Мінчанка асэнсавала, што стала кур’еркай махляроў, і звярнулася ў міліцыю, таму пазбегла крымінальнай адказнасці
У сталічную міліцыю звярнулася 69-гадовая пенсіянерка, якая стала пасланцам махляроў, паведамляе тэлеграм-канал сілавікоў.

Жанчына паверыла званку нібыта ад «Энергазбыту» і падказала свае асабістыя даныя, пасля чаго з ёй звязаліся фэйкавыя «супрацоўнікі СК і Нацбанка», якія напалохалі крымінальнай адказнасцю і прымусілі дапамагаць.
Яна павінна была з’ездзіць да дзвюх «супрацоўніц банка» і па кодавых словах забраць у іх грошы. Мінчанку не збянтэжыла, што «супрацоўніцам» было за 80.
На самой справе яны таксама сталі ахвярамі махляроў і думалі, што ратуюць свае зберажэнні ад вобшуку. Адна зь іх аддала кур’ерцы 10 тысяч даляраў, другая — больш за 67 000 рублёў.
Наступным заданнем было адвезці наяўныя ў суседнюю краіну. Нарэшце жанчына зразумела, што ўдзельнічае ў злачынным ланцужку, і проста на вакзале звярнулася ў міліцыю.
Грошы вернуцца іх законным уладальнікам, пенсіянерка вызваленая ад крымінальнай адказнасці.
Каментары