Архіў

Валеры Пазьнякоў. Пабужжа наша і ня наша (рэцэнзія)

№ 19 (140) 1999 г.


 

рэцэнзіі

 

Пабужжа наша і ня наша

Каробушкіна Т. Насельніцтва Беларускага Пабужжа Х—ХІІІ ст. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 128 с.: іл. — Наклад 450 ас. ISBN 985-08-0095-Х

Пабужжа — рэгіён асаблівы ў Беларусі, бо здаўна шмат хто з дасьледнікаў сумняваўся, а ці Беларусь гэта ўвогуле. Заходняе Палесьсе не ўключаў у межы «беларускай вобласьці» акадэмік Я.Карскі, за ім так рабілі іншыя, а вось М.Даўнар-Запольскі цьвёрда трымаўся таго, што гэты рэгіён — беларуская этнаграфічная тэрыторыя. Каб крыху разабрацца ў гэтай праблеме, паспрабуем зазірнуць у мінулае рэгіёну. Балазе выйшла кніга Тацяны Каробушкінай пра археалёгію Беларускага Пабужжа (а яго лічаць часткай Заходняга Палесься).

Аказваецца, тут нам археалёгія не дарадчык, і прычынай таму пазыцыя, занятая аўтарам. Бо Т.Каробушкіна адмовілася разглядаць у кнізе «беларускае пытаньне» што да рэгіёну. І ня толькі яго.

Што такое Беларускае Пабужжа? Басэйн Буга на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — адкажа кожны. А як гістарычны рэгіён? На жаль, аўтар не дала адказу на другое пытаньне, ды й папярэдняе вызначэньне адсутнічае. Скрозь у кнізе тэрмін «Беларускае Пабужжа» замяняецца на «Сярэдняе Пабужжа», што некалькі іншае. Сярэдняе Пабужжа, можа, і ў Польшчы ёсьць. Але зьвернемся да гісторыі рэгіёну, якая ў манаграфіі адсутнічае. Пабужжа ў ХІІ—ХІІІ ст. уваходзіла ў Валынскае княства, і для некаторых гісторыкаў гэта было доказам таго, што жылі ў Заходнім Палесьсі валыняне (чытай: украінцы). Гэты аргумэнт у кнізе Т.Каробушкінай застаўся неразгледжаны, а значыць, і неабвергнуты. Археалягічныя доказы таго, што ў Пабужжы жылі валыняне, таксама ў манаграфіі ня выкладзеныя. Для іншых славянскіх груповак месца ў Беларускім Пабужжы аўтар таксама не знаходзіць. Прасочваюцца нейкія сьляды мазаўшанаў, але, маўляў, ня годныя веры.

Абвяргаюцца правы на рэгіён і неславянскіх плямёнаў. Працяглы час Пабужжа лічылася апірышчам таямнічых яцьвягаў, ваяўнічага балцкага племя. За апошнія паўстагодзьдзя на карысьць гэтага погляду назьбіралі доказаў і археолягі. І значнае месца ў кнізе адведзена барацьбе з гэтымі аргумэнтамі. Згодна з тэорыяй аўтара, наша Пабужжа — край спакон (прынамсі з Х ст.) дрыгавіцкі, а значыць — «беларускі». Сучасны «ўкраінскі» калярыт Пабужжа застаўся нерастлумачаным.

Недзе зь сярэдзіны кнігі ўзьнікае новая тэндэнцыя. Калі справа дайшла да разгляду гарадоў, то аказалася, што ў Беларускім Пабужжы ў Х—ХІІІ ст. іх мелася зусім мала: Берасьце і... больш нічога (бо Кобрынь і Камянец яшчэ не кранала рыдлёўка археоляга). Мусіць, таму, каб разьдзел пра гарады выглядаў больш годна, аўтар зьвярнулася да Польскага Пабужжа (сучаснага), падараваўшы беларусам Драгічын-над-Бугам (у кнізе скрозь Драгічын Надбужны) і Мельнік, якія ў свой час належалі валынскім князям. На жаль, аўтар не пайшла яшчэ далей па цячэньні Буга і не дасягнула разглядам гораду Нура, якім у ХІІ ст. кароткі час валодаў менскі князь Уладзімер Валадаравіч (няпэўная зьвестка гісторыка XVІІІ ст. Васіля Тацішчава, якая чакае падрабязнага разгляду сучасных дасьледнікаў). Такім чынам, Беларускае Пабужжа прасунулася ў межы сучаснай Польшчы, але чамусьці не ва Ўкраіну. Украіне ўвогуле ў кнізе не пашчасьціла, не зважай на тое, што там ляжыць Верхняе Пабужжа. Па старой археалягічнай завядзёнцы археолягі шукаюць аналягі знойдзеным у час раскопак рэчам. Рэчы, аналягічныя берасьцейскім, трапіліся пры раскопках іншых беларускіх гарадоў, аналягі адшуканыя аўтарам сярод археалягічнага матэрыялу Вялікага Ноўгараду, але знаходкі зь Беларускага Пабужжа ні разу не параўноўваліся з украінскімі матэрыяламі. Ёсьць падазрэньне, што яны вельмі блізкія. Ну, украінцам аўтар не дае веры, гэта было зразумела і раней.

А ўвогуле кніга досыць традыцыйная для савецкіх археалягічных манаграфіяў. Так яны пісаліся і 50 гадоў таму. Пры раскопках знойдзеныя абрэзкі скуры — значыць, было ў гарадах шавецкае рамяство, знойдзеныя нажы — значыць, разьвівалася кавальства, знойдзены надпіс на касьцяной тронцы нажа — значыць, вельмі высокай была пісьменнасьць. Зьдзіўляе арыфмэтычная задачка: Камянецкую вежу пачалі будаваць у 1276 годзе, муравалі 12 гадоў, і вось «ужо 606 гадоў на пясчаным узвышэньні левага берага Лясной стаіць гэты фарпост...» Ад чытача, пэўна, патрабуецца знайсьці, дзе тут памылка. А Бог яе ведае. Чытаньне кнігі абцяжарана адметнай рысай — частым пропускам слоў і лягічных кавалкаў, таму маем фразы тыпу: «археалягічныя матэрыялы канца 80-х — пачатку 90-х гадоў нашага стагодзьдзя сьведчаць...» Каму цяжка прабірацца скрозь такія нетры, можа зьвярнуцца проста да папярэдніх манаграфіяў на тэму рэгіёну: «Курганы Беларускага Пабужжа ў Х—ХІІІ ст.» (1983) і «Бярэсьце» (1985). Новага ў кнізе няшмат.

Валеры Пазьнякоў


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Усе навіны →
Усе навіны

Фардо — галоўны ядзерны аб’ект Ірана. Што пра яго вядома?5

На Камароўцы з'явіліся першыя чарніцы

Гомельскі бізнэсовец-лукашыст, які ваюе за Сталіна, напісаў данос сам на сябе4

18-гадовай мінчанцы падалося, што на яе напалі, вывезлі ў лес і адабралі грошы1

У Беларусі вырашылі не забараняць вэйпы — бо на іх ёсць «пэўны спажывецкі попыт»1

У Берліне паказалі оперу пра ПВК «Вагнер». У пастаноўцы ўдзельнічае і беларуская спявачка2

У Мінску паставілі бронзавы помнік качцы, якая летась стала любіміцай сталіцы2

Пяцёра школьнікаў у Слоніме разграмілі будынак былой школы

На мужчыну ў Лунінцы ўпала шпакоўня, у яго цяжкія цялесныя пашкоджанні

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць