Усяго патроху1010

Расійскія артысты сапсавалі свята віцяблянам

Замест унікальнага відовішча з ліліпутамі і экзатычнымі звярамі дзеткі ўбачылі некалькі пудзеляў і жанглёраў, якія ўвесь час падалі з ровараў.

Скандал разгарэўся 2 студзеня ў Лядовым палацы Віцебска, дзе мусіла праходзіць шоу «Аперацыя „Новы год“». Замест разрэкламаванага афішамі ўнікальнага відовішча з ліліпутамі і экзатычнымі звярамі дзеткі ўбачылі некалькі пудзеляў і жанглёраў, якія ўвесь час падалі з ровараў.

Расчараванне дзетак і абурэнне бацькоў было такім, што магло адбыцца лядовае пабоішча. Другі выступ, які мусіў пачацца, а 16-й, дырэкцыя адмяніла. Назаўтра гледачоў таксама сустракала таблічка «Выступ цырка адменены».

Фае Лядовага палаца запоўненае раззлаванымі бацькамі, бабулямі і дзядулямі. Ім з цяжкасцю ўдаецца супакоіць дзяцей, якія чакалі навагодняга цуду. Убачыўшы прафесійную фотакамеру, яны атачаюць карэспандэнта «Народных навінаў Віцебска» і пачынаюць скардзіцца на несправядлівасць.

Расказвае Таццяна Аляксандраўна Асіпкова, пенсіянерка з вёскі Любава:

— Сёння я з унукам прыехала на прадстаўленне ліліпутаў і ілюзіяністам. Але на дзвярах мы ўбачылі аб’яву, што выступу не будзе, па пытанні вяртання грошай трэба было звяртацца па тэлефоне, але гэты нумар быў недаступны. У Лядовым палацы нас сустрэў начальнік аховы, ён паабяцаў, што грошы за квіткі вернуць цягам 60 дзён.

Затым мы вырашылі дэлегаваць двух чалавек да дырэктара, нас не хацелі пускаць, але праўдамі і няпраўдамі, дзе-нідзе праз парэнчы, мы дайшлі да кабінета. Дырэктар адмовіўся выдаць нам пісьмовае абавязальніцтва таго, што Лядовы палац кампенсуе кошт квіткоў.

Мы патэлефанавалі ў АБЭЗ Першамайскага РАУС, дзе нам паведамілі, што затрыманага адміністратара шоу адпусцілі, бо ёй не было прад’яўлена ніякага абвінавачання. Цяпер жа яна знікла, і міліцыя яе шукае. Кошт квіткоў — 50 000 рублёў, я набыла чатыры білеты, то бок заплаціла 200 000 рублёў, а пенсія ў мяне 500 000. Я ўжо 2 гадзіны знаходжуся ў фае Лядовага палаца, замест таго каб глядзець з унукам прадстаўленне.

Пра тое, што адбывалася 2 студзеня, расказвае Юрый М. з Віцебска:

— 2 студзеня наша сям’я, як і шмат хто ў гэты дзень, вырашыла зрабіць падарунак

дзіцяці — схадзіць у Лядовы палац, на шоу «Аперацыя „Новы

год“», афішы якога былі развешаныя па ўсім горадзе. Квіткі мы купілі загадзя — іх разбіралі як гарачыя піражкі, што і нядзіўна — не так часта і шмат праходзіць у нас у горадзе такіх прадстаўленняў.

Нягледзячы на вецер і снег, мы пастараліся не спазняцца, прыйшлі за 20 хвілін да пачатку — у 15.40. Адразу звярнулі ўвагу на вялікую колькасць людзей у фае і чамусьці зачыненыя праходы на месцы. Складана падлічыць агульную колькасць людзей, але ў фае было складана перасоўвацца, людзей было даволі шмат. Сярод агульнага шуму я пачуў абрыўкі фразаў, што нібыта прадстаўленне адмяняецца… Шум павялічваўся, была чутная лаянка дарослых і плач дзяцей, якія зразумелі, што нейкія нядобрыя дзядзькі іх падманулі… Ніякай афіцыйнай інфармацыі ўсё яшчэ не было — ні галасавых, ні папяровых аб’яваў.

Пакуль чакалі, дзіця заснула на каленях у жонкі, а я вырашыў даведацца падрабязней, што ж, уласна, адбылося. Прабіўся сярод натоўпу такіх самых незадаволеных у касы палаца, там пачуў аб’явы касіра па гучнай сувязі: «Прадстаўленне адмяняецца, вяртанне грошай адбудзецца заўтра, 3 студзеня, пасля 14 гадзін!». Побач са мной з’яўляецца мужчына, які меў «радасць» наведаць папярэдні сеанс на 12 гадзін, ён мне расказвае маляўнічую карціну, як прывёў дзіця паглядзець шоу і ўбачыў замест гэтага, цытую: «чатырох пудзеляў, некалькі ліліпутаў і п’янага жанглёра, які з цяжкасцю трымаў раўнавагу, не кажучы ўжо пра жангляванне». Ад яго ж я даведаўся, што практычна ўсе, хто прысутнічаў на гэтым «шоу», напісалі калектыўную скаргу і звярнуліся ў адміністрацыю для вяртання грошай.

Заўважу, што кошт на квіткі хоць і не фантастычны, але не такі і малы. Нашы квіткі каштавалі 35 000 рублёў, але ў многіх былі квіткі па 50 000. Ды справа нават не столькі ў грашах, проста трэба бачыць твары і слёзы дзяцей, якія, нягледзячы на мяцеліцу, прыйшлі ў навагодні дзень, каб паглядзець лядовае шоу з удзелам звяроў, як было абяцана ў рэкламе, а ўбачылі… ды ўласна нічога не ўбачылі.

Ахова ў фае паведамляе, што дырэктара няма, але карэспандэнта ўсё ж праводзяць у яго кабінет.

Ігар Калмук, дырэктар Палаца спорту, відавочна падаўлены тым, што здарылася, ён з цяжкасцю знаходзіць словы, каб апісаць сітуацыю:

— Прадстаўленне ладзіла Кастрамское гарадское грамадскае аб’яднанне «Асацыяцыя студэнтаў». Яны прад’явілі ўсе рэквізіты, арандавалі ў нас лядовае поле і касу. Квіткі ім выдала Першамайская падатковая. Калі 2 студзеня пачалося прадстаўленне, то ў іх было некалькі пудзеляў і кракадзіл… Артысты пастаянна падалі з ровараў. Пра астатніх звяроў адміністратар шоу Кацярына Юр’еўна Кудашава паведамляла то што яны затрымаліся на беларускай мытні, то што на расійскай, потым сказала, што звяры ўсё яшчэ недзе пад Масквой. У 13.30 гледачы пачалі масава абурацца і патрабаваць вяртання грошай. Мы зразумелі, што трэба адмяняць прадстаўленне, але Кудашава была супраць. Я ўсё ж адмяніў наступны выступ, бо бачыў, што прадстаўлення, па сутнасці, няма, а абурэнне гледачоў магло выплюхнуцца праз край. Нехта выклікаў міліцыю, Кацярыну Кудашаву забралі для тлумачэнняў. Касу апячаталі, там было крыху больш за мільён рублёў, усяго ж білетаў прадалі некалькі тысяч коштам ад 10 000 да 50 000 рублёў. Сёння ж мне паведамілі, што Кудашаву ў пяць гадзін раніцы адвезлі на кватэру, якую яна здымала, цяпер яе шукаюць, па тэлефоне яна не даступная. Кракадзіл таксама кудысьці з’ехаў… Як вяртаць грошы за квіткі, я не ведаю, — палац іх не атрымліваў.

Такім чынам, цырк з’ехаў, а клоўнамі засталіся віцебскія гледачы, якім яшчэ трэба будзе вяртаць свае грошы.
Па горадзе засталіся афішы «ўнікальнага відовішча», якія выглядаюць здзекам з усіх кантралявальных органаў — бо студэнты-гумарысты з Кастрамы абяцалі прывезці даверлівым віцяблянам не толькі фэнтэзійных оркаў, але і нейкіх загадкавых турантонаў, пра якіх нават Google нічога не ведае…

Каментары10

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Усе навіны →
Усе навіны

Навальнічны фронт дабраўся да Мінска

Змерайце сваю талію і рост — гэтыя дзве лічбы шмат скажуць пра ваша здароўе

Урад вызначыўся з пераносам працоўных дзён у наступным годзе

Учора ў Мінску прапаў хлопчык, які не размаўляў

«Чаму ты адключыў рухавікі?» Папярэдні даклад аб катастрофе самалёта Air India выклікаў яшчэ больш спрэчак4

«Разам адкрывалі кантынент беларушчыны». Вінцук Вячорка згадаў пра Эдварда Зайкоўскага3

На Валыні разбіўся французскі знішчальнік Mirage4

Прэм'еру і спікеру Сейма Літвы прыпомнілі, што яны 17 гадоў таму ездзілі ў Беларусь6

«Гэтае гаўно трэба спыняць». Курс, Роўда, Лойка ды іншыя беларусы пра дыкпікі Стрыжака53

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць