«Вітаем на радзіме». Беларус распавёў пра затрыманне на мяжы за лайк і сапсаваны адпачынак
Беларус у Threads падрабязна распавёў пра сваё затрыманне на мяжы за лайк, умовы ў ізалятары і суд, заўважыла «Вясна». Вось яго расказ.

«Справа была на Брэсцкім памежным пераходзе. Калі я падышоў да акенца, дзе сядзіць памежнік, жанчына, што была там, ледзь не пад мікраскопам разглядала мой пашпарт і ўсе візы і штампы, што там стаяць.
Праз пару хвілін такога «агляду» сказала, што пашпарт пакуль паляжыць у яе, а мяне выклічуць для дадатковых пытанняў.
Чакаў я, пакуль мяне выклічуць, напэўна, хвілін 15—20. Калі зайшоў у пакой для допытаў, памежнік адразу ж папрасіў мой тэлефон.
Напэўна, праз пару хвілін капання ў маім тэлефоне ён кажа, што знайшоў лайк на пост Святланы Ціханоўскай, пастаўлены ў 2020 годзе.
На пытанне, чаму ў мяне яго не павінна быць, калі канал быў прызнаны экстрэмісцкім у 2023 годзе (а закон зваротнай сілы ў Беларусі не мае), мне адказалі, што разбяруцца міліцыянеры. Павялі мяне ў іншы пакой. Тэлефон, зразумела, не вярнулі, патэлефанаваць нікому, зразумела, не далі.
Так я прасядзеў у чаканні мужчын у пагонах прыкладна 4 гадзіны. Калі яны прыехалі, сказалі, што я затрыманы, зашчоўкнулі кайданкі за спінай, пасадзілі ў УАЗік за краты і павезлі ў РАУС.
У камеры я пазнаёміўся з такім жа асабліва небяспечным злачынцам. Сядзелі мы, напэўна, гадзін да 17—18 вечара (цягам дня прывезлі яшчэ аднаго «экстрэміста»).
А 18-й гадзіне нас павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ). Па дарозе заехалі кудысьці, дзе ў мяне ўзялі адбіткі пальцаў (аказваецца, адбіткаў асабліва небяспечнага злачынцы нават у базе не было).
Па прыбыцці ў ІЧУ нас пасялілі ў камеру да двух мясцовых «пастаяльцаў». Яны і распавялі, што палітычных прывозяць кожны дзень з мяжы, і ІЧУ не пустуе зусім.
Дарэчы, мы ўсе былі дзень у дарозе, а наступны дзень прасядзелі ў РАУС без ежы. На просьбу пакарміць хаця б вячэрай нам сказалі, што ўсё ўжо скончылася.
У камеры ты не можаш ляжаць, не можаш абапірацца на сцяну ці стол. Або стаіш, або сядзіш, ні на што не абапіраючыся.
Адбой быў а 22:00, пад’ём — а 6:00. Падчас ночы а 2:00 і 4:00 падыходзіць таварыш міліцыянер да дзвярэй і ўсіх будзіць. Ты павінен падысці і сказаць: прозвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэння і артыкул, паводле якога ты тут знаходзішся.
Другі дзень прайшоў неяк сам па сабе, нагаварыліся з хлопцамі ад душы. Я, напэўна, столькі не размаўляў за ўсё жыццё. На другія суткі ў ІЧУ, бліжэй да 14:00, мяне выпусцілі. Калі выпускалі, сказалі, што суд мусіць адбыцца праз 10 дзён.
Я адказваю, што праз 4 дні мушу ляцець дадому, бо прыехаў у адпачынак. Таварыш у пагонах з неахвотай закрэслівае дату і ставіць новую — на паслязаўтра.
Калі я прыйшоў на суд, найперш мяне спыталі: «А навошта вы наогул прыйшлі?»
З моманту ўваходу ў залу суда і да выхаду прайшло роўна 7 хвілін. Суд прызначыў 12 базавых штрафаў, без канфіскацыі тэлефона (лайк быў пастаўлены са старога тэлефона), а таксама трэба было аплаціць 1 базавую за двое сутак у ІЧУ.
І аказваецца — УВАГА! — лайк на пост у Instagram я паставіў у дзень, калі пераходзіў мяжу (лайк быў пастаўлены ў 2020 годзе, але ў пратаколе пазначылі, нібы лайк быў пастаўлены ў дзень уезду ў Беларусь, патлумачыў пазней хлопец. — НН).
Каб забраць свой тэлефон, мне давялося заставацца ў краіне яшчэ 10 працоўных дзён, каб пастанова ўступіла ў сілу. Білеты на самалёт згарэлі. У выніку, прыехаўшы на тыдзень, каб пабачыць блізкіх, давялося правесці ў краіне каля 20 дзён. Адпачынак удаўся.
Яшчэ вельмі запомнілася фраза памежнікаў, якія мяне затрымлівалі, і міліцыянераў, што адпускалі з ІЧУ:
«Вітаем на радзіме».
Каментары