Грамадства33

Топавы беларускі валейбаліст уладкаваўся настаўнікам фізкультуры ў Польшчы

34‑гадовы Артур Удрыс гуляў у камандах дзесяці краін, станавіўся бронзавым прызёрам клубнага чэмпіянату свету. Пасля выбараў-2020 ён падпісаў ліст свабодных спартсменаў супраць гвалту і адмовіўся выступаць за нацыянальную зборную. Сёння Удрыс выкладае фізкультуру ў польскім Аўгуставе — невялікім горадзе на паўночным усходзе Польшчы. А яшчэ кансультуе як псіхолаг. MOST пагутарыў з валейбалістам пра жыццё пасля спорту, дзве працы і досвед эміграцыі.

Артур Удрыс. Фота з яго архіва

«Аўгустаў — роднае Глыбокае ў версіі 2.0»

Калісьці Артур гуляў у Польшчы, да таго ж у гэтай краіне жылі сябры — адзін з іх дапамог уладкавацца.

Жонка спартсмена з дзецьмі прыехалі ў Аўгустаў раней за яго, а ён пагадзіўся пагуляць сезон у Кітаі. У 2024 годзе ён вырашыў скончыць са спортам і далучыўся да сям'і. У Аўгуставе Артур жыве ўжо больш за год. У невялікім польскім горадзе спартсмену камфортна.

— Горад нечым нагадвае роднае Глыбокае, дзе правёў дзяцінства. Толькі ў версіі 2.0, вядома. Тут добрая інфраструктура, ёсць прыватныя садкі і школы, сучасныя супермаркеты, дастаўка выдатна працуе — баюся, Глыбокаму да Аўгустава далёка. Там пяць гадоў таму і мабільны інтэрнэт не ўсюды быў.

Па словах экс-валейбаліста, галоўныя праблемы ў яго тыя ж, што і ў многіх эмігрантаў: мова і пытанні легалізацыі.

— Калі б жыў у краіне, дзе не трэба вучыць мову і адразу б выдалі пашпарт, усё было б ідэальна. А так часам асцерагаешся: раптам улады прыдумаюць чарговы закон і давядзецца зноў пераязджаць. Але такая рэальнасць эміграцыі — я гэта прымаю.

«Варшава — не мой горад»

Падчас спартыўнай кар'еры Удрыс правёў два сезоны ў Польшчы. Клуб з Чэнстаховы быў першай замежнай камандай спартсмена, а ў 2019 годзе ён апынуўся ў Варшаве. Праўда, успаміны пра той час у яго не з прыемных.

— Гэта быў адзін з двух найгоршых сезонаў у кар'еры. Мала таго што недагулялі год з-за каранавіруса, дык яшчэ і абстаноўка ў калектыве была таксічная. Мне не падабаўся ні трэнер, ні, напрыклад, стаўленне старэйшых партнёраў да малодшых. Акрамя таго, атрымаў траўму на пачатку сезона, у якой вінаваціў сябе. Потым калена пастаянна апухала… Карацей, не ўпісаўся ў тую каманду.

Зараз Варшава ў яго вачах прайграе Аўгуставу, у тым ліку з-за стаўлення да імігрантаў.

— У маім асяроддзі палякі прыветлівыя, гатовыя дапамагчы пры неабходнасці. Не было такога, каб скоса глядзелі, калі гаварыў на рускай. А вось у Варшаве здаралася. Па працы рэгулярна езджу ў сталіцу, сустракаюся там і з сябрамі. Памятаю, з калегам у трамваі нешта абмяркоўвалі на рускай і нейкія, назавём так, маргіналы, прапанавалі «адправіцца» ва Украіну. У Аўгуставе нават у мясцовым ужондзе (дзяржаўным органе. — Заўв. MOST), калі я на суперламанай польскай спрабаваў паразумецца, мне сказалі, што ўсё добра, ніякі перакладчык не спатрэбіцца.

Беларусу не спадабалася ў Варшаве і па іншай прычыне.

— Унутры сталіцы раз'езды займаюць шмат часу, большыя цэны на прыватныя школы, арэнду жылля. Калі б пра пераезд у Беласток я б, можа, і падумаў у будучыні, то ў Варшаву — наўрад ці. Не мой горад.

«Ніхто не забараняе мне імправізаваць»

Нягледзячы на некаторы моўны бар'ер, Удрыс з 1 верасня гэтага года працуе ў Аўгуставе настаўнікам фізкультуры ў прыватнай школе. Ён праводзіць урокі ў дзяцей пяці класаў — з чацвёртага па восьмы, а яшчэ замацаваны за адным класам у ролі памочніка для дзіцяці з асаблівасцямі развіцця.

— У гэту школу ў другі клас ходзіць і мая дачка Кіра. Яна, дарэчы, калі штосьці не ведаю па-польску, мне дапамагае. Але наогул кіраўніца сказала, што калі на ўроках буду часцей выкарыстоўваць англійскую — а школа двухмоўная, — то нават лепш. Але я ўсё ж імкнуся часцей гаварыць на польскай. У Аўгуставе, дарэчы, амаль няма рускамоўных, што добра для хутчэйшай інтэграцыі.

Па словах Удрыса, у яго школе на ўроках фізкультуры няма нарматываў, добра знаёмых беларусам з дзяцінства.

— У праграме прапісаныя агульныя напрамкі, але ніхто не забараняе мне імправізаваць. Займаемся ў зале. У асноўным даю практыкаванні на камандныя ўзаемадзеянні.

«Прыярытэт — псіхалогія»

Артур пакуль не ўпэўнены, ці надоўга яго зацягне праца настаўнікам. Бо яшчэ падчас спартыўнай кар'еры валейбаліст скончыў Усходне-Еўрапейскі інстытут псіхааналізу па спецыяльнасці псіхолаг і стаў праводзіць анлайн-кансультацыі.

— Цяпер у мяне атрымліваецца так, што ў школе загрузка прыкладна 40 гадзін на тыдзень. Мог бы браць і больш гадзін, але ўсё ж прыярытэт — псіхалогія. Але пакуль няма такой колькасці кліентаў, каб забяспечыць фінансавую незалежнасць. А ў школе ў месяц зарабляю каля 6500—6800 злотых на рукі. Гэта добрая падмога, — распавядае беларус.

У працы ў школе адукацыя псіхолага і веданне тэрапеўтычных тэхнік часам вельмі дарэчы.

— Памятаю, дзве дзяўчынкі адмаўляліся трымацца за рукі з двума хлопчыкамі, як было прадугледжана падчас практыкавання. Штосьці адбылося. Па чарзе хадзіў да іх, каб высветліць прычыны канфлікту і што можна зрабіць для нармалізацыі зносін. І з дапамогай дыялогу і серый узаемных саступак удалося дабіцца, што, прынамсі цяпер, яны ўжо не задзіраюцца.

«Не хацеў быць зноў без сям'і»

Удрыс прызнаецца, што ў прыняцці вымушанай эміграцыі яму дапамагло спартыўнае мінулае — частая змена клубаў, краін, неабходнасць хуткай адаптацыі да незнаёмай культуры.

— Я гуляў не толькі ў Еўропе, але і ў Казахстане, Турцыі, Паўднёвай Карэі, Кітаі, Катары. Праўда, у прафесійнай камандзе добрага ўзроўню за цябе амаль усе пытанні вырашае клуб. Хоць апошні сезон быў вельмі цяжкі. Знаходзіўся ў Кітаі без сям'і, у клубе пастаянна ціснулі, маўляў, трэба-трэба, давайце памром, але пераможам. Гэта ціснула маральна. Па-добраму трэба было заканчваць кар'еру яшчэ ў 2022‑м пасля сезона ў Грэцыі, калі з ПАОКам з Салонікаў выйграў Кубак краіны.

Далей, па словах Удрыса, яго цікавасць да валейбола паступова згасала.

— Можа, яшчэ б пагуляў сезон-два, але не хацеў быць зноў без сям'і. Мы з жонкай ужо зразумелі, што будзем жыць у Польшчы. Акрамя таго, валейбалістам у Еўропе сёння не плацяць столькі, колькі ў той жа Азіі. У фінансавым плане не было варыянтаў, каб мела сэнс зрывацца. Ну і заўсёды трэба памятаць пра краіны з «чырвонай зоны», якія могуць дапамагчы беларускаму рэжыму [у экстрадыцыі].

Артур добра разумее псіхалагічныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў эміграцыі.

— Цяжка змірыцца з думкай, што не можаш у любы момант прыехаць дадому, наведаць блізкіх. І ў мяне няма ўніверсальнай парады як дапамагчы. Сам добра разумею, што ў Беларусі мне было б лягчэй развіваць сваю практыку, мы з сям'ёй сумуем па Мінску. Няма і не будзе ідэальнай краіны. Але імкнуся пазбягаць часовых рашэнняў і інтэгруюся ў жыццё ў Польшчы.

«З сябрамі працаваць неэтычна»

У Артура і самога ёсць досвед звароту да псіхолага.

— І сіндром самазванца быў падчас кар'еры, і суіцыдальныя думкі прысутнічалі — маўляў, што мне ўвогуле рабіць пасля валейбола. Адкладаў да апошняга, пакуль не звярнуўся да псіхолага. Ведаеце, якая рыса аб'ядноўвае многіх беларусаў? Яны гатовыя аддаць усё чалавеку, які трапіў у бяду, але самі вось будуць трываць цяжкасці да апошняга. З аднаго боку, такое ратавальніцтва захапляе. З іншага, калі гэта выяўляецца ў гіпертрафіраванай форме, то ўзнікаюць праблемы. Складана не трываць, а якраз прызнаць праблему і папрасіць аб дапамозе.

Нядаўна разам з калегам Удрыс запусціў тэрапеўтычную групу ў Варшаве.

— У нас дзесяць чалавек. Як вы разумееце, у гэтай працы вельмі важная канфідэнцыяльнасць. Магу хіба што сказаць, што займаемся з беларусамі і ўкраінцамі. Так ці інакш усе запыты звязаны з адносінамі, прапрацоўкай сораму. Хутка плануем набраць і анлайн-групу.

Артур кажа, што ў яго практыцы былі і сесіі са спартсменамі.

— Пра адзін выпадак магу распавесці крыху падрабязней. Дамовіліся на дзесяць сесій з валейбалістам. Я яго ведаў павярхоўна — з сябрамі працаваць неэтычна, на такое ніколі не пайду. І мне вельмі спадабалася, як усё прайшло. Праблема, якая была ў спартсмена, знікла. Так што веданне спецыфікі дапамагае. Але не ведаю, ці хацеў бы працаваць са спартыўнай камандай. Спорт — гэта пра вынік, дасягненні, цярпенне, а псіхалогія факусуецца на пошуку асабістага шчасця. Хоць у Аўгуставе прапаноўвалі папрацаваць з валейбалістамі. Бясплатна. Я адмовіўся — з маім досведам гэта ўжо не варыянт.

Каментары3

  • ЎІЎ
    08.10.2025
    Адметна, што МОСТ далей робіць матэрыялы на расейскай, па-беларуску так толькі часам трапляюцца.

    Мост паміж беларусамі ў Польшчы і русским миром.
  • Про
    08.10.2025
    Вы хоць прачытайце, тое што напісалі. Топавы валейбаліст стаў настаўнікам. Каб ён быў торавым, то граў бы дзесьці у Італіі напрыклад і меў бы ў 10 раз большы заробак.
    Былы валейбаліст стаў фізруком.
  • Ваш кэп
    09.10.2025
    Малайчынка, годны беларус!

Цяпер чытаюць

Нобелеўскую прэмію міру атрымала лідарка венесуэльскай апазіцыі Марыя Карына Мачада12

Нобелеўскую прэмію міру атрымала лідарка венесуэльскай апазіцыі Марыя Карына Мачада

Усе навіны →
Усе навіны

Такарчук: Ціханоўскі папрасіў мяне не гаварыць пра яго на маім канале18

Міліцыянеры праверылі фекаліі з роліка ў сацсетках. Прыйшлі да высновы, што яны несапраўдныя9

Рэйс «Белавія» з Мінска ў Анталью экстранна прызямляўся ў Саратаве1

Ветэран «СВА» і былы чыноўнік Смаленшчыны зажыва згарэў у аўтадоме ў свой дзень народзінаў2

Падлетак на самакаце збіў жанчыну. Бацькі выплацілі ёй шалёныя грошы за шкоду6

Гомельскую суддзю, якая адпрацавала 25 гадоў і займалася палітычнымі справамі, выгналі за сістэматычныя дысцыплінарныя парушэнні10

У вышук аб'явілі легендарнага лыжніка Сяргея Далідовіча, удзельніка сямі зімовых Алімпіяд1

Пуцін сустрэўся з Аліевым і апраўдваўся за збіццё самалёта азербайджанскіх авіяліній9

У мінскім метро хутка з'явяцца новыя цягнікі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Нобелеўскую прэмію міру атрымала лідарка венесуэльскай апазіцыі Марыя Карына Мачада12

Нобелеўскую прэмію міру атрымала лідарка венесуэльскай апазіцыі Марыя Карына Мачада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць