Меркаванні22

Квадратура кола

Альбо навошта RTVI ўзялося за «яйкаквадраты»?

Пра гісторыю зь «яйкаквадратамі» за апошні час паведамілі, бадай, усе СМІ, якія маюць дачыненьне да Беларусі — залежныя й незалежныя. Але для нашых чытачоў нагадаю ў скароце сутнасьць справы. У 1992‑м годзе ў Менску адбылася мастацкая выстава, на якой упершыню быў прадстаўлены праект пад назвай «Яйкаквадраты». Аўтары ідэі — вядомы беларускі паэт Алесь Разанаў (многія калі не чыталі, дык чулі пра ягоныя вершы‑квантэмы) і мастак Віктар Маркавец. Як тады тлумачыў Разанаў, папярэднікамі графічных работ у рамках праекту можна лічыць «супрэматычныя квадраты» Казіміра Малевіча, знакамітага мастака‑авангардыста, які доўгі час жыў у Віцебску. Але разам з тым, на думку паэта, гэты вобраз — белае яйка на чырвоным фоне альбо наадварот, чырвонае на белым — адпавядае нацыянальным традыцыям беларусаў, іх «духоўнаму космасу».

Наўрад ці аб гэтым ведалі у рэклямным аддзеле расейскай тэлефоннай кампаніі МТС, калі яна ўзялася за так званы «рэбрэндынг». Тым ня менш, у выніку зьявіўся новы рэклямны лягатып кампаніі, які вельмі нагадвае тыя самыя яйкаквадраты. Толькі «яйка» ў рэкляме МТС пастаўленае вэртыкальна, у адрозьненьне ад работ Разанава‑Маркаўца. Яны вырашылі падаць у суд на кампанію, дзе факт плягіяту (незаконнага капіяваньня) катэгарычна адмаўляюць. Скаржнікі цьвердзяць, што грошай яны не патрабуюць, але хочуць, найперш, абараніць свае аўтарскія правы. Паколькі перамовы ў судзе першай інстанцыі з прадстаўнікамі кампаніі нічога не далі, справа перададзеная ў калегію Вярхоўнага суду Беларусі ў пытаньнях інтэлектуальнай уласнасьці. Пасяджэньне прызначанае на 1 кастрычніка.

Пра яйкаквадраты вырашыла паведаміць і тэлекампанія RTVI ў сваёй праграме «Акно ў Эўропу». Сюжэт, праўда, заняў каля хвіліны…А больш пра Беларусь у праграме не было ні слова.

Справа хоць і неардынарная, але наўрад ці яе можна назваць самай важнай падзеяй з усіх, што адбываліся апошнім часам у Беларусі. Тым ня менш, у мінулую нядзелю пра яйкаквадраты вырашыла паведаміць і тэлекампанія RTVI ў сваёй праграме «Акно ў Эўропу». Сюжэт, праўда, заняў каля хвіліны…А больш пра Беларусь у праграме не было ні слова. Зразумела, тэлекампанія мае поўнае права вызначаць сваю этэрную палітыку, а аўтары праграмы — шукаць тэмы для яе. Але тут варта зрабіць яшчэ адно адступленьне.

Калі я не памыляюся, пару гадоў таму згаданая тэлекампанія, разам з Эўрапейскім радыё для Беларусі й загадкавай нямецкай фірмай МэдыяКансалта, выйграла тэндэр Эўразьвязу на праект вяшчаньня на Беларусь. Неўзабаве пачала выходзіць у этэр і тэлепраграма «Акно ў Эўропу». Наколькі можна было зразумець, прызначалася яна найперш для беларускага тэлегледача й павінна была інфармаваць, сярод іншага, пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. Аднак тое, што яна прызначаная для беларускай аўдыторыі, можна здагадвацца цяпер толькі дзякуючы бягучаму радку на беларускай мове, у якім распавядаецца пра зьмест тэлесюжэтаў. А сюжэты ў асноўным прысьвечаныя падзеям у розных краінах Эўропы. І часам — у Беларусі.

Нельга сказаць, каб усе сюжэты там нагадвалі «рэпартаж» пра яйкаквадраты. Нядаўна, напрыклад, «Акно ў Эўропу» закранула важную тэму спадарожнікавага вяшчаньня. Гарадзкія ўлады Менску, як вядома, прынялі пастанову, якая патрабуе ад жыхароў прыбраць з дамоў нелегальна (то бок, без дазволу архітэктараў) усталяваныя антэны‑талеркі, а заадно й кандыцыянэры. Высьвятляецца, што пастанова існуе, але ж прававога мэханізму яе выкананьня няма. І вось некаторыя грамадзяне пачалі ўжо падаваць у суд на парушэньне іх грамадзянскіх правоў…

Зразумела, самі ўлады ня надта заклапочаныя «прававымі мэханізмамі» — будзе загад зьверху, выканаюць. Але самае крыўднае будзе, калі ўлады абвесьцяць сапраўдную вайну талеркам, а глядзець на спадарожнікавых каналах, што вяшчацьмуць на Беларусь, можна будзе адно сюжэты пра «яйкаквадраты». Яны хоць і маюць дачыненьне да «беларускага космасу», але ўсё ж задаволіць патрэбу беларускіх грамадзянаў у пашырэньні інфармацыйнай прасторы наўрад ці змогуць.

Максім Пешка, «Свабода», беларуская газэта

Каментары2

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У 55 гадоў памёр стваральнік брэнду Serge Сяргей Атрошчанка9

У 55 гадоў памёр стваральнік брэнду Serge Сяргей Атрошчанка

Усе навіны →
Усе навіны

У акупаваным Крыме зноў прадаюць знакамітую «Масандру»3

Кіраўніца расійскага Цэнтрабанка заявіла пра вычарпанне апошніх рэсурсаў росту расійскай эканомікі16

Ва Украіне прызначылі новага камандуючага Сухапутнымі войскамі2

З'явіўся ўказ, які дазваляе прыватызаваць арэнднае жыллё1

Іран і ЗША непублічна вялі прамыя перамовы пасля ўдараў Ізраіля

Палітвязня Наліўку падмануў палітвязень Абрамук — забраў падтрымку, якую той павінен быў атрымаць па вызваленні15

Магіла акадэміка Карскага ў Пецярбургу ўся зарасла баршчэўнікам ФОТАФАКТ15

Славацкі палітолаг, былы кіраўнік амерыканскага фонду PACT лабіруе збліжэнне з Лукашэнкам8

Як паехаць у экзатычнае падарожжа і не захварэць?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У 55 гадоў памёр стваральнік брэнду Serge Сяргей Атрошчанка9

У 55 гадоў памёр стваральнік брэнду Serge Сяргей Атрошчанка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць