Я сяджу ў сваёй сяброўкi — у Рыты, п’ю каву, куру i расказваю. А расказваю во што.
Рэйманд Карвэр (1938—88) — амэрыканскі празаік, паэт, сцэнарыст. Адзін з самых папулярных аўтараў апошніх дзесяцігодзьдзяў |
Таўсьцейшага таўсьцюка я ў жыцьці ня бачыла, хоць i выглядаў ён ахайна, i апрануты быў непаскудна. Усё ў ім здаравізнае. А найбольш кінуліся ў вочы пальцы. Я забірала талеркі ў старых за столікам, наступным за ягоным, і мой позірк упаў на ягоныя пальцы. Ну, утрая большыя, чым у нармальнага чалавека: даўжэзныя, тоўстыя, тлустыя.
Я аглядаю астатнiя свае столiкi: за адным вячэраюць чацьвёра бiзнэсоўцаў — такія патрабавальныя! — за другім чатыры чалавекі, тры мужыкі i кабета, ды нейкая старая пара. Ліндэр налiў бамбізу вады, і я добра пачакала, пакуль падысьцi.
Добры вечар, кажу. Што будзеце есьці, кажу.
Рыта, але ён быў такi кабан!
Добры вечар, кажа. Здарова. А я ўжо ўсё выбраў, кажа.
І гаворыць так дзіўна, усё носам пасопвае.
Мабыць, пачнём з царскае салаты, кажа. Таксама супу, толькi ж да супу не шкадуйце хлеба і масла, калi ласка. Напэўна, адбіўныя катлеты з маладое бараніны. Ну, і запечанай у сьмятане бульбы. А там пабачым, што на дэсэрт. Вялiкi дзякуй, ён кажа, i аддае мне мэню.
Божа, Рыта, ну ў яго i пальцы былі.
Я ляту ў кухню, аддаю Рудзi замову, а ён яе бярэ з такiм тварам, ну, ты ж ведаеш Рудзі. Ён заўсёды на працы такi.
Толькi я выйшла, а Марго — я табе апавядала пра Марго, тую, што да Рудзі клеіцца? — а Марго ўжо мне шэпча: гэты жыртрэст што, твой сябрук? Ну ён і кабан.
Цяпер я думаю, усё гэта было часткаю нечага большага. Не, праўда, — частка большага.
Я ў яго за столікам перамешваю царскую салату, а ён за кожным маiм рухам назiрае, а сам сабе маслам лусты хлеба шмаруе і ўбок адкладае. А носам усё сабе соп-соп. Дык вось, ці то я такая знэрваваная, цi то што, але ў мяне з рук вады шклянка, што для яго несла, на падлогу як бабахне!
Даруйце, калi ласка, кажу. Гэтак заўсёды, калi сьпяшаешся. Прабачце, кажу. Вас не запляскала? Зараз, кажу, прыбяром.
Нiчога, кажа, усё ў парадку, кажа ён і носам чмыша. Не хвалюйцеся, на нас не папала, кажа.
Усьмiхаецца, рукой махнуў, а я іду клікаць Ліндэра, каб прыбраў. Я падыходжу, каб накласьці яму ў талерку салаты, гляджу — а хлеб і масла ўжо як падмяло.
Я прынесла яму яшчэ хлеба, а салаты ўжо няма. Не, ты ўяўляеш, царскую салату за хвілю як ветрам зьдзьмула.
Ай, дзякуй вам за хлеб, кажа. А хлеб у вас добры, кажа.
Дзякуй на добрым слове, кажу.
Да таго смакуе, кажа. Ну, праўда. Ня кожны дзень такога смачнага хлеба паясі.
А вы скуль, пытаюся. Нешта я вас раней ня бачыла, кажу.
Але! Такога дзядзечку забудзеш, устаўляе свае тры грошыкі Рыта.
З Дэнвэру, кажа.
Я пра гэта далей маўчу, хоць мяне і заінтрыгавала.
Ваш суп, спадару, за хвiлiну прынясуць, кажу я і йду, бо трэба тых чатырох патрабавальных бiзнэсоўцаў абслужыць.
Калi я падаю суп, бачу, хлеба ўжо зноў няма, апошнi кавалак пайшоў у рот.
Далібог, мала калі такога смачнага хлебца паспытаеш. І ўсё сапе. Вы ўжо мне прабачце, кажа.
Што вы, што вы, кажу, ежце на здароўе. Добра, калi чалавек есьць і яму гэта ў смак.
Мо й так, кажа. Мо й праўда, калi вы так лiчыце. І сапе. Папраўляе сурвэтку, потым бярэцца за лыжку.
Ну і ўспушыла пацана, кажа Ліндэр.
Што ён табе, вiнаваты, што такі тоўсты, кажу. Закрый ляпу.
Прыношу яму яшчэ кошычак хлеба і масла. Ну, як вам супчык, пытаюся.
Дзякуй. Добры, кажа, вельмi добры, абцiрае вусны й прыцiскае сурвэтку да потнага падбародзьдзя. Гэта тутака так горача цi гэта мне толькі горача? — пытаецца ён.
Не, гэта так у залі душна.
Тады мы здымем палiто, мусіць.
Калi ласка, кажу, здымайце. Чалавек павiнен быць у камфорце.
Праўда, кажа ён. Гэта вы вельмi-вельмi слушна кажаце. Але пасьля я гляджу, а ён як сядзеў, так i сядзiць у палiто.
Тыя кампаніі i старыя ўжо разышліся. Рэстаран пусьцеў. Калi я падавала таўстуну катлеты, і бульбу, і яшчэ хлеба і масла, ён ужо заставаўся адзiн на ўсю залю. Я лінула на бульбу сьмятаны ад душы, пасыпала шынкай, цыбуляй і прынесла во гэтулькі хлеба і масла.
Мо яшчэ што, пытаюся.
Не, дзякуй, кажа ён і сапе. Выдатна, дзякуй, кажа і зноў сапе.
Смачна есьцi, кажу. Падымаю накрыўку цукарнiчкі і зазiраю туды. А ён утаропiўся ў мяне і ўсё ківае, пакуль я не пайшла.
Цяпер я ведаю, мне нешта было трэба. Але тады я ня ведала што.
Твой жыртрэст, кажа мне Гарыета, табе кішкі выесьць. Ну, ты ж ведаеш Гарыету.
Наш фірмовы дэсэрт, кажу, называецца “Зялёны лiхтарык”, гэта пудынг з соўсам, ёсьць яшчэ пірог з сырам, марозiва з ваніляй і ананасавы шарбэт.
А мы вас не затрымлiваем? Ён пытаецца ў мяне і ўсё сапе заклапочана.
Ані, кажу. Вядома, не. Я, кажу, яшчэ кавы прынясу вам, а вы пакуль думайце.
Мы будзем шчырымi з вамi, кажа ён і гайдаецца. Мы жадаем i фірмовага пудынгу, i марозiва місачку. І на марозіва наверх крапніце капачку шакаляднага сыропу, калi ласка. Мы ж гаварылi, што прагаладалiся, кажа.
Я выходжу на кухню, хачу сама прасачыць, каб яму дэсэрту не пашкадавалі, а Рудзі мне: Гарыета сказала, што ў цябе там туша нейкая вячэрае, хоць ты яго ў цырку паказвай замест клоўна. Што, праўда?
Рудзі фартух зьняў і каўпак зьняў, ну, ты ж разумееш.
Рудзі, кажу, ён тоўсты, але ж ня ў тым справа.
Рудзі сьмяецца. А табе, здаецца, падабаюцца такія сланы.
Ты, Рудзі, ня сьпі ў шапку, пакеплівае Джаана. Яна якраз увайшла й глядзіць.
Я пачынаю раўнаваць, кажа Джаане Рудзі.
Я паставiла перад бамбізам пудынг, а вялікую вазу марозiва з шакалядным сыропам — трохі збоку.
Ну, дзякуй, кажа ён.
На здароўе, кажу, і мяне ахiнае нейкае пачуцьцё.
Верыце вы мне цi не, кажа, але мы не заўсёды так ямо.
А я ўсё ем і ем, кажу, але не магу вагi набраць, як ні пнуся.
Не, кажа. Каб наша воля, нiколi б. Але ж гэта ня ў нашай волі.
Потым за лыжку, і есьць.
А далей што, пытаецца Рыта, зацягваючыся цыгарэтай з майго пачка і падсоўваючыся бліжэй да стала. Дзела пайшло весялей, кажа Рыта.
А ўсё. Больш нiчога. Ён зьеў дэсэрт і пайшоў. І мы з Рудзі таксама пацёпалі дахаты.
Жыртрэст нейкі, кажа Рудзі і разьмінае плечы. Ён гэтак заўжды пацягваецца, калi стомлены. Пасьля ён сьмяецца і зноў iдзе глядзець тэлек.
Я стаўлю ваду на чай і прымаю душ. Кладу сабе далонь між нагамі і дзiвуюся, што было б, каб у мяне былi дзецi і адно зь iх выглядала так, як гэты бамбіза.
Залiваю ваду ў імбрычак, выстаўляю кубкi, цукарнiцу і выношу на падносе для Рудзі.
Рудзі, нібы разважаючы сам сабе, кажа: ведаў я неяк, калi я быў дзiцем, двух бамбізаў, такіх двух слонікаў. Маленькiя, а тлустыя, Божа мой. Ня памятаю, як iх было зваць. Тлушч — так аднаго пацана і гукалі. Тлушч — клікалі мы яго. Ён жыў побач са мной. А другi хлопец прыехаў у наш раён пасьля. У яго мянушка была — Карова. Усе клiкалi яго “Карова”, толькі настаўнiкі па імені. Тлушч і Карова.
Во каб у мяне iхныя фоткi засталіся, кажа.
А мне да галавы нiчога не прыходзiць, проста гарбату п’ём. Я неўзабаве ўстаю і iду класьцiся. Рудзі таксама ўстае, выключае тэлевiзар, засоўвае ўваходныя дзьверы і пачынае расшпiляцца.
Я кладуся ў ложак, пералажу на край і ляжу там на жываце. Рудзі кладзецца ў ложак і пачынае, як толькi выключылі сьвятло. Я пераварочваюся на сьпiну і крыху расслабляюся, хоць ён мяне крыху змусіў. Ды во што дзiўна: калi ён залазiць на мяне, я раптам адчуваю сябе поўнай, я адчуваю сябе жахлiва поўнай, такой поўнай, што Рудзі — нібы ён маляўка якая — амаль зьнiкае.
Гэта прыкол, кажа Рыта, але бачу, што ты ня ведаеш, як яго растлумачыць.
Я адчуваю прыгнечанасьць. Але гэтага я ёй расказваць ня буду. Я й так ужо зашмат ёй распавяла.
Яна сядзiць і чакае, пакручваючы валасы сваiмi мiніятурнымi пальчыкамi. Чакае нечага? Каб жа знацьцё. Цяпер жнiвень.
Маё жыцьцё зьменiцца. Я гэта адчуваю.
Рэйманд Карвэр
Пераклаў з ангельскай А.Д.
Каментары