Тэатр1010

Чаму Вітаўт не стаў каралём?

Нацыянальны тэатр оперы і балета адкрыў сезон прэм’ерай спектакля «Вітаўт». Ён анансаваўся як адна з галоўных падзей сезона.

Не сакрэт, што асобы нацыянальных герояў Беларусі і яе выбітных ураджэнцаў часцей рабіліся галоўнымі героямі спектакляў, ажыццёўленых у драматычным тэатры.

За гады незалежнасці Оперны зрабіў усяго некалькі пастановак, дзеянне якіх адлюстроўвала гістарычнае мінулае краіны.

Гэта балет «Жарсці (Рагнеда)» Андрэя Мдзівані (адзначаны найвышэйшай узнагародай Міжнароднай асацыяцыі танца — прэміяй «Бенуа дэ ля данс»), оперы «Князь Наваградскі» Андрэя Бандарэнкі і «Сівая легенда» Дзмітрыя Смольскага. Пагадзіцеся, тры пастаноўкі больш чым за два дзесяцігоддзі — літаральна кропля ў моры!

Да таго ж не сакрэт, што прыхільнікі Опернага нашмат больш апалітычныя, чым наведнікі нешматлікіх беларускамоўных драматычных калектываў (напрыклад, Купалаўскага тэатра).

Пастаноўка балета «Вітаўт» не можа не паўплываць на ўспрыманне гісторыі меламанамі: у масавай свядомасці кіраўнік ВКЛ нарэшце пачынае бачыцца «сваім».

Не дзіўна, што ў інтэрнэце нядаўна з’явіліся матэрыялы, дзе пакрыўджаныя літоўцы выказвалі сваё абурэнне, маўляў, беларусы «прыватызавалі» Вітаўта. Таму сам факт пастаноўкі такога балета надзвычай умацоўвае нацыянальную свядомасць.

З мастацкім складнікам усё не так адназначна. Галоўная вартасць спектакля — яго музыка, якую напісаў вядомы беларускі кампазітар Вячаслаў Кузняцоў.

 Слухаючы «Вітаўта», фізічна адчуваеш адлегласць больш чым у сем стагоддзяў (дырыжор-пастаноўшчык Вячаслаў Воліч). Музыка структураваная, у ёй цудоўна выпісаныя дуэты і масавыя сцэны, што адпавядае законам музычнай драматургіі і дае карт-бланш харэографу.

Лібрэта балета належыць Аляксею Дудараву. У 1993-м ён напісаў п’есу «Князь Вітаўт», якая доўгі час з поспехам ішла ў Купалаўскім. Дудараў добрасумленна, але крыху механічна
скараціў сюжэтныя лініі і герояў, непатрэбных для новай пастаноўкі.

Але праца драматурга і лібрэтыста адрозніваюцца. У п’есе існавала гармонія і пэўны «кансэнсус» паміж сцэнамі лірычнымі і «дзяржаўнымі» (апошнія найбольш праяўляліся ў
маналогах і дыялогах стрыечных братоў Вітаўта і Ягайлы). У лібрэта «палітычная» лінія істотна скарацілася, таму рухавіком усяго дзеяння сталі паводзіны жанчын. Прыгажосць Ганны (у розных складах Людміла Хітрова і Ірына Яромкіна) выклікае канфлікт паміж Ягайлам (Юрый Кавалёў і Алег Яромкін) і Вітаўтам (Антон Краўчанка і Ігар Аношка); пакрыўджаны выбарам дзяўчыны, якая абрала Вітаўта, Ягайла нападае на сям’ю стрыечнага брата, забівае яго бацьку і свайго дзядзьку Кейстута (Дзмітрый Шэмет); Ганна аддае Вітаўту ўласную вопратку і такім чынам вызваляе галоўнага героя з вязніцы. (Дарэчы, падказка выканаўцу галоўнай партыі: калі ён сыходзіць з турмы, лепш закрыць плашчом галаву. Іначай як падмануць ахоўнікаў?)

Акцэнт на ролі жанчын спрашчае гісторыю і не дае выканаўцам мужчынскіх партый раскрыць характары сваіх герояў і паказаць іх ролю ў развіцці краіны. Фактычна ўбачаная пастаноўка робіцца яшчэ адной гісторыяй пра каханне.

Але ўявіце, што паводзіны Спартака і Ціля Уленшпігеля ў аднайменных балетах, якія ставіліся на мінскай сцэне,
вызначаюць толькі пачуцці да сваіх абранніц, а не прага свабоды! У ідэале абодва складнікі мусяць знаходзіцца ў гармоніі.

Пасля прагляду «Вітаўта» не зусім зразумела, чаму асоба галоўнага героя засталася ў памяці беларусаў на стагоддзі.

Харэаграфія і пастаноўка балета належаць Юрыю Траяну, у мінулым аднаму з вядучых танцораў трупы. Але

«Вітаўт» чарговы раз пераканаў: салісты, якія досыць доўга выконвалі ў класічным і сучасным рэпертуары галоўныя партыі, рэдка робяцца самабытнымі харэографамі.

Бо пачынаюць мысліць тымі пластычнымі сказамі, абаротамі, ідыёмамі, якія ўвайшлі ў іх свядомасць за не адно дзесяцігоддзе.

Падчас спектакля я стамляўся фіксаваць цытаты, убачаныя ў пастаноўках Валянціна Елізар’ева. Напрыклад, пачатак Вітаўта» нагадвае «Вясну святарную»; сцэна, калі ў замак Кейстута ўрываюцца ворагі, узятая з «Рагнеды»; фрагменты адажыа Вітаўта і Ганны, а таксама фінал пазычаныя са «Спартака»…

Так, у балеце сустракаюцца асобныя небанальныя харэаграфічныя эпізоды, якія нядрэнна б глядзеліся ў мініяцюрах. Але, на жаль, Ю. Траян цалкам не выкарыстоўвае патэнцыял, закладзены ў музыцы. Празмернае выкарыстанне элементаў драмбалета харэаграфіі (калі пантаміма і драматычныя сродкі выразнасці часам зусім неабгрунтавана выцясняюць уласна танец) пакідаюць сумнае ўражанне.

Лібрэтыст і харэограф досыць адназначна трактуюць паводзіны герояў і адразу паведамляюць гледачам, хто дрэнны, а хто добры («мужны і мудры Вітаўт Вялікі, хітры, праніклівы і жорсткі Ягайла, пяшчотная, далікатная і моцная Ганна, высакародная і велічная Ядвіга»).

Для асабліва нездагадлівых гледачоў уведзеная партыя чалавека-павука… прабачце, Чорнага чалавека (па выпадковым супадзенні, цалкам адмоўнага героя). Магчыма, яны знаходзяцца ў палоне беларускіх сярэднявечных летапісаў, аўтары якіх усяляк усхвалялі Вітаўта і адмоўна ацэньвалі Ягайлу.

Але майстэрства харэографа і заключаецца ў тым, каб вобразы герояў выглядалі неадназначнымі. Напрыклад, у балеце «Спартак» палкаводзец Крас (у выкананні Віталя Пятроўскага) змагаўся з беглым рабом таму, што бунтарства апошняга было пагрозай існаванню Рыма, усёй антычнай цывілізацыі, заснаванай, тым не менш, на рабскай працы. А чым патлумачыць паводзіны Ягайлы, акрамя банальнай рэўнасці да былога сябра Вітаўта?

Засмучае, што сюжэт балета часам застаецца незразумелым для публікі.

Сцвярджаю так, што бо сам у антракце тлумачыў знаёмым (дарэчы, дасведчаным у тэатры асобам) і ступень сваяцтва герояў, і сюжэтныя павароты. На жаль, не чытаючы сціслага зместу, немагчыма здагадацца, што Чорны чалавек запрашае Вітаўта на вяселле Ягайлы і Ядвігі. Што Ганна, калі да яе прыходзяць забойцы каханага, ператвараецца ў міфічную Леду (у фінале, відаць, адбываецца яе рэінкарнацыя, бо галоўны герой кідаецца да яе як да жывой істоты).

У першых сцэнах часам цяжка адрозніць Вітаўта і Ягайлу, апранутых аднолькава (яны ўсё ж стрыечныя браты, а не сіямскія блізняты), і г.д. Цікава, ці зразумее такія моманты нетэатральная публіка?

Крыху большага чакаў я ад сцэнаграфіі Эрнста Гейдэбрэхта.

У 1980-я гады гэты выдатны мастак працаваў у Мінску і быў адным з сааўтараў такіх шэдэўраў, як «Карміна Бурана», «Балеро», «Рамэа і Джульета».

У першай дзеі «Вітаўта» асноўным элементам сцэнаграфіі ёсць галава зубра (у першых сцэнах яна выклікае асацыяцыі з паганскім богам). У другой дзеі мастак пераносіць нас у інтэр’еры каралеўскага палаца ў Кракаве, вырашаных у колерах польскага нацыянальнага сцяга.

Увогуле сцэнаграфія Гейдэбрэхта ўражвае эфектнасцю, унутранай сілай і… статыкай, бо яна нерухомая і, асабліва ў 1-й дзеі, хутчэй ілюструе падзеі.

Як вядома, рэальны Вітаўт усё жыццё марыў стаць каралём. Але карону, замоўленую у Рыме, перахапілі палякі, а вялікі князь неўзабаве памёр.

Аднак існуе мажлівасць своеасаблівай мастацкай сатысфакцыі: адлюстраваць у творы мастацтва героя як выбітную асобу, усё-такі вартую высокага тытула, што пазней замацуецца ў масавай свядомасці. З гэтай нагоды спынюся на характэрным эпізодзе: у фінале балета, пасля таго як Вітаўт перамог, ён апускае карону, сімвал улады (!), на падлогу (!!!) і кідаецца да Ганны. Зразумела, перад намі яшчэ адна праява ўсёпераможнага кахання! Але неўзабаве карона пачынае перашкаджаць, блытацца пад нагамі, і балерына (спадзяюся, незнарок) ледзь не «падфутбольвае» яе.

Пакуль у мастацтве будзе дамінаваць такое ўспрыняцце мінулага, Вітаўт асуджаны заставацца не каралём, а князем. Хай сабе і вялікім.

Каментары10

Цяпер чытаюць

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены10

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены

Усе навіны →
Усе навіны

«Беларускія Мальдывы» стануць помнікам прыроды. Чым унікальныя затопленыя Ваўкавыскія кар’еры4

«Чорная жамчужына» сушыць вёслы»: тыкток у захапленні ад вялізнага фрэгата, які пабудаваў пенсіянер у Пінску ў сваім агародзе6

Беларус вырасціў гіганцкі перац — памерам з электрачайнік1

«Ніякіх забароненых месцаў не існуе». Келаг кажа, што Трамп дазволіў Украіне наносіць дальнабойныя ўдары24

«Хлопцы гралі на гітары Ляпіса Трубяцкога». Як беларусы арганізаваліся, каб сустрэць нечакана вызваленых палітвязняў4

На выбарах у Малдове перамагла праеўрапейская партыя прэзідэнта Санду, прарасійская апазіцыя прайграла9

Таямніцы Мінскага замчышча: недабудаваны храм, які ставіць у тупік навукоўцаў, і маладая князёўна з касой і кветкавым вянком1

У ЗША 18‑гадовы зумер зарабіў $30 мільёнаў на дадатку, які лічыць калорыі па фота ежы

У афіцыйным Пантэоне герояў ёсць князь, пра існаванне якога многія пачуюць першы раз13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены10

Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць