Дзяжурныя міліцыянты на паверсе любілі зазіраць да нас у камэру — там маладыя прыгожыя дзяўчаты, разумныя, вясёлыя, упэўненыя. Ня зьдзівіліся мы й на гэты раз, калі замест акенца для ежы адразу ж адчыніліся цяжкія жалезныя дзьверы.
Замест звыклых для нас дзяжурных у камэру залятае малады мужчына ня ў форме зь нейкімі сьпісамі.
— Студэнты ёсьць? Давайце трох з камэры! — кажа нам і пачынае перапытваць, блытаючыся, хто з нас студэнткі. А такіх у нашай камэры абсалютная большасьць. Я па ўласнай ініцыятыве далучаюся ў «шчасьлівую» тройку студэнтак, што кіруюцца на незразумелую сустрэчу.
— Апранаемся зараз жа і за мной! — загадаў той мужчына.
Думкі аб тым, куды ж нас павядуць, мрояцца розныя. Самая першая вэрсія — на размову да КДБ. Зрэшты, таму я і пайшла — каб дзяўчатам было спакайней ды ў сілу звычайнага жаданьня паглядзець, хто каго возьме пытаньнямі — яны нас ці мы іх. Таксама была думка, што нас хочуць перавесьці на апошні дзень у іншую камэру, як перавялі двух нашых дзяўчатаў перад прыездам на Акрэсьціна прадстаўнікоў АБСЭ — каб паказаць, што камэры «амаль» не перанаселеныя.
Першы раз за 10 сутак апранула куртку, абутак і выйшла на калідор. Там ужо стаялі хлопцы — ля дзесяці чалавек — аброслыя, шчаціністыя і памятыя, але нашыя:). Нас калёнаю вывелі на вуліцу — дзённае сьвятло сьляпіла вочы, ногі цяжка цягнулі за сабой цёплы абутак без матузкоў — на вуліцы ўжо была вясна. Нас завялі ў іншы будынак на Акрэсьціна — той, дзе мы былі перад «расфасоўкай» па камэрах — дзе праводзілі вобшук, здымалі на відэа і інш. Там мы зноўку, нічога ня ведаючы, стаялі ў шэраг уткнуўшыся тварамі ў сьценку. Нехта зь міліцыянтаў пусьціў чутку, што нас зараз павядуць да прэсы. Потым нас вывелі на вуліцу. Было такое адчуваньне, што самі міліцыянты ня ведаюць, што з намі рабіць. Дзяўчатаў супрацоўнікі ворганаў пачаставалі цыгарэтамі — тыя, у сваю чаргу, падзяліліся з хлопцамі. Мы гэты час скарысталі для абмену навінамі — хто што чуў з вакна, якія газэты чытаў, ці стаіць яшчэ намётавы гарадок, што было на Дзень Волі і іншае. Мы ведалі, што людзі змагаюцца!
Праз колькі хвілінаў нас зноўку перавялі ў наш корпус (стары корпус Акрэсьціна) — на чацьверты паверх. Там завялі ў залю з партамі, кветкамі на падваконьніках. Насупраць партаў стаяў шырокі стол, а на сьцяне здаровы герб з каласкамі і чырвона-зялёны сьцяг.
— Гэта псыхалягічны ўціск! — ня стрымалася я, калі міліцыянты выйшлі з пакою, пакінуўшы нас адных перад гэтаю сьценкаю. Я яшчэ й села за першую парту.
Потым у пакой забег той жа ж мужчына, што паклікаў нас з камэры. Ён перапытаў, ці ўсе прысутныя студэнты. Натуральна, аказалася, што ня ўсе, бо з дакумэнтацыяй у іх там сапраўды нейкія праблема. Незразумела, як яны разьбіраюцца з рэальнымі злачынцамі, калі з-за гэтай бюракратыі ў іх безьліч памылак. У аднаго мужчыны, што сядзеў за партай, ён запытаўся, за што яго затрымалі і ці быў ён сапраўды на плошчы. Мужчына адказаў, што ня быў — была жонка, а ён уначы ёй нёс гарбату — ён нават не дайшоў, як яго забралі. Яшчэ што-нішто параспытваўшы, першы (назваць сваё прозьвішча ён катэгарычна адмовіўся) папярэдзіў з сарказмам:
— Глядзі-глядзі, не нагавары тут сабе яшчэ на адзін артыкул, — адказаў чалавек без прозьвішча і сышоў.
Мы пачалі актыўна перамаўляцца — хто зь якой ВНУ, хто ў якой камэры, шукаць знаёмых. Узьнялася тэма выключэньня студэнтаў пасьля такіх арыштаў.
Яшчэ праз колькі часу ў пакой зайшла цэлая дэлегацыя: дарослы мужчына ў гальштуку, яшчэ адзін міліцыянт з сур’ёзнымі пагонамі, два нейкіх дарослых мужчыны ў цывільным, адзін супрацоўнік адміністрацыі прыёмніка-разьмеркавальніка. Яны ўсе прайшлі за стол.

Мужчына ў гальштуку пачаў размову*. Ён прадставіўся кіраўніком аддзелу прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных спраў — спадар Дрозд. Таксама ён прадставіў мужчыну з сур’ёзнымі пагонамі — свайго намесьніка сп. Маліноўскага. Двух іншых таварышаў ён прадставіў выкладчыкамі, прафэсарамі. Адзін зь іх падкрэсьліў: кандыдаты.
Сп. Дрозд патлумачыў мэту сустрэчы: выслухаць пэўныя прэтэнзіі, даведацца, якія ў нас думкі на будучыню, ці лічым мы сябе вінаватымі і наколькі зьмяніліся нашы думкі пасьля 10 сутак у камэрах.
Я першая падняла руку і запыталася, як клічуць «кандыдатаў». Сп. Дрозд назваў прозьвішчы і адзначыў, што яны працуюць ў Акадэміі МУС, адзін зь іх — псыхоляг:). І адразу ж асёкся — гэта ня КДБ, вы ня думайце! Усьмешкі з нашага боку — «а мы й ня думалі — вы самі гэтую тэму паднялі».
Дрозд пачаў тлумачыць па-іншаму:
— Мы хочам шчыра паразмаўляць, мы таксама бацькі і ў нас ёсьць дзеці, у іх таксама ёсьць свае думкі — давайце пагаворым…
— Сапраўды, вы бацькі, у вас дзеці нашага ўзросту і таму пытаньне, якое я задам, канешне ж, турбуе і вас. Патлумачце мне, чаму я, маладая дзяўчына, не магу спакойна гуляць са сваім каханкам у парку? Вы не баіцеся, што вашы дзеці выйдуць на вуліцу, а іх зацягнуць невядомыя ў аўтобус, у якім сядзяць зьбітыя людзі ў крыві. Не баіцеся, што вашых дзяцей будуць судзіць паводле пратаколу, які складзены з памылкамі, а сьведкамі будуць людзі, якіх вашы дзеці нават ня ведаюць. А потым судзьдзя спакойна дасьць вашаму дзіцяці 10 сутак, і яму нават не дазволяць вам патэлефанаваць. Гэта нармалёва? Вы не баіцеся за сваіх дзяцей?..
Выкладчык-псыхоляг на мае пытаньні заявіў, што я «нейкі арганізатар» — «гэта па вас адразу бачна!».
Размова была насычанай — за вакном хутка сьцямнела. Вось урыўкі «прафіляктыкі».
Міліцыянт:
— Ну а як у вас у душы, скажыце шчыра, як на сэрцы, як вы ставіцеся да гэтых акцыяў? У душы вы супраць сучаснага дзяржаўнага ладу?
— Я можа быць Васю люблю ў душы — гэта мая прыватная справа.
* * *
— Як адаб’ецца нашае затрыманьне на навучаньні? Нас павыключаюць з ВНУ?
Дрозд:
— Мы вось якраз ладзілі сустрэчу зь Міністэрствам адукацыі. Нікога выключаць ня будуць! Ну там толькі двоешнікаў і прагульшчыкаў… А за палітыку — нікога!
* * *
Нехта з МУСаўцаў:
— Як вас клічуць: Алеся?.. Таня?…
— Воля!
— Ну цяпер мы вас дакладна ніколі не забудзем…
* * *
Міліцыянт:
— Да вы паглядзіце, як прыбалты жывуць! Ды яны ж нам зайздросьцяць! У параўнаньні з савецкім часам — мы жывем выдатна! Што вунь у Латвіі творыцца…
— А Літва?
— Да вы хоць былі там?
— Канешне! — паварочваючыся да іншых затрыманых, — Сябры, прапаную пасьля «адсідкі» разам на тыдзень зьезьдзіць у Вільню — там адпачнем і паглядзім — як жа ж «складана і цяжка» там жыць;).
* * *
— Кожны з тут прысутных быў затрыманы не на акцыі, а ў ваколіцах. Які закон я парушыла, гуляючы з каханым хлопцам у парку?
Выкладчык з АМУС:
— У нармалёвых людзей ёсьць нармалёвае пачуцьцё страху. Некаторыя тэлефанавалі 19-га ў міліцыю і запытваліся, ці можна сёньня выходзіць на вуліцу… А вы чаго там хадзілі? Дома трэба сядзець.
* * *
Выкладчык-псыхоляг, нэрвова пералічваючы і загінаючы пальцы:
— Вы, значыць, невінаватыя. Вы любіце Беларусь, хочаце зрабіць яе лепей, ня хочаце зьяжджаць, вы не падтрымліваеце гэты рэжым…
— Так.
* * *
Міліцыянт:
— У вас быў час падумаць над сваімі поглядамі. Ці зразумелі вы свае памылкі?
Хлопец з затрыманых:
— Раней я сабе ціха вучыўся, кніжачкі ціха чытаў і ў палітыку моцна ня лез. Але пасьля таго калі я адсядзеў 10 сутак — мае погляды дакладна вызначыліся.
* * *
Міліцыянт:
— Ня слухайце казачкі, якія вам распавядаюць у камэрах — пра затрыманьні і зьбіцьцё. Усё гэта казачкі! У іх устаноўка такая — распавядаць вам казкі.
— У нас у кожнага такая «казачка»…
* * *
Хлопец з затрыманых:
— З 20 чалавек у нашай камэры — 18 — людзі з вышэйшай адукацыяй. Вам гэта пра штосьці кажа?
Кажучы ў цэлым, арганізатары сустрэчы, яўна, не чакалі такога разьвіцьця падзеяў у часе размовы. Складалася ўражаньне, што сустрэчу праводзім мы, а не яны.У канцы я нават сказала заключнае слова ў стылі «давайце сябраваць, бо ўсе разумныя людзі рана ці позна будуць разам ісьці адной калёнай», падзякавала ім, што зашлі да нас:). Сп. Дрозд вымушаны быў проста працягнуць мае словы.
Так, расьпіраў гонар, што мы аргумэнтавана спрачаліся, една, разумна, не паддаючыся на правакацыі. Крыху расчараваньня ад таго, што часта гэтыя дарослыя мужчыны з вышэйшай адукацыяй, седзячы перад намі — збольшага студэнтамі — казалі проста нелягічныя рэчы, не адпаведныя гісторыі, не адказвалі на пытаньні, мітусьліва выкручваліся. Мы падсьвядома чакалі, што яны будуць больш моцныя, а яны непрыемна слабыя. Яны баяцца, яны апраўдваюцца.
Калі мы ўжо ўсталі, каб сыходзіць, адзін «кандыдат» запытаўся ў нас:
— Скажыце шчыра, у душы вы сябе адчуваеце як, «няўдачнікамі» з-за таго, што вас сюды так пасадзілі?
Нехта з хлопцаў з апошняга шэрагу кіўнуў:
— Так.
У гэты ж час я адказала:
— Я пасьпяховая дзяўчына, і я ў жыцьці дамагуся ўсяго!
Выкладчык, яўна не чакаючы такога майго адказу, ціха адказаў хлопцу, які вызнаўся «няўдачнікам»:
— У гэтым і ёсьць ваша праблема.
Я ганаруся людзьмі, што прысутнічалі там, сядзелі за партамі і адстойвалі свае думкі. Іх перакананьне ўжо ня зьменіць нічога. Нават выпадковыя людзі (а такіх значны адсотак), якія сапраўды проста праходзілі міма Кастрычніцкай, цяпер дакладна маюць СВАЁ стаўленьне да сытуацыі ў краіне, маюць гатоўнасьць бараніць сябе і свой выбар. Як могуць нашы бацькі, што стаялі пад Акрэсьціна верыць у «стабільную і працвятаючую» краіну, калі іх дзеці-студэнты кінутыя за краты, а па тэлебачаньні іх называюць наркаманамі і паказваюць сфабрыкаваныя рэпартажы?
Тых людзей, хто прайшоў праз Акрэсьціна, Жодзіна — ужо нічога ня стрымае. Адтуль выйшлі ўпэўненыя людзі, перакананыя, свабодныя. І там (тут) на волі іх сустрэлі такія ж свабодныя і ўпэўненыя людзі, якія прайшлі праз Дзень Волі, праз ночы ў намётавым гарадку на Кастрычніцкай, пра людзкую салідарнасьць, калі людзі аддавалі тым, хто стаіць на пляцы, свае курткі, прывозілі ежу. Калі побач стаялі студэнты і выкладчыкі, школьнікі і старэнькія бабулькі, якія ў адну ноч перад Акрэсьціна сьпявалі нам «Магутны Божа…»
Я ганаруся тым, што мы робім гісторыю. Ганаруся тым, што мы сьвядомыя, упэўненыя і моцныя. Мы пераможам — я гэта ведаю.
*Усе цытаты я запісваю па памяці, бо ніякіх нататнікаў і асадак з сабою ня было.
Tarka
-
Шаметавец: Пасля знікнення ні Мельнікава, ні ад яе імя на «Кіберпартызанаў» не выходзілі. Яна не мае чым нас шантажаваць
-
Зянон Пазняк: Зараз інтарэсы рэжыму ў нейкай ступені супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі
-
«Кіберпартызаны»: Не трэба раздзімаць паніку, што рэжым усё можа ўзламаць, прачытаць, пра ўсё даведацца. Не, не можа
Каментары