта — не паражэнне Наўроцкага або польскіх правых. Гэта правал абароны нацыянальных інтарэсаў Польшчы. Мы хацелі быць часткай групы ключавых гульцоў, але высветлілася, што за былыя заслугі ў Белы дом за стол не садзяць», — напісаў Альшэўскі ў Facebook.

Польшча — адна з ключавых саюзніц Украіны. Акрамя прамой ваеннай дапамогі, Польшча забяспечвае лагістыку паставак большасці зброі і тэхнікі ва Украіну.

Каментары25

  • Неошляхтич
    20.08.2025
    Просто там не обсуждали Волынскую резню, так что полякам там делать было нечего.
  • Адказ
    20.08.2025
    Там былі тыя хто хоча свае войскі на Украіну накіраваць пасля заканчэння вайны. Польшча гэтага не будзе рабіць - бо мы самі маем межы з Расеяй і Беларуссю. Таму і не трэба нам туды ехаць
  • Хыхы
    20.08.2025
    Адказ, да-да-да, отчего ж Финляндия с 1200км общей границы (в два раза больше чем у Польши с РБ и росией) поехала?

Цяпер чытаюць

Мінчук чатыры гады трымаў у рабстве пенсіянераў і прымушаў іх прасіць міласціну. Яны ўжо памерлі8

Мінчук чатыры гады трымаў у рабстве пенсіянераў і прымушаў іх прасіць міласціну. Яны ўжо памерлі

Усе навіны →
Усе навіны

Макрон назваў Пуціна драпежнікам і людаедам7

«На мове Расіі мы тут не размаўляем». Суддзя чэмпіянату Украіны так аргументавала жоўтую картку за неспартыўныя паводзіны12

Легінсы ўсё? Новае пакаленне апранае шырокія спартыўкі13

У Ніны Багінскай адабралі імянны гадзіннік10

Аўтобусам хутчэй, але пастаяць давядзецца. У сэрвісе продажу квіткоў расказалі пра сітуацыю на межах з ЕС2

«Не магу проста сядзець і нічога не рабіць». Гутарка з самым маладым ваяром палка Каліноўскага13

Як блакуюць званкі ў месенджарах? Ці могуць гэта зрабіць у Беларусі і як тады званіць у Telegram?7

У пункце «Каменны Лог» зноў прапускаюць аўто

Як кампанія нявесткі Лукашэнкі зарабляе мільёны толькі на радыё5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчук чатыры гады трымаў у рабстве пенсіянераў і прымушаў іх прасіць міласціну. Яны ўжо памерлі8

Мінчук чатыры гады трымаў у рабстве пенсіянераў і прымушаў іх прасіць міласціну. Яны ўжо памерлі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць