Меркаванні44

Не памыляецца той, хто ня робіць

Пра тое, што ў Беларусі на стадыёне ўлада гуляе сама з сабой, а апазыцыя толькі галёкае на трыбунах, гаворыцца ўжо шмат гадоў. Натуральна, на поле ніхто партыі не запрашаў, але яны й самі не выяўляюць жаданьня ўступіць у гульню. У гэтым сэнсе адкрыты ліст А.Мілінкевіча да А.Лукашэнкі – прэцэдэнт. Камэнтар газэты "Свабода".

Пра тое, што ў Беларусі на стадыёне ўлада гуляе сама з сабой, а апазыцыя толькі галёкае на трыбунах, гаворыцца ўжо шмат гадоў. Натуральна, на поле ніхто партыі не запрашаў, але яны й самі не выяўляюць жаданьня ўступіць у гульню.

У гэтым сэнсе адкрыты ліст А.Мілінкевіча да А.Лукашэнкі – прэцэдэнт найноўшай беларускай палітычнай гісторыі. Лукашэнка, як палітык ірацыянальны, прарэагуе на такі жэст толькі ў тым выпадку, калі ўбачыць у гэтым для сябе паратунак. Мілінкевіч на тое й разьлічвае, прапануючы свае сувязі й сваё пасярэдніцтва на перамовах з Захадам. Ён мяркуе, што ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі можа зьмяніць геапалітычная мэтазгоднасьць, якая пры пэўным зьбегу абставінаў стане шмат мацнейшым фактарам, чым Лукашэнкаў ірацыяналізм. Цалкам ізаляваць Беларусь на ўзор Паўночнай Карэі немагчыма, а гэта значыць, што адказваць на сыгналы Захаду рана ці позна ўсё адно прыйдзецца, які б ты ні быў самаўладца і як бы такі дыялёг ні пярэчыў тваёй мэнтальнасьці і сымпатыям твайго электарату.

У кожным разе, з боку Мілінкевіча прапануецца спаборніцтва, гульня, футбол, а ня звыклае глухое супрацьстаяньне і не банальная здрада, у чым лідэра аб’яднанай апазыцыі ўжо пасьпелі зьвінаваціць некаторыя палітыкі.

Назваць адкрыты ліст здрадай можа толькі той, хто сядзіць з аўтаматам на шыі ў зямлянцы пад Плешчаніцамі і ведае, куды ён заўтра пойдзе, што будзе атакаваць і да чаго ўсё гэта прывядзе. Ва усіх астатніх выпадках крытыка Мілінкевіча за ягоны ліст пазбаўленая сэнсу і застаецца ўсё тым жа стадыённым галёканьнем.

Бясспрэчна, што зварот экс-кандыдата ў прэзыдэнты да прэзыдэнта скіраваны на зьмену цяперашняй сытуацыі. І тут ня так важна, што Мілінкевіч можа сьпяшацца дзеля дэфіцыту свайго палітычнага веку. Такія стымулы, наадварот, вымагаюць не пустое гульні. Самае галоўнае, што ў альтэрнатыўнай Беларусі сёньня не вымалёўваецца ніякага іншага шляху. Чакаць і даганяць мы навучыліся вельмі добра. Але, як вядома, гэта самыя апошнія спосабы марнаваньня часу.

Што ж адбылося? Мілінкевіч выйшаў са сваім апазыцыйным патэнцыялам, а не зашыўся яшчэ глыбей на інтэлігенцкай кухні ў клясычных традыцыях расейскага дысыдэнцтва. І ўжо гэта вяртае дэмакратычнай беларускай супольнасьці адчуваньне прынамсі нязьменнасьці, а ня поўнай дэградацыі свайго статусу. Наперадзе шмат шляхоў. Але, як і ў любой іншай сытуацыі, беларусы, аб’яднаныя ідэяй незалежнасьці краіны, павінны між сабою гаварыць. І як бы далёка ні было да такой размовы, думаць пра яе трэба заўсёды. Незалежнасьць – ключавое слова. Можна не сумнявацца, што без дэклярацыі незалежнасьці Лукашэнкам не было б і гэтага ліста Мілінкевіча. Незалежнасьць, як агульная каштоўнасьць і ўлады і апазыцыі, дае шанец на дыялёг. Трэба прызнаць, што, кажучы пра незалежнасьць, Лукашэнка пярэчыць сымпатыям значнай часткі свайго электарату і адначасова дазваляе апазыцыі са стану дысыдэнцтва ўзьняцца да стану спаборніка. Ці гэта не запрашэньне пакінуць нарэшце трыбуны і выйсьці на поле?

Можна колькі заўгодна казаць пра няшчырасьць Лукашэнкавай незалежнасьці, але называць ягоны рэжым акупацыйным і сьніць сябе змагаром у зямлянцы з аўтаматам неяк не выпадае.

Рамантыка рамантыкай, але Мілінкевіч, як і большасьць нашых апазыцыянэраў, насамрэч ніякія не падпольшчыкі, а самыя што ні ёсьць дзяржаўнікі і іх натуральнае жаданьне – удзельнічаць у справах дзяржавы, а не падрываць яе. Сытуацыя падпольшчыны ім чужая ад прыроды. Парадаксальным чынам у падпольлі апынуліся такія знакавыя для беларускай дзяржавы арганізацыі як Саюз пісьменьнікаў і перадавая школа краіны – Коласаўскі ліцэй. Выконваць неўласьцівыя ролі і гнаць рыторыку партызанскага лесу для іх – чыстае імітатарства. Людзей разумных надоўга не хапае. Яны пачынаюць адчуваць бессэнсоўнасьць такога стану.

Урэшце, калі хочаце, Мілінкевіч можа дазволіць сабе згуляць у гісторыі ролю таго «здрадніка», які сытуацыю ў краіне зрушыў з мёртвае кропкі. Не памыляецца той, хто ня робіць.

Газэта «Свабода»

Каментары4

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін6

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка заявіў, што хоча і трэці блок, і новую АЭС7

Дональд Туск пацвердзіў: чыгунка Варшава — Люблін пашкоджаная ў выніку дыверсіі17

Пенсіянерка паблытала педалі і пабіла сем аўтамабіляў у Мінску ВІДЭА9

Польскае МЗС чакае ўбачыць наступствы адкрыцця двух КПП «у найбліжэйшыя тыдні і месяцы»19

Том Круз нарэшце атрымаў «Оскар»: яму ўручылі ганаровую ўзнагароду за ўнёсак у кіно5

У Мінску пачалася мадэрнізацыя незвычайнага аб'екта: абсерваторыі Планетарыя ў парку Горкага1

У Мінску прадаецца кватэра ў доме, у якім нарадзіўся Максім Багдановіч3

Гэты рамонт каштаваў мінчукам амаль $100 000. Як думаеце, ён таго варты?12

Хто той рэдактар беларускай Вікіпедыі, якога пасадзілі на два гады за «дыскрэдытацыю Беларусі»31

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін6

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць