Культура55

Менскія чыноўнікі павярнуліся тварам да Верхняга гораду?

Уладзімер Папруга: «Тое, што я так настойліва апэляваў да ўсіх дзяржаўных інстанцый (як мне было сказана — стварыў для іх пакутлівыя абставіны сваімі лістамі, дастаў іх ліставаньнем), плюс яшчэ мая апэляцыя да Дзяржкантролю — усё ж дало плён».

Роўна месяц таму Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падало на разгляд у Менскі гарвыканкам альтэрнатыўны праект рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру Менску аўтарства былога Галоўнага інспэктара аховы гісторыка‑культурнай спадчыны гарвыканкаму Ўладзімера Папругі. Паводле закону, чыноўнікі павінны былі даць адказ ў працягу 30 дзён.

Напярэдадні старшыня таварыства Антон Астаповіч быў запрошаны да размовы ў Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва выканкаму. Што сказалі яму адказныя за будаўнічую палітыку сталіцы чыноўнікі?

Вядомы беларускі архітэктар Уладзімер Папруга цягам пяці гадоў распрацоўваў альтэрнатыўны праект рэканструкцыі і рэстаўрацыі гістарычнага цэнтру Менску. Ягоная праца, па сутнасьці, сувымерная з калектыўнай творчасьцю цэлага праектнага інстытуту, што само па сабе дазволіла б дзяржаве заашчадзіць немалыя сродкі.

Архітэктар прапануе альтэрнатыўны эскізны генэральны плян рэгенэрацыі Верхняга горада і прылеглых да яго тэрыторый. Ён прадугледжвае захаваньне існуючай і аднаўленьне старой забудовы, рэканструкцыю пэрымэтра страчаных вуліцаў у аб’ёмах традыцыйнай забудовы, а таксама больш шырокія, у параўнаньні з цяперашнімі, магчымасьці камэрцыялізацыі прывабных для інвэстараў месцаў сталіцы па‑за межамі цэнтру. Апроч таго, прадугледжана істотнае перанакіраваньне транспартных патокаў.

Як да прапановаў паставіліся ў Менскім гарвыканкаме? Паводле старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, кіраўнік Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва выканкаму Віктар Нікіцін напачатку тыдня сам затэлефанаваў і запрасіў на сустрэчу. Да размовы далучыліся намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы гісторыка‑культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі і некаторыя іншыя экспэрты:

Я не кажу, што гэта перамога, не будую ілюзій. Але ж зроблены першы крок да нейкага супрацоўніцтва.

«Канечне, я выказваў вельмі шмат прэтэнзій і да гарадзкой выканаўчай улады, і да Міністэрства культуры. Усе гэтыя прэтэнзіі, дарэчы, былі сфармуляваныя ў лісьце на адрас Камітэту дзяржаўнага кантролю. Адным словам, пакуль дасягнутае наступнае паразуменьне: гарадзкія ўлады і Міністэрства культуры становяцца адкрытымі для дыялёгу. Бо я абазначыў: нельга хаваць пляны ад грамадзкасьці. Павінен быць дыялёг грамадзкіх арганізацыі і выканаўчай улады ў вырашэньні гэтай праблемы, таму што выканаўчая ўлада вельмі часта працуе так, што ідуць пэўныя парушэньні».

Як паабяцалі спадару Астаповічу, у бліжэйшыя 10 дзён праект будзе разгледжаны спэцыялістамі праектнага прадпрыемства «Мінскграда» і Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва. Ён спадзяецца, што ў працэсе вывучэньня працы Ўладзімера Папругі экспэрты будуць уважлівыя:

«Напярэдадні, калі Нікіцін, Чарняўскі і кіраўнік экспэртызы праглядзелі ў электронным варыянце асноўныя дэталі праекту, пры мне была гаворка: яны таксама знайшлі рацыянальнае зерне. Зь некаторымі аспэктамі, сказалі, будуць спрачацца. Але ў любым выпадку праца пачалася. Тое, што я так настойліва апэляваў да ўсіх дзяржаўных інстанцый (як мне было сказана — стварыў для іх пакутлівыя абставіны сваімі лістамі, дастаў іх ліставаньнем), плюс яшчэ мая апэляцыя да Дзяржкантролю — усё ж дало плён. Я не кажу, што гэта перамога, не будую ілюзій. Але ж зроблены першы крок да нейкага супрацоўніцтва. Тым больш, размова адбывалася не на высокіх танах: мы паўтары гадзіны сядзелі і гаварылі. Што будзе далей — паглядзім. Але дзён праз 10, максымум 15 будзе шырокае абмеркаваньне ў Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва тых прапановаў, якія зрабіў Уладзімер Папруга».

У свой час Уладзімер Папруга займаў пасаду Галоўнага інспэктара ў ахове гісторыка‑культурнай спадчыны Менгарвыканкаму. Але ў 2005 годзе кантракт зь ім не працягнулі. Як перакананыя многія — менавіта за прынцыповую пазыцыю ў адстойваньні інтарэсаў гістарычнай часткі сталіцы. А пераломным для Верхняга гораду момантам, як ён лічыць, стаў абвешчаны ў 2004 годзе Менгарвыканкамам конкурс на «лепшы праект разьвіцьця гістарычнага цэнтру Менску». У адсутнасьць шырокага грамадзкага абмеркаваньня права перабудоўваць Стары горад атрымаў калектыў пад кіраўніцтвам Дзьмітрыя Бубноўскага, колішняга кіраўніка Камітэту ў ахове гісторыка‑культурнай спадчыны і рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры. Ад таго часу Стары горад пачаў імкліва забудоўвацца паркінгамі, офіснымі будынкамі і наноў адбудаванымі на месцы гістарычных муроў «муляжамі»:

Для таго, каб яшчэ пасьпець уратаваць Верхні горад, патрэбна нават не палітычная воля дзяржавы, а «лякальная воля» на ўзроўні Менгарвыканкаму.

«Як можна было аб’яўляць конкурс на гісторыка‑культурны цэнтар, калі не было зроблена ніякіх гісторыка‑навуковых дасьледаваньняў. Ніводзін з калектываў‑удзельнікаў, канкурсантаў не атрымаў вось гэтую, неабходную ўсім «падкладку»: а што ж тут у рэшце рэшт было калісьці? Горад Менск мае тысячагадовую гісторыю, але нават сытуацыі на 1914 год не было падкладзена ва ўмовы конкурсу. І гэта ўжо папросту непрыстойна. Тут ужо нават не ідзе гаворка, наколькі гэта неабгрунтавана; папросту непрыстойна тое, што было зроблена. Такім чынам, чакаць ад гэтага конкурсу нейкіх станоўчых вынікаў ад пачатку не выпадала».

Па словах старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, для таго, каб яшчэ пасьпець уратаваць Верхні горад, патрэбна нават не палітычная воля дзяржавы, а «лякальная воля» на ўзроўні Менгарвыканкаму. Альтэрнатыўны праект Уладзімера Папругі ня толькі прадугледжвае паварот падзеяў назад, але і дае выгадныя магчымасьці для інвэстараў, з дапамогай якіх можна ня толькі будаваць новыя офісы, але і ратаваць гістарычныя аб’екты, унесеныя ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка‑культурнай спадчыны пад вышэйшымі катэгорыямі каштоўнасьцяў.

Ігар Карней, Radio Free Europe / Radio Liberty

Каментары5

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Усе навіны →
Усе навіны

Навальнічны фронт дабраўся да Мінска

Змерайце сваю талію і рост — гэтыя дзве лічбы шмат скажуць пра ваша здароўе

Урад вызначыўся з пераносам працоўных дзён у наступным годзе

Учора ў Мінску прапаў хлопчык, які не размаўляў

«Чаму ты адключыў рухавікі?» Папярэдні даклад аб катастрофе самалёта Air India выклікаў яшчэ больш спрэчак4

«Разам адкрывалі кантынент беларушчыны». Вінцук Вячорка згадаў пра Эдварда Зайкоўскага3

На Валыні разбіўся французскі знішчальнік Mirage4

Прэм'еру і спікеру Сейма Літвы прыпомнілі, што яны 17 гадоў таму ездзілі ў Беларусь6

«Гэтае гаўно трэба спыняць». Курс, Роўда, Лойка ды іншыя беларусы пра дыкпікі Стрыжака53

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць