Архіў

Людміла Рублеўская. Між горадам і лесам

№ 29 (186), 17 — 24 ліпеня 2000 г.


 

Людміла Рублеўская

Між горадам і лесам

 

Для беларуса поле — сьмерць лесу.

Дакладней, гвалтоўная сьмерць.

Лес вынішчаюць для таго, каб зьявілася поле, якое дасьць ежу роду чалавечаму.

Але ў поля ёсьць свая сьмерць — людзкое паселішча. Падобна плесьні, разрастаюцца вёскі і мястэчкі ў пачварныя мэгаполісы, вакол іх пашыраецца арэол палёў, адцясьняючы лясы...

Вартыя жалю астраўкі дрэваў сярод барознаў нагадваюць аб сапраўднай прыродзе гэтага месца, зьмененай цывілізацыяй.

Многія пусткі Зямлі, напрыклад, Сахара — вынік барацьбы чалавека зь лесам, саванай, травамі за некалькі гадоў ураджаю — пакуль не выснажыцца ўгноеная попелам глеба. «Высякай і выпальвай» — з такім лёзунгам прайшоўся чалавек разумны па плянэце, пашыраючы палі.

Нас выхоўвалі з усьведамленьнем, што поле — нешта сакральнае. Кожны прайшоў ініцыяцыю далучэньнем да «сапраўднай працы» — на полі. Студэнцкія і школьныя дэсанты на калгасныя палеткі, пасьля — лецішча... У беларусаў па-ранейшаму распаўсюджаная маніякальная прага зямлі, нават сярод самых рафінаваных гараджанаў. Вера ўва ўласныя соткі, што ўратуюць ад усіх нястачаў, спароджаная нестабільнасьцю жыцьця, вечнай пагрозай галадоўкі. Незьнішчальны міт, што варта толькі абудзіць у большасьці насельніцтва прыглушаныя шкоднай цывілізацыяй гены земляроба, адкінуць лены гарадзкі дабрабыт — і краіна патоне ва ўраджайнасьці і дабрабыце. Прафэсарам — вілы ў рукі і гной кідаць. Мы ж — нацыя сялянаў... Нездарма ў нас культывуецца нязбыўная віна перад стомленай бабулькай у гумовіках, зь віламі ў мазолістых руках. А якім антычным хорам выпяваюцца галашэньні па роднай зямельцы, якую ня будзе каму абрабляць, бо маладое пакаленьне не прывучанае да сялянскай працы, бо яно, новае пакаленьне, аблянілася й кідае вёску. І хто ж будзе карміць краіну, калі адамрэ старая вёска?

Вось толькі ў тых краінах, дзе на палях завіхаецца абсалютная большасьць грамадзянаў — непрасьветная галеча. А там, дзе сельскай гаспадаркай займаюцца тры-пяць адсоткаў насельніцтва, як правіла, тыя, хто сапраўды пакліканы да гэтага — хапае і сабе, і на продаж у татальна сялянскія краіны...

Поле дае жыцьцё, поле забірае яго. Для выхаду ўнутрывідавой агрэсіі неабходная прастора. Глушцам дастаткова вытаптанай палянкі ў лесе, чалавеку патрэбнае поле, дзе могуць сысьціся два войскі. Можа быць, поле патрабуе, каб яго час ад часу засейвалі трупамі? Верылі ж нашы продкі, што на полі ўродзіць усё. Нават вырастуць камяні. Зямля як вобраз плоднасьці — гэта і ёсьць сынонім поля. Крывавыя разоры — сымбаль Беларусі большы, чым балота ці лес. На полі, засеяным трупамі, для адных вырастае воля, для другіх — рабства. Поле заўсёды падзяляе людзей — на прыгонных і прыганятых.

Напэўна, савецкія правадыры спрабавалі сублімаваць гэтую ўнутрывідавую агрэсію ў працоўны энтузіязм, калі абвяшчалі «бітву за ўраджай». Вы толькі ўспомніце твары калгасьнікаў на пляншэтах нагляднай агітацыі — квадратныя сківіцы, сурова ссунутыя бровы, сноп, прыціснуты да сэрца, як аўтамат Калашнікава... А колькі ворагаў у ваяроў поля — дождж, сонца, холад, сьпякота, вецер, зацішак...

Поле — ідэальнае месца для ўціхамірваньня рабоў. Правадыры сялянскіх паўстаньняў ведалі, што важную бойку трэба сплянаваць да таго, як самадзейных ваяроў пакліча да сябе поле — сеяць ці зьбіраць ураджай.

І не было больш дзейснага сродку падняць сялянаў на супраціў, як вытаптаць іх палі.

Поле — гэта прастора. Неабходная ўмова для разьвіцьця сьвядомасьці цывілізаванага чалавека. Толькі прастора дазваляе ўсьвядоміць каардынаты, спараджае патрэбу ў перасоўваньні, спазнаньні сьвету. Поле — гэта спакой, сузіраньне, засяроджаньне. Менавіта ў народаў, што жылі ў пустынных мясцовасьцях, раней за ўсіх разьвілася адзінабожжа. Таму ў беларусаў, дзяцей лясоў, так доўга захоўваюцца рэшткі паганства, пантэізму. Багі, якімі нашы продкі насялілі поле, не адыгрываюць таго значэньня ў нацыянальным пантэоне, як багі іншых месцаў. Палявік відавочна саступае ў магутнасьці Лесуну ці Дамавіку.

Найбольшае падабенства зь людзямі выяўленае ў малпаў, што жывуць на адкрытых прасторах. Такім малпам уласьцівыя барацьба за месца ў ерархіі статку, калі некалькі кволых аб’ядноўваюцца супраць аднаго мацнейшага. У іх статках ёсьць герантакратыя. Старыя самцы ўтвараюць своеасаблівы сэнат, раўніва ахоўваючы ўладу ад маладзейшых, бясконца павучаючы і гыркаючы на малпіны народ...

Поле адкрывае чалавечаму погляду неба. І поле ж вымагае зямнога паклону, позірку ўніз, у баразну. Поле заклікае да вольнага руху, і поле ж змушае да аўтаматычнай аднастайнай працы. Гэта Багдановічава антытэза каласка і васілька, матэрыяльнай карысьці і чыстае красы.

Павага да поля — інстынктыўная патрэба аберагчы сродак атрыманьня ежы.

Толькі ў полі чалавек адчувае сябе па-сапраўднаму самотным, бездапаможным. Ён адкрыты перад небам і перад іншым чалавекам.

У высокім жыце адчуваньне трывогі не зьнікае — ты па ранейшаму адкрыты ўсяму, што можа вынырнуць з залатых ці зялёных хваляў, да таго ж губляюцца каардынаты прасторы...

Палі капелюша, палі сшытка... А ёсьць яшчэ поле манэты, поле гербу... Сэнс, аднак, адзін — незапоўненасьць, пустка. Не пазбаўленасьць сэнсу — але сэнс пустэчы, знакавасьць незапоўненай прасторы.

Беларусь — белае поле на старонцы Эўропы, адкрэсьленае чырвонай лініяй.


Каментары

Цяпер чытаюць

Павел Вінаградаў упершыню расказвае, як яго закінулі на самае дно беларускай турмы. Як гэта — калі суседзі за цыгарэту ядуць чужое гаўно16

Павел Вінаградаў упершыню расказвае, як яго закінулі на самае дно беларускай турмы. Як гэта — калі суседзі за цыгарэту ядуць чужое гаўно

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускія сыравары просяць дапамагчы ім выкупіць ферму ў Польшчы. Раней яны трымалі кароў і коз пад Браславам7

Трамп загадаў Пентагону падрыхтавацца да магчымых ваенных дзеянняў у Нігерыі5

Трамп пакуль не будзе даваць Украіне «Тамагаўкі»6

Галоўную архітэктурную ўзнагароду Беларусі атрымаў праект знішчэння гістарычных казармаў у Гродне. Хто яшчэ адзначаны? ШМАТ ФОТА3

«Дробныя зладзюжкі». Рабаванне Луўра здзейснілі жыхары беднага прыгарада Парыжа5

За павольны інтэрнэт у Беларусі будуць штрафаваць4

Фермеры з-пад Слуцка скарылі тыкток сваім салам і кумпяком4

Трамп перарабіў гістарычны ванны пакой Лінкальна ў Белым доме ФОТЫ13

Чыноўніца запэўнівае, што касцюмы «Камінтэрн» — гэта люкс15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Павел Вінаградаў упершыню расказвае, як яго закінулі на самае дно беларускай турмы. Як гэта — калі суседзі за цыгарэту ядуць чужое гаўно16

Павел Вінаградаў упершыню расказвае, як яго закінулі на самае дно беларускай турмы. Як гэта — калі суседзі за цыгарэту ядуць чужое гаўно

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць