Меркаванні112112

Пазняк пра Міхалка: Яго твор ўвойдзе ў скарбонку сучаснай музыкі

Зянон Станіслававіч разважае пра трансфармацыю «Ляпісаў» ад пацяшальнікаў публікі да будзіцеляў нацыі.

З усіх ціскаў і зьняваг асобы, на якія прышлося мне наглядзецца за сваё жыцьцё, ці ні найбольшую агіду выклікае хамскі зьдзек цёмных людзей з творчага чалавека, з таленту мастака. Талент — гэта дар Божы, а мастак ёсьць падарунак народу і ўсім людзям; такое трэба цаніць, і нават аберагаць.

Тыя, хто праводзілі антынародную палітыку, генацыд, этнацыд, тыя ў першую чаргу стараліся заткнуць рот (вочы, вушы, душу) людзям таленавітым, творчым і адукаваным, а то і зьнішчыць іх фізычна.

Напісаць гэтыя радкі мяне вымусіла сытуацыя, якая ўзьнікла вакол асобы вядомага музыкі і выканаўцы Сяргея Міхалка. Што здарылася, чаму раптам музычны гурт «Ляпісаў», які буфонна плаваў недзе далёка за абсягам беларускай культуры, апынуўся ў чорным сьпісе антыбеларускага рэжыму, а ягоным кіраўніком зацікавілася рэпрэсіўная пракуратура?

Прычына ляжыць на паверхні.

Гурт стаў выходзіць на дарогу сур’ёзнага нацыянальнага мастацтва і за апошні год стварыў шэраг высокакласных твораў, а ягоны кіраўнік Сяргей Міхалок, які раней пацяшаў публіку сваімі анархічна-бурлескнымі маналогамі, выявіў цяпер неардынарныя якасьці асобы і творчага патрыятычнага (беларускага) думаньня. І гэта, відаць, сур’ёзна. І гэта, відаць, зразумелі дарадцы цемры, што сядзяць у Менску.

Пра апошнія творчыя здабыткі гэтай музычнай групы і новы паварот у творчасьці, спадзяюся, нехта напіша. Я не прыхільнік і не аматар такой музыкі (року). Але творчы ўзьлёт не залежыць ад жанру, стылю і накірунку. Ён узьдзейнічае ўнівэрсальна.

Гэтая ўнівэрсальнасьць у мастацтве дасягаецца тады, калі яно ў эстэтычнай форме выяўляе перажываньні чалавечага духу на прыкладзе чалавечага лёсу. І вышэйшай ступені такой формулы адпавядаюць творы, дзе праз лёсы чалавечыя выяўляюцца лёсы народныя.

У творчасьці спадара Міхалка ўжо ёсьць твор, які набліжаецца да такіх азначэньняў. Гэта знакамітая ўжо песьня і кампазыцыя «Грай!».

Сацыяльна-мэтафізычная сутнасьць таго, што адбываецца ў Беларусі, выяўлена мовай мастацтва ёмка, вобразна і дакладна:

Напілісь быкі,

Скачуць па краіне,

Топчуць ручнікі,

Капытамі ў гліне.

Скачуць па дварах,

Адчыняюць хаты.

Хто не пахаваўся —

Будзе вінаваты.

Тут выкарыстана зразумелая беларусу (і клясычная ў літаратуры) народная алегорыя цёмнай разбуральнай сілы ў вобразе чарады агрэсіўных жывёлін. У 50-х гадах мінулага стагодзьдзя такую фабулу і алегорыю ў тэатры дасканала скарыстаў Эжэн Іянэску (яго знакамітая п’еса «Насарог»). У Міхалка — па Айчыне скачуць «шэрыя быкі».

Ім ня трэба сонца,

Цемры ім багата.

Ім вясны ня трэба.

Ім — зімы паболей,

Каб ты, хлопец, спаў быў

На пячы ў няволі.

Па прынцыпах клясычнай эстэтыкі ў гэтым творы гарманічна дапасаваныя ўсе складнікі: вобразная ідэалёгія (зьмест) і сюжэт (тэкст), музыка і аранжыроўка, кампазыцыя, стыль і выкананьне (у тым ліку і гучаньне інструмэнтаў — сінтэзацыя дуды).

Добра ўплывае на ўспрыняцьце моцная аптымістычная энэргетыка сьпяваньня і энэргічны рытм, дзе кульмінацыяй зьяўляецца рэфрэн:

Грай!

Сьпявай дружна

Песьні райскай волі.

Грай! Грай!

Гані быкоў — вярнецца доля!

На гэтым моцным апошнім радку песьня, як бы трохі нечакана, абрываецца, і мэлёдыя заканчваецца доўгай кодай з гучаньнем дуды (відаць, праз сурдзінку). Выдатная акцэнтацыя і завяршэньне.

Спадар Міхалок стварыў твор, які ўвойдзе ў скарбонку беларускай сучаснай музыкі. Тым часам рэальныя (палітычныя) «шэрыя быкі», што топчуць Радзіму, адчулі ягоны беларускі патэнцыял і заблякавалі выступы мастака ў Беларусі, фактычна, выкінулі яго з Айчыны на творчае паміраньне. А ён узьняўся — і засьпяваў беларускім голасам.

Шлях беларускага нацыянальнага мастацтва, на які ступае спадар Міхалок, вядзе да вяршынь і творчага ўзьлёту. Ён (гэты біты шлях) ужо шматкроць адмераны і пройдзены іншымі. Але ток яго не пасыпаны ружамі. Гэта надзвычай цяжкі шлях у нашых умовах. Мастак, магчыма, нават не ўяўляе, якія пачвары — нянавісьць і здрада — вылезуць на яго, калі ён пойдзе па гэтай дарозе.

Ня буду тут выказваць сваіх меркаваньняў. Думаю, яны непатрэбныя, тым больш, што спадар Міхалок добра разумее, што ў змаганьні з «шэрымі быкамі» — усё ёсьць палітыка: і мова, і песьня, і мараль, і адзеньне, і думкі, і словы, і нават простая прыналежнасьць да добрага свайго народу — усё стала палітыкай.

Гэта ня мы — гэта «быкі» так думаюць. Зь імі немагчыма дыскутаваць, бо яны не гавораць, не разумеюць па-чалавечаму.

Нельга даказваць гонару свайго на зборышчы дрэняў. Той, хто ігнараваў гэта, — рабіў фатальную памылку.

Мастацтва — гэта хараство. Але для цемры, што нішчыць сьвятло, — гэта палітыка. Стаць апалітычным тут ня ўдасца. У такіх абставінах у беларускага мастацтва ёсьць толькі два шляхі. Першы — лёгкі, але нікчэмны: адмовіцца ад роднай мовы, забыцца пра годнасьць, гонар, талент і прызначэньне — сьпяваць «слушай батьку».

Другі шлях — годны, але цяжкі: змагацца,

зьберагчы свой талент і пакліканьне, вярнуцца ў пачатак, ушанаваць свой народ, яго мову і праўду, і калі паўстане выбар — лепей стацца выгнаньнікам, чым зрабіцца «насарогам», «быком» і — страціць душу. Творца мусіць застацца творцам і чалавекам сваёй зямлі. «Гані быкоў! Вярнецца доля!».

У гэтым сэнсе спадар Міхалок — татуяваны анархіст, увесь ў наколках, што ўдаваў з сябе блазна, — чалавек зь нялёгкім мінулым, які ўзьняўся, адбіўся ад самага дна, які зьбярог свой розум, талент, сумленьне і гонар, ён якраз аказаўся больш надзейнай і вартай павагі асобай, чым тыя, што былі на Парнасе і — спусьціліся ў стойла «быкоў».

Якраз ён можа стварыць (і ўжо стварае) новы, надзённы, сучасны і змагарны беларускі рок. І гэта справядліва.

Палітыка — дык палітыка!

Ва ўсіх беларусаў цяпер адна перашкода — цемра, здрада і нянавісьць у адной асобе, што засела на троне.

І жыць так далей, цярпець — стае немагчыма.

Каментары112

Цяпер чытаюць

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Усе навіны →
Усе навіны

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ18

Трагедыя на Гомельшчыне: два 18‑гадовыя хлопцы загінулі ў ДТЗ, аўтамабіль разарвала на часткі4

Фермер-хіпстар вырашыў прадаваць касцюмы з гербамі Беларусі і Расіі. Цэны касмічныя16

У кожнага пакалення свой колер: у міленіялаў — ружовы, у зумераў — жоўты. А каму належыць «нахабны зялёны»?10

У мінскім «Еўраопце» ў аддзеле выпечкі паклалі пакеты для смецця9

Маладую дзяўчыну з Баранавіч, якая вучылася на педагога ў Гродне, арыштавалі па «справе Гаюна»7

Футбольная зборная Беларусі здзейсніла сенсацыю дня ў Еўропе — 2:2 з Даніяй8

У Славакіі школьнікам не спадабалася прарасійская лекцыя прэм'ера Фіца. Ён параіў ім ісці ваяваць на фронт12

Беларуска пакінула сына ў Tesla — і трапіла ў міграцыйную турму ў ЗША. Праз паўгода яе нарэшце вызвалілі28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць