Архіў

Показкі ад дзядзькі Рыгора

 Фота АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА

***

Кіроўца пытаецца ў бацюшкі, ці ёсьць рай і пекла. Бацюшка адказвае: “Рай ёсьць, а пекла няма. Бо ўсю смалу на дарогу вылілі, а ўсіх чарцей на скрыжаваньнях паставілі”. Мініятуры Рыгора Барадуліна.

Малая пытаецца ў маці:

— Які ён, цягнік?

Маці адказвае:

— Дачушка, як наша хата, Хадорына хата, Праксэдзіна хата вяроўкай счэплены, і трактар цягніць. А там людзі сядзяць.

* * *

Фота АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
У адзіным вушацкім шапіку жанчына купляе канвэрт. Зірнуўшы на наклееную марку, рашуча пярэчыць:

— Што гэтага лысага даяцё, у мяне свой лысы.

— Гэта ж такі вядомы!

— Усё роўна лысы. Свой надакучыў.

* * *

Памерла ў чалавека жонка. Пагараваў-патужыў дый ізноў ажаніўся. Новую жонку просіць:

— Вары мне штораньня малочны суп, як варыла нябожчыца. Дужа мне да смаку ён.

Зварыла новая жонка суп. Есьць, але кажа, што не такі, як у першай. Яна і солі дабаўляла, і цукру. Усё роўна не такі.

Неўзабаве знайшлося ў іх малое. Гаспадыня ставіць варыць суп, а тут дзіця закугікала. Пакуль яна яго суцішала, варыва прыгарэла. Муж узяў сам зь печы, есьць і шчасьліва крычыць:

— Цяпер такі, як у маёй першай!..

* * *

Адна баба не трапляла зь зяцем. Сварыліся й не мірыліся. Звадзіліся й ня ладзіліся. І пайшла цешча да шаптуна, да ведзьмара. Той даў бабе вады замоўленай і наказаў:

— Як пачнець яго забіраць, набяры ў рот вады і трымай, пакуль не аціхніць. І роб так шэсьць разоў. А калі ненарокам праглынеш ваду, скоранька бяжы й набірай новай у рот.

І памагло…

* * *

— ...У нас тут адну электрычкай завуць: як ток, скрозь праходзіць. Дзе хаўтуры, дзе імяніны, дзе корм які, дык там і пад’есь і йшчэ дамоў прывязець.

* * *

Дзед Стахван сядзіць на прызьбе, дрэмле. А тут певень упыліў за курыцай. Дзед сыпнуў жменьку зярнят. Певень накінуўся на пачастунак. І на курыцу забыўся.

Дзед глядзіць, як агняхвосты кавалер прагна дзяўбе зярняты, ды ўголас думае:

— Ня дай Бог, каб я да таго дажыў…

* * *

Скупы адважыўся прадаваць бульбу. І пачаў кожную бульбіну разразаць напалову, каб болей было.

* * *

У аднаго вушацкага было шмат дачок. І вечарам, перад сном, рабіў ён своеасаблівае перакліканьне, перш чым заперці дзьверы на засоў:

— Гапка ёсь, Ганулька ёсь, Праксэда ёсь, Тэкля ёсь? Засоўвай!

* * *

Было, што Пятрусь Броўка, наведаўшы землякоў у Пуцілкавічах, пачаў пытацца пра сваіх аднагодкаў, хто зь іх хто, хто чым займаецца. Яму й адказваюць, што Аўлас кароў пасець, Хвядос на фэрме робіць, а Якута — настаўнікам. Броўку зьдзівіла:

— Як гэта Якута настаўнікам стаў, ён жа скончыў адну клясу з калідорам?

— Дык ён на конезаводзе настаўнікам, — кажуць землякі цалкам сур’ёзна.

* * *

Афрыканскія госьці ў вушацкім музэі, які завецца музэем народнай славы. Дырэктар Мікола Кірпіч (прозьвішча такое не ад расейскай цэглы, а таму што зачынальнікі роду былі кірпатыя) тлумачыць, дае зьвесткі, распавядае. Дайшла чарга й да славутых землякоў. Госьці стомлена-сумныя. Ды калі прагучэла “Васіль Быкаў”, ажывіліся, бо імя гэтае чулі ў сябе дома.

Потым Мікола, сын Міколаў, казаў:

— Даляр — і ў Афрыцы даляр, а Васіль Быкаў — ва ўсім сьвеце Васіль Быкаў.

* * *

Кіроўца пытаецца ў бацюшкі, ці ёсьць рай і пекла. Бацюшка адказвае:

— Рай ёсьць, а пекла няма. Бо ўсю смалу на дарогу вылілі, а ўсіх чарцей на скрыжаваньнях паставілі.

Дужа любілі гэтую прыпавесьць вушацкія кіроўцы.

* * *

Маці загадала пячы бліны. Паставіла ваду ў печ, а дачку паслала прасіць скавараду, скавароднічак, мучыцу, сольку ды чым бліны памазаць — маселка, а вада вольная: у нас свая ёсь.

І напякла бліноў, смачнейшых, чым у паноў.

* * *

Сабраўся бацька з сынамі далёкі лужок касіць. Ідуць, ідуць, а перад імі канаўка. Бацька скок — і пераскочыў.

Сын захоплена заўважае:

— Ты глядзі, наш бацька яшчэ лёгкі, як сабака!

Другі папраўляе:

— Ці ж можна на бацьку казаць сабака. Пераскочыў — ну й хрэн зь ім…

* * *

Як шчупак у лусцэ, у юбілейных мэдалях і значках хадзіў па мястэчку вэтэран. Школьнікам распавядаў пра вайну, пра подзьвігі свае.

Мама пра яго казала:

— Гэтак ён ваяваў: акопы рылі, а ён бабам у лапаты ручкі ўстаўляў.

Галоўнае — выжыць, а ўспомніць можна ўсё, што было й чаго не было…

* * *

Павёз мужык у сваты хлопца, у якога ня ўсе клёпкі ў галаве былі. Па дарозе паўтараў:

— Ты ж, не пажваўшы, не гавары.

Прыехалі, селі за стол. П’юць, ядуць. Маладзён жваў, жваў кумпячыну дый уступіў у размову:

— Дзядзька, ці помніш, як мы сьвіньню смалілі, а похва лопнула?

Дажваўся.

* * *

З глыбіннай Расеі падарожны прыпыніўся ў вушацкага селяніна.

Вушацкі й пытаецца:

— Можа, ты калатушкі паспытаеш?

Расеец:

— Не хочу!

* * *

Старшыні калгасу далі слова ў райкамаўскім застольлі. Чарговае чырвонае сьвята. Той і пачынае па завучаным:

— Няхай жыве Карл Маркс, Фрыдрых Энгельс, Уладзімер Ільліч, таварыш Сталін...

Пералічвае, пералічвае ўсіх, каго належыць славіць, а думае сваё. І пад канец тосту вырвалася:

— І наагул, няхай жывець хто з кім хочаць!

Каментары

Цяпер чытаюць

Затрымалі аднаго з удзельнікаў ювелірнага брэнда Belaruskicry Ягора Бужылава. Прапагандысты паказалі яго5

Затрымалі аднаго з удзельнікаў ювелірнага брэнда Belaruskicry Ягора Бужылава. Прапагандысты паказалі яго

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску з'явіўся адзіны ў СНД апарат са штучным інтэлектам для лячэння раку7

У Тэатры беларускай драматургіі збіраюцца ставіць ідэолага «рускага свету» Захара Прылепіна20

Спявак Дзядзя Ваня страціў працу. Ён усё яшчэ адбывае хатнюю хімію9

«Гэта быў беспрэцэдэнтны акт супраць нашага народа». Аліеў упершыню пракаментаваў забойства азербайджанцаў расійскімі сілавікамі9

Як выглядае знутры самы вялікі пентхаус квартала Depo амаль за два мільёны даляраў ВІДЭА7

У Польшчы дапамогу выплачваюць амаль на 25 тысяч беларускіх дзяцей — за год іх стала крыху больш3

«Ніхто не зразумеў, куды ехаць». Першая аварыя на алмазнай развязцы ў Мінску выклікала спрэчкі сярод кіроўцаў3

За Нептунам можа быць яшчэ адна планета памерам з Зямлю, пра якую раней не падазравалі2

У Гродзенскім заапарку нарадзілася дзіцяня ламы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі аднаго з удзельнікаў ювелірнага брэнда Belaruskicry Ягора Бужылава. Прапагандысты паказалі яго5

Затрымалі аднаго з удзельнікаў ювелірнага брэнда Belaruskicry Ягора Бужылава. Прапагандысты паказалі яго

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць