Пасол у Ватыкане Амбразевіч кулуарна сустракаецца з еўрапейскімі дыпламатамі, каб прарваць ізаляцыю Мінска ў Еўропе
Былога намесніка міністра замежных спраў прызначылі адказным за нефармальныя кантакты з заходнееўрапейскімі дыпламатамі. Яму даручана паказаць, што Беларусь адрозніваецца ад Расіі, піша Reuters.

Пасол Беларусі пры Святым Пасадзе Юрый Амбразевіч правёў нефармальныя сустрэчы з заходнееўрапейскімі дыпламатамі. Яны лічаць гэта крокам, скіраваным на зніжэнне ізаляцыі Мінска пасля пацяплення адносін з Вашынгтонам.
Амбразевіч імкнуўся перадаць паведамленне аб тым, што Беларусь спрабуе выйсці са сваёй палітычнай ізаляцыі і магла б адыграць ролю ў пошуку шляхоў для мірнага ўрэгулявання паміж Расіяй і Украінай, а таксама ў будучых перамовах па еўрапейскай бяспецы, паведаміў дыпламат.
Беларускае пасольства ў Парыжы, дзе Амбразевіч таксама акрэдытаваны як пасланец пры ЮНЕСКА, накіравала па электроннай пошце ў канцы верасня запрашэнне місіям шэрагу еўрапейскіх краін сустрэцца з ім.
У электронным лісце гаварылася, што Амбразевіч «цяпер нефармальна адказны за каардынацыю беларускіх дыпламатычных кантактаў у сталіцах Заходняй Еўропы» і запрашаў на сустрэчы ў Парыжы 6, 8 або 9 кастрычніка.
Беларускае пасольства паведаміла Reuters, што Амбразевіч «запрасіў на некалькі сустрэч сваіх калег-паслоў, акрэдытаваных у Францыі, у адпаведнасці са стандартнай дыпламатычнай практыкай».
Тры іншыя еўрапейскія дыпламаты пацвердзілі, што іх краіны атрымалі запрашэнні і што некаторыя краіны пагадзіліся сустрэцца з Амбразевічам.
«Я думаю, яны адчуваюць, што цяпер з Трампам адкрылася акно, каб дамагчыся зняцця санкцый, таму яны карыстаюцца гэтым», — сказаў адзін з дыпламатаў.
Двое дыпламатаў апісалі зварот да еўрапейцаў як «шарм-афенсіву» (спробу прычараваць — НН), якая спрабуе скарыстацца збліжэннем Трампа і прадэманстраваць, што Мінск не цалкам залежыць ад Масквы.
«Яны кажуць, што не хочуць эскалацыі канфлікту, таму цяпер хочуць мець адкрытую лінію абмеркавання з іншымі дзяржавамі і падкрэсліць свае адрозненні ад Расіі», — сказаў адзін з дыпламатаў.
Амерыканскія чыноўнікі кажуць, што адміністрацыя Трампа спадзяецца хоць часткова вывесці Беларусь з геапалітычнай арбіты Масквы. Але некаторыя еўрапейцы лічаць гэта малаверагодным, улічваючы вялікую залежнасць Лукашэнкі — палітычную, эканамічную і ваенную — ад яго значна большага суседа.
Адзін з еўрапейскіх дыпламатаў, які пацвердзіў запрашэнне сустрэцца з Амбразевічам, успрыняў гэты крок скептычна, адзначыўшы нязменную падтрымку Пуціна з боку Лукашэнкі. Дыпламат сказаў, што адразу пасля вызвалення зняволеных у верасні ў Беларусі былі арыштаваныя новыя фігуры апазіцыі.
Юрый Амбразевіч мае ўстойлівую рэпутацыю ястраба нават па мерках лукашэнкаўскага апарата.
Каментары
Прыемна, што Захад гэта ўсьведамляе. Таксама прыемна, што Захад памятае найноўшую гісторыю: усе спробы «перацягнуць луку» заканчваліся нязьменным фіяска – эканоміка як была гадамі арыентаваная на масковію, так і арыентаваная, лукашызм як карыстаўся гэтымі лазейкамі каб масковіі дапамагаць абыходзіць санкцыі, так і дапамагае. Ну і сама навіна вельмі карысная: яна даказвае, што наплыў у вашыя камэнтары або ў рэакцыі Тэлеграму трампісцка-факсавай айці-роты – гэта невыпадковасьць, бо гэтыя ўпоратыя боты таратораць абсалютна сынхронна.
P. S. На месцы рэдакцыі НН я б задумаўся над тым, каб публікаваць падобныя навіны позна ўвечары і без афішаваньня на Тэлеграме. Бо рабочы час як бы, айці-рота вам як заўжды ўсё загадзіць сотняй лайкаў.
и чего только не придумают за казанный счет..