Меркаванні44

Сурвэткі на памяць — камертон Сяргея Ваганава

Лілія Ананіч, новапрызначаны міністр інфармацыі, зноў здзівіла грамадскасць глыбінёй думкі. Ідэалогія, сказала міністр, паўсюль

Апошнім разам я сустрэў Ідэалогію ў прыбіральні. Пасля шматгадзіннага стаяння на польска-беларускай мяжы — твар асвяжыць, вочы працерці…

Трэба сказаць, што прыбіральня тая на першай ад мяжы айчыннай бензазапраўцы па начынцы адпаведнымі прыладамі была не горш за літоўскія і польскія, то бок еўрапейскія. Што праўда, не блішчэла чысцінёй. А што ў нас дзе блішчыць? Мо, у Палацы незалежнасці. Але я там не быў. І пра Ідэалогію, якая там пануе, магу разважаць ды меркаваць па іншых прыкметах…

Ідэалогія, якую я сустрэў у той доўгачаканай прыбіральні, нахабна дэманстравала сваю незалежнасць ад неабходнасці мець хаця б кавалак паперы, каб выцерці рукі і твар. Як ні шукаў яе ў месцы для больш вялікіх патрэб, як ні тыкаўся ў прыладу для папяровых сурвэтак… З мокрым тварам, зняўшы акуляры і трымаючыся за сцены, я асцярожна, каб не спатыкнуцца, пайшоў шукаць кагосьці, хто заклікаў бы Ідэалогію да парадку…

Павінен прызнацца, што мець справу з Ідэалогіяй для мяне не тое што не навіна, а па ўсім працоўным журналісцкім жыцці проста-такі звычайнасць. Што ні дзень з таго жыцця, абавязкова сутыкаўся з гэтай нахабнай дамай. Дарма, што паўсюль…

«Запісвайце, запісвайце!»,— патрабавальна раіў Алесь Адамовіч, калі я распавядаў яму, з якімі скаргамі звяртаюцца ў карпункт «Труда» людзі. На жаль, я не выканаў гэту параду. Але памяць захавала чаргу ў доўгім калідоры – што ў той маўзалей…

Першым у той шматгадовай, з 1976 года, чарзе быў пажылы вясковы мужык аднекуль з Гарадзеншчыны. З грукатам паставіў на стол драўляны, больш падобны на куфар, чамадан, расчыніў яго дрыжачымі пальцамі і падсунуў амаль пад самыя вочы нейкія сжаўцелыя паперы: «Вось, вось, глядзіце…» Паперы сведчылі, што дзед мужыка яшчэ да Першай сусветнай меў колькі там гектараў уласнай зямлі… «Дапамажыце, каб вярнулі! — рашуча запатрабаваў мужык. – І каб хутар не зносілі!» Перад вачыма застросся яшчэ адзін стос нейкіх жоўта-чырвоных папер. Гэта былі граматы ад калгаса, ад розных там райкамаў за ўдарную працу – з выявамі Сталіна з Леніным, Сталіна, Леніна, гербоў з каласамі… Да ўсяго дадаліся пасведчанні аб бацькоўскім медалі «За отвагу» і ягонай заўчаснай смерці ад ран…

Ці трэба тлумачыць, што дапамагчы небараку я так і не здолеў, хаця некуды званіў, пісаў, з кімсьці лаяўся… Але на той момант Ідэалогія ўзяла верх.

З цягам часу я навучыўся яе падманьваць, абхітрываць, нават выкарыстоўваць у мэтах дапамогі пакрыўджаным.

Аднойчы з’явілася цэлая дэлегацыя рабочых з завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

На 60-я ўгодкі той самай рэвалюцыі іх апранулі ў белыя кажушкі, каб у святочнай калоне прыкінуліся партызанамі. Не сказаць, каб яны вельмі ўзрадаваліся. Але Ідэалогія не драмала – паабяцала «партызанам» пакінуць кажушкі ва ўласнае ўладаранне. Зразумела, бясплатна. Што тое азначала тады, трэба тлумачыць толькі моладзі. Карацей кажучы, начальства пазабірала тыя дэфіцытныя кажушкі сабе. Ідэалогія не перашкодзіла. Схавалася некуды ў завуголлях начальніцкіх кабінетаў, пакуль не здзейснілася публічнае выкрыццё. Урэшце рэшт вылезла ў вышэйстаячым — так, так, не па-партыйнаму ашукваць рабочы клас. Вось якая была тады «чацвёртая ўлада»!

Наступны, каго памяць выхоплівае з той чаргі, — сціплы інжынер Міхаіл Гольдман.

Вось каго сапраўды раздушыла Ідэалогія! Без аніякіх на тое падстаў, калі не лічыць самастойнасць супярэчлівых з начальніцкімі думак, звольніла з працы на шостым дзясятку жыцця. Нягледзячы на тое, што франтавік, на баявыя ўзнагароды. Вядома, у якім абліччы душыла Міхаіла Аронавіча Гольдмана тая Ідэалогія. Ён у адзін суд – яна за ім, у другі – і яна туды ж… Аж да Генеральнага пракурора СССР! Паўсюль… 

І ў той жа час паўсюль спявала «…не спится только ветерану…», «помнит Вена, помнят Альпы и Дунай…»

Ну, што было рабіць з Міхаілам Аронавічам? Як дапамагчы? Мо, толькі біць у званы, да якіх ён сам не лічыў магчымым дакранацца. Ды прыціснуць Ідэалогію ў кут: «Спяваеш, змяюка?!

А ты ведаеш, хто напісаў тыя песні?.. Лучанок?.. Так, Лучанок. А словы?.. Ясень?.. Так, Ясень. Ён жа Міхаіл Гольдман, сціплы інжынер, якога ты звольніла з працы і душыш жабрацтвам…

Не верыш? Маўляў, ганарары? Я сам не паверыў, пакуль не дазнаўся пра тыя мізэрныя парэшткі, ды й хто ён…»

Міхаіл Аронавіч Гольдман памёр 10 мая 2006 года, на другі дзень пасля 60-годдзя Перамогі над фашызмам. Пад гукі «Майскага вальса», словы каторага напісаў Міхаіл Ясень.

А Ідэалогія, хай сабе змяніла, аздобіла аблічча, паўсюль.

…З мокрым тварам, зняўшы акуляры, у прыцемках я ледзь дабраўся да запраўшчыцы…

Праз хвіліну яна ўжо соўвала ў акенца цэлы стос папяровых сурвэтак.

«Навошта мне столькі?» – «Бярыце, бярыце… А то ўсё цягнуць і цягнуць, цягнуць і цягнуць…»

Каментары4

Цяпер чытаюць

Зорка брэйкдансу з Віцебска атрымаў 11 гадоў турмы ў Кітаі. Што здарылася?4

Зорка брэйкдансу з Віцебска атрымаў 11 гадоў турмы ў Кітаі. Што здарылася?

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускія аператары прыдумалі, як можна абыходзіць абмежаванні безлімітаў1

Літоўскі інтэлектуал: Беларусы любяць свабоду не толькі на словах, але і на справе10

У Салігорскім раёне мужчына два разы пагражаў узарваць вышку за кепскі інтэрнэт3

Паветраныя сілы Украіны збілі дзве расійскія ракеты «Кінжал», якія ляцелі на Львоў

Стала вядома, дзе цяпер будзе жыць янот, якога прывезлі ў Беларусь у кантэйнеры з машынамі10

Жыхарку Гомеля кінулі ў калонію па шасці крыміналках за каментары ў тэлеграме3

У Сербіі здымаюць фільм па «Альпійскай баладзе» Васіля Быкава3

У гомельскай карціннай галерэі разрэкламавалі мерапрыемства з нагоды Дня святога Валянціна. А пасля спалохаліся і адмянілі1

Калеснікава расказала, у чыёй кватэры і як яна цяпер жыве11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зорка брэйкдансу з Віцебска атрымаў 11 гадоў турмы ў Кітаі. Што здарылася?4

Зорка брэйкдансу з Віцебска атрымаў 11 гадоў турмы ў Кітаі. Што здарылася?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць