Архіў

«Пузата хата» ды «сьвiнячэ пляцкi» зь вiшнёвага сшытка

У кожнага застаюцца свае водары дзяцiнства. Я ж на ўсё жыцьцё вынесла водар з бабулiнай каморы…

Гэта была найсаладзейшая казка майго маленства. За тыдзень перад сьвятам бабуля пачынала складваць у камору ўсё печанае, i, калi мы прыяжджалi, там стаяў той чароўны водар, якi паланiў дзiцячыя душы i ў якiм надоўга маглi заблукаць небажаты, што зьбiралiся ў вёсцы на сьвята…

Я першай бегла ў камору i сасьмяглымi вочкамi ўбiрала ў сябе ўсе фантастычныя вульканы тартоў з узьбiтымi вяршкамi, дзе патаналі ягады, удыхала самы салодкі водар макавых пiрагоў, у якiх абавязкова была праслойка зь бялюткiм-бялюткiм тварагом, ды, вядома, прыгашчалася цестачкамi, ажно пакуль хто-небудзь з дарослых мяне адтуль не выцягваў. Але ж найулюбёнейшым заняткам было церцiся побач з бабуляю, калi яна пякла, ды нiбыта дапамагаць ёй.

Перабiраючы надоечы рэцэпты ад бабулi ў сшытку вішнёвага колеру, я знайшла «пузату хату», i ў мяне, як у Тараса Бульбы, аж сьлінкi пацяклi ды забурчала ў жываце… Гэта быў мой любiмы торт у дзяцiнстве, бо яго было весялей за ўсё пячы. «Пузату хату» трэба было будаваць зь «бярвёнаў», выдумляючы свае ўзоры, самастойна вырашаючы, колькi ў хаце будзе пакояў, дзе будзе ганак i якiм будзе дах.

Калi ў вас ёсьць дзецi, гэта, пэўна, стане для вас самым займальным рэцэптам. Зрэшты, будаваць хату любіць ня толькi малеча, але й дарослыя. Тым больш у Беларусi, дзе, закладзеная генэтычна, гэтая прага стварыць свой дом так часта растоптвалася.

Вось, калi ласка, i стары рэцэпт для вашай хаты. Як казала бабуля, «хай ваша хата тэж будэ пузата!».

Цеста: 250 г маргарыну, 2 жаўткi, 4 шклянкi мукi, 1 чайная лыжка гашанай соды, 250 г сьмятаны. Цеста трэба падзялiць на 16 частак i паставiць у холад на 2 гадзiны.

Начынка: 650 г чарнасьлiву, разынкi, цёртыя яблыкi, курага, 1 шклянка грэцкiх арэхаў, 1 шклянка цукру.

Крэм: 1 лiтар сьмятаны ўзьбiць з 1 шклянкай цукру, дабавіўшы лiмоннай кiслаты.

Раскачаўшы каржы, я кладу ў iх начынку ды скручваю «бярвёнамі». Са сьпечаных бярвёнаў, змазаных кiслым варэньнем, выкладваю хатку ды залiваю яе белым крэмам.

Мадэрнiзаваны варыянт «пузатай хаты» патрабуе яшчэ й шакалядных плям на даху. Дый начынку таксама можна прыдумляць любую: бабуля клала часам «п’яную вiшню», трускалкi ды сьвежыя абрыкосы. Выходзiць смачна… Уявiце, якi стракаты зрэз з такой хаты!

Наш тоўсты сшытак вiшнёвага колеру, у якiм запiсаны бабчыны рэцэпты, — сапраўдная крыніца тэрапii. Гатуючы старыя бабулiны стравы, супакойваесься, пачынаеш бачыць вечнае ў штодзённым i малым, адыходзiш ад думак пра марнасьць. Нават гатаваць для гэтага неабавязкова — дастаткова пачытаць назвы страў. У iх схаваная свая фiлязофiя.

Адна з гэтых назваў калiсьцi адыграла канчатковую ролю ў маiх адносiнах з адным хлопцам.

Сяргей быў надта ўжо змрочным дзецюком. Аднойчы ён патэлефанаваў, каб запрасiць мяне на шпацыр. Адной рукой я трымала слухаўку, а другой даставала бляху зь печкi. Я пякла вялiзны пiрог па старым бабулiным рэцэпце, i ў гэты момант бляха ледзьве ня высьлiзнула на падлогу. Пачуўшы грукат, Сяргей спытаў, што пяку. Тлумачыць, што назву пiрага прыдумалi мае вясёлыя прапрабабулi і што назва сама па сабе вельмi вясёлая, не хацелася. Я проста сказала:

— Сьвiнячэ пляцкi.

— Чаго?

— Сьвiнячэ пляцкi…

Сяргей як быццам абразiўся i, нiчога ня кажучы, паклаў слухаўку…

А дарма. Назва ў пiрага вельмi нават лягiчная: «пляцкi» — бо каржы ня трэба раскочваць, дастаткова iх рукамi рась-цягнуць i кiнуць на бляху. Чым ня пляцкi?

А «сьвiнячыя» яны, бо ў цеста трэба класьцi смалец («сьвiнячы» тлушч). Дужа смачна. Хоць i складана. Ды, урэшце, паспрабуйце самi — вось рэцэпт:

Для цеста бярэцца паўлiтра смальцу, паўлiтра сьмятаны, паўлiтра цукру, 1 ст. лыжка амонiку (цi парашку для печыва), дадаецца столькi ж мукi, як на варэнiкi (цеста мусiць быць мяккiм). Каржы трэба раскачаць тонкiмi пластамі i выпякаць.

Для крэму варыцца манная каша (на 3 ст. лыжкi крупы — 2 шклянкi малака). Калi каша астыне, трэба ўзьбiць яе з 200 г масла, дабавіўшы цукар i лiмонную кiслату на свой густ.

Асаблiва добра «сьвiнячэ пляцкi» ідуць з моцнай кавай… ды ў кампанii файнага хлопца, якога не напалохае назва пiрага.

НАТАЛКА ХАРЫТАНЮК — студэнтка, жыве ў Берасьці.

Каментары

Цяпер чытаюць

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?16

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?

Усе навіны →
Усе навіны

Колькасць бюджэтных месцаў на магістратуры будзе вызначаць дзяржава1

«У нас гэтыя льготы няма чым ільгатаваць». Лукашэнка патлумачыў, чаму не будзе даваць льгот моладзі і сям'ям з адным ці двума дзецьмі18

Экаактывісты больш не прыклейваюць сябе да дарог. І вось чаму14

У цэнтры Мінска затрымалі голага бегуна, які ўдзельнічаў у трэш-чэленджы Мелстроя15

«Для кожнага быў свой тэлевізар». Беспрацоўны беларус расказаў, як у Германіі яму зрабілі бясплатную аперацыю9

У Акадэміі навук заявілі, што беларусы з кожным годам усё больш задаволены12

Гросмайстар Нарадзіцкі, які раптоўна памёр у 29 гадоў, перад смерцю цяжка перажываў абвінавачанні з боку Крамніка2

Беларус расказаў, як быў гідам у Дудзя на Мадэйры — елі дранікі ў бары і гулялі ў футбол на стадыёне Раналду12

Лось ноччу зайшоў у цэх прадпрыемства пад Магілёвам, пафоткаўся і сышоў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?16

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць