Суд адкладзены
9 красавіка суд над журналістамі “Пагоні” быў адкладзены. Раптоўна шпіталізавалі судзьдзю Мікалая Сяргейку, які разглядаў іхную справу. Трэба чакаць, пакуль новы судзьдзя разьбярэцца ў справе і вызначыць дзень працэсу.
Той, хто быў 9 красавіка ў Ленінскім раённым судзе Горадні, ня мог не адчуць кароткай эўфарыі. Уявіце: прыйшлі дзясяткі людзей, мноства журналістаў зьехалася. З Польскага тэлебачаньня, з маскоўскага НТВ. Такога наплыву публікі ў судзе ніколі не было. Міліцыя стаяла паўсюдна на паверхах у разгубленасьці. Перашкаджаць ахвотным прысутнічаць на працэсе ніхто ня меў права. Праўда, у залі зьявіўся быў прапаршчык і пачаў ціснуць на карэспандэнта агенцтва “БАРЦньюс”, які меў фотаапарат. Але адвакаты патлумачылі міліцыянту, што той ня мае права забараняць. Іншая рэч, што на працэсе можна фатаграфаваць толькі з дазволу судзьдзі.
У залі суду сабраліся больш за 150 чалавек. Большасьць стаяла, бо бракавала крэслаў. Напружаньне павялічвалася з кожнай хвілінай. Калі ж прысутным паведамілі, што судзьдзя шпіталізаваны, а працэс адкладзены, усе зашумелі, пачуліся воклічы “Ганьба!” Адчувалася, што ўлады зьніякавелі, можа, нават крыху спалохаліся такой колькасьці людзей, такой падтрымкі. Але тактыка ўладаў вядомая: зьбіць ажыятаж. Пройдзе нейкі час, ціхенька прызначаць новую дату суду ў разьліку, што меней прыйдзе прыхільнікаў “Пагоні”, а пагатоў — замежных журналістаў. Заява беларускага МЗС ад 10 красавіка наконт суду ўскосна гэта пацьвярджае.
У мінулую пятніцу польскі штодзёньнік “Gazeta Wyborcza” распачаў акцыю ў абарону гарадзенскай “Пагоні”. На першай старонцы быў надрукаваны адкрыты ліст галоўнага рэдактара Адама Міхніка, які рэзка асудзіў “людзей дыктатуры”, што перасьледуюць журналістаў за крытыку прэзыдэнта. “Wyborcza” зьмясьціла таксама зварот да беларускіх уладаў з патрабаваньнем спыніць перасьлед “Пагоні” і заклікала палякаў падпісваць зварот ды дасылаць у беларускую амбасаду ў Варшаве. За гэты час у абарону “Пагоні” выказаліся, сярод іншых, нобэлеўскі ляўрэат Чэслаў Мілаш, канцылярыя прэзыдэнта Польшчы, МЗС, былы прэм’ер Польшчы Тадэвуш Мазавецкі, галоўныя рэдактары аўтарытэтных штодзёньнікаў “Życie”, “Rzeczpospolita”. Амаль усе зьвярнулі ўвагу на тое, што Польшча мае асаблівы абавязак бараніць свабоду слова ў суседняй Беларусі, бо сама яшчэ нядаўна патрабавала дапамогі міжнароднай супольнасьці.
А ў аўторак галоўныя рэдактары і супрацоўнікі ўсіх СМІ Беластоку — з паўсотні чалавек — прыйшлі да беларускага консульства, каб перадаць зварот у абарону сваіх гарадзенскіх калегаў. У беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве звароту не ўзялі. “Нікога няма: яны ўсе зьехалі”, — адказала супрацоўніца консульства. Куды езьдзяць а 10-й у працоўны дзень консул і тры ягоныя намесьнікі — невядома.
Мікола Маркевіч на прэс-канфэрэнцыі 9 красавіка падзякаваў палякам, згадаўшы стары лёзунг “За нашу і вашу свабоду”. Але ёсьць цікавая акалічнасьць. “Gazetа Wyborczа” 5 красавіка зьмясьціла вялікую публікацыю пра “Пагоню”. Польскі журналіст папрасіў выказацца на гэтую тэму Тадэвуша Гавіна — былога старшыню Саюза палякаў — і Тадэвуша Кручкоўскага — цяперашняга. Першы выказаў усялякую падтрымку супрацоўнікам “Пагоні”. Другі — поўную абыякавасьць. Маўляў, барацьба за інтарэсы беларусаў не зьяўляецца задачай польскай меншасьці.
Кручкоўскі даводзіў, што якраз беларусы ёсьць меншасьцю: “У беларускай сьвядомасьці Гарадзеншчына зьяўляецца польскай”. Маўляў, афіцыйныя зьвесткі гавораць аб 26% палякаў, але “кожны ведае, што палякаў — большасьць”. І менавіта таму, на думку Кручкоўскага, беларускія ўлады “тармозяць” эканамічнае разьвіцьцё Гарадзеншчыны, “не пушчаюць” сюды замежнага капіталу. Між тым, кожны студэнт унівэрсытэту, дзе Кручкоўскі выкладае гісторыю, ведае: вінаватая ва ўсім палітыка Лукашэнкі. Эканамічнае становішча аднолькава кепскае ва ўсіх абласьцях Беларусі. На Гарадзеншчыне яно нават крыху лепшае.
Але вернемся да “Пагоні”. Што будзе далей? На сайце газэты працягваецца апытаньне, якое якраз тычыцца прагнозу. На 10 красавіка ў ім узялі ўдзел 57 чалавек. 33 зь іх мяркуюць, што журналісты могуць апынуцца за кратамі.
Сяргей Краўцоў, Горадня; Аляксей Дзікавіцкі, Варшава
Каментары