Архіў

Восень польскай культуры

№ 33 (295), 6 верасьня 2002 г.

Восень польскай культуры

Для большасьці беларусаў польская культура — гэта Марыля Радовіч, “Чатыры танкісты і сабака” і “Чырвоныя гітары”. У інтэлігенцыі Польшча асацыюецца з музыкай Кшыштафа Пэндэрэцкага, фільмамі Кісьлёўскага і Занусі, відэаартам. Сёлета ў нас будзе магчымасьць пашырыць гэтыя веды. Цягам трох восеньскіх месяцаў у адзінаццаці беларускіх местах — Менску, Берасьці, Горадні, Магілёве, Кобрыні, Заслаўі, Фаніпалі, Глуску, Чэрыкаве, Івянцы і Ракаве — пройдзе фэстываль “Восень польскай культуры”.

Адно з самых цікавых фэстывальных мерапрыемстваў — навуковая сэсія “Ў краіне Вялікай мядзьведзіцы”, прысьвечаная творчасьці Сяргея Пясэцкага — пісьменьніка, кантрабандыста з Ракава, агента польскай дэфэнзывы, пра якога “НН” пісала ў №11 за 2002 г. Сэсія, прысьвечаная Пясэцкаму, адбудзецца 15 кастрычніка ў Менску. Месца ўдакладняецца. Арганізатары сумесна зь Міністэрствам культуры заплянавалі таксама навукова-практычныя сэмінары і канфэрэнцыі, майстар-клясы для маладых мастакоў і актораў.

Тэатар

Аднак асноўнае месца ў фэстывальных плянах займаюць мастацкія імпрэзы. 15 верасьня ў Берасьці тэатар “К-2” з Уроцлава пакажа спэктакль Ежы Ясіньскага “Зорка”, паводле п’есаў славутага драматурга Гельмута Кайзара “Зорка” і “Paternoster”. Галоўная гераіня — былая тэатральная зорка, якая на парозе сьмерці шукае адказаў на самыя істотныя пытаньні чалавечага жыцьця. Дзея разгортваецца ў цеснай прасторы вакол інваліднай каляскі. Гледачы ўбачаць сапраўдную высокую трагедыю, увасобленую сьціплымі сродкамі.

18 верасьня ў Берасьці на плошчы Леніна і 21 верасьня ў менскім парку імя Горкага адбудзецца вулічны спэктакль “Кармэн Фунэбрэ” рэжысэра Паўла Шкотка ў пастаноўцы тэатру “Бюро падарожжаў”. Гэты вандроўны тэатар — адзін з найцікавейшых мастацкіх калектываў Польшчы. Спэктакль “Кармэн Фунэбрэ” паўстаў пад уражаньнем этнічных канфліктаў і вайны ў Босьніі. У 1995 г. ён атрымаў першую прэмію ў намінацыі “Экспэрымэнтальны тэатар” і ўзнагароду крытыкаў на Міжнародным фэстывалі мастацтваў у Эдынбургу.

Яшчэ адна прыкметная імпрэза — вечары Польскага тэатру танцу “Познанскі балет” (20 і 21 кастрычніка, Менск, Опэрны тэатар). Мастацкі кіраўнік “Балету” Эва Выціхоўская стварыла свой уласны тып танцавальнага тэатру, у якім спалучаецца сучасная харэаграфія, авангардная музыка, драматургія і мастацтва відэаарту. Цягам двух вечароў мы ўбачым спэктаклі “Танга з лэдзі М.”, “Ужо зьмяркаецца”, “Цішыня дрыготкіх далоняў” і “WO-MAN у таматах”.

26 кастрычніка ў Гарадзенскім тэатры лялек адбудуцца міні-гастролі люблінскага “Prowisorium i Kompania Teatr”. Летась менчукі маглі пабачыць іхны спэктакль “Фэрдыдурка” паводле Вітальда Гамбровіча. Сёлета тэатар плянуе паказаць “Сцэны з жыцьця Сярэдняй Эўропы”. Паводле сваёй задумы і стылістыкі гэты спэктакль крыху падобны да “Фэрдыдуркі”.

Музыка

26 верасьня ў Парк-клюбе “Менск” (парк Чэлюскінцаў) адбудзецца сумесны канцэрт NRM, Яцака Клейфа, а таксама гуртоў “T.Love” і “Piżama Porno”. Яцак Клейф — вядомая фігура на польскай музычнай сцэне. Ягоны любімы жанр — сатырычныя песьні для эстрадных тэатраў-кабарэ. “T.Love” цяпер адзін з найлепшых польскіх гуртоў. Сынгл каманды “Nie, nie, nie” (назва — акурат прыпеў з крамаўскай “Стэфкі”) з паўгоду займаў першыя радкі ў польскіх гіт-парадах. “Piżam’у Porno” беларусы маглі чуць на “Басовішчы-2001”.

4 кастрычніка ў менскім Доме дружбы і 5 кастрычніка ў Гарадзенскім тэатры лялек адбудзецца канцэрт аўтарскай песьні Станіслава Клявэ. Гэты артыст, як і Яцак Клейф, выйшаў з сатырычных студэнцкіх кабарэ 1970-х. Ягоныя песьні крыху падобныя да песьняў беларускага барда Міхаіла Валодзіна, што зьехаў у ЗША.

19 кастрычніка ў Канцэртнай залі Беларускай філярмоніі адбудзецца канцэрт-спэктакль “Аўдыенцыя III” (музыка і тэкст Багуслава Шафэра). Спэктакль складаецца з 18 кароткіх сцэнаў, у якіх разыгрываюцца разнастайныя аспэкты ўзаемаадносінаў паміж мужчынам і кабетай. Акторам дапамагае выдатны камэрны гурт “Muzyka Centrum Ensemble” з Кракава.

Ня будуць забытыя і прыхільнікі клясычнае музыкі. 11 лістапада ў памяшканьні тэатру імя Горкага адбудзецца канцэрт музыкі Станіслава Манюшкі і паказ фільму-опэры “Галька”. А 30 лістапада, у апошні дзень фэстывалю, у Беларускай філярмоніі выступіць легендарны джазавы трубач Томаш Станько, адзін зь піянэраў эўрапейскага free-джазу, якому ў гэтыя дні спаўняецца 60 гадоў.

Кіна- і фота-

26 верасьня ў Менску ў Доме дружбы адбудзецца беларуская прэм’ера стылёвага польскага фільму “Прывітаньне, Тэрэска!”. Чорна-белая стужка, зробленая ў дакумэнтальнай манеры, апавядае пра жыцьцё сучасных падлеткаў. Галоўныя ролі рэжысэр Робэрт Глінскі даручыў дзецям “з вуліцы”, яны фактычна граюць самі сябе. Дзяўчынку на галоўную ролю ён шукаў цягам году — сьпярша ў акторскіх школах, потым у дзіцячых дамох. Там яму і трапілася 16-гадовая Аляксандра Гетнэр, якая з раньняга дзяцінства мела крымінальныя схільнасьці. Фільм прайшоў зь вялізным посьпехам, Аляксандра Гетнэр умомант сталася славутасьцю, але неўзабаве трапіла ў вязьніцу за кватэрны крадзеж.

А 28 верасьня ў менскім кінатэатры “Масква” можна будзе пабачыць фільм “Дапаўненьне” Кшыштафа Занусі. Гэта другая частка кінастужкі “Жыцьцё як сьмяротная хвароба, якая перадаецца палавым шляхам”. 12 кастрычніка чакаецца беларуская прэм’ера фільму Ежы Каваляровіча “Quo Vadis” паводле Сянкевіча. Гэта самы дарагі праект у гісторыі польскага кінэматографу — ягоны дакладны кошт аж дагэтуль трымаюць у сакрэце. Прэм’ера фільму адбылася 14 верасьня 2001 г. Цягам першых двух дзён яго ўбачылі 305 тыс. гледачоў, а да канца году — 4,2 млн.

Аматарам выяўленчага мастацтва арганізатары фэсту могуць прапанаваць хіба фотавыставу “Польскі павільён на 47-м Біенале ў Вэнэцыі”, якая адкрыецца 14 кастрычніка. Аўтар — Лявон Тарасэвіч — абяцае асабіста прыехаць на вэрнісаж.

У часе прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай пачатку фэстывалю, арганізатары яшчэ ня мелі пэўнасьці зь месцам правядзеньня некаторых ягоных імпрэзаў. Удакладніць гэтае, а таксама іншыя пытаньні можна праз тэлефон Польскага інстытуту ў Менску 220-95-81.

Юлія Андрэева


Каментары

Цяпер чытаюць

«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга155

«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга

Усе навіны →
Усе навіны

ДАІ будзе выкарыстоўваць новыя камеры ў Мінску — для кантролю спынення і стаянкі1

Мінскую Серабранку чакаюць маштабныя змены3

Экс-палітвязень расказаў, як атрымаў мікраінфаркт падчас суда1

Мужчыну забіла маланка ў Столінскім раёне

Ізраіль перахапіў судна з Грэтай Тунберг, якое ішло ў Газу5

Каля Драздоў прадаецца дом за $2,5 мільёна5

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара17

Андрэй Павук прыйшоў на прайд у Вільні ў форме міліцыянта з чырвона-зялёным сцягам. Чаму?49

Аўталаўкі ў вёсках могуць змяніць свой выгляд — вось як ФОТЫ8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга155

«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць