Ніводная ўчастковая камісія вобласці, у якія назіральнікі кампаніі «Права выбару-2015» пры сваёй рэгістрацыі падавалі зварот «Аб адкрытым і галосным падліку галасоў», не пагадзілася з выкладзенымі там прапановамі.
Вось, як ацэньвае дадзеную сітуацыю сябра абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Кастусь Смолікаў:
— Прапановы, што ўтрымліваюцца ў звароце «Аб адкрытым і галосным падліку галасоў» ні ў чым не супярэчаць арт.55 Выбарчага кодэкса, але іх трэба найперш разглядаць, як разуменне арт.13, дзе сцвярджаецца, што выбары ў Рэспубліцы Беларусь праводзяцца адкрыта і галосна. Таму менавіта прынцып адкрытасьці і галоснасці ў працэдуры падліку галасоў і мусіць з'яўляцца найгалоўнейшым.
У чым, скажыце мне, непрымальнасць прапановы, пры якой усе прысутныя на ўчастку сябры камісіі і назіральнікі бачаць кожны бюлетэнь, і адзнаку, пастаўленую насупраць пэўнага кандыдата, а абраны сябра ўчастковай камісіі агучвае гэтыя дадзеныя ўголас і адкладае бюлетэнь у асобны стос? Гэтыя прапановы цалкам законныя і адпавядаюць выбарчаму кодэксу.
Рэакцыя ўчастковых камісій на звароты назіральнікаў амаль ідэнтычная і адрозніваецца толькі нюансамі аргументацыяй, формай і тэрмінамі адказу. Найчасцей камісіі спасылаюцца на неадпаведнасць выкладзеных у зваротах прапановаў Выбарчаму кодэксу і пастанове ЦВК ад 14 траўня 2015 года, якая дакладна рэгламентуе працэдуру падліку галасоў выбаршчыкаў.
Вось якой, напрыклад, была рэакцыя сяброў выбарчага ўчастка №34 горада Віцебска пры падачы звароту Змітром Літвінам: «Ну, хлопцы! Ну, што вы творыце? Вы хочаце з намі паспрачацца? Яно ні нам, ні вам не патрэбна. З гэтай прапановай мы будзем суткі лічыць галасы». А вось пры непасрэдным разглядзе звароту на пасяджэнні выбарчай камісіі было сказана наступнае: «Ёсць Выбарчы кодэкс, у якім напісана, як і што мы мусім рабіць».
А вось зварот, пададзены назіральнікам участка №9 Віцебска Сяргеем Салодкім, і наогул не быў разгледжаны на пасяджэнні выбарчай камісіі. У дасланым на ягоны адрас пісьмовым адказе старшыня выбарчай камісіі Таццяна Сямашка спаслалася на частку дзясятую арт. 55 Выбарчага кодэксу РБ, які нібыта патрабуе калегіяльнага разгляду толькі скаргі і заявы пры галасаванні і падліку галасоў.
Аляксандру Ільінцу, які назірае на ўчастку №36 г. Віцебска, у пісьмовым адказе было заяўлена, што ягоныя «прапановы прынятыя да ведама», але адзначана, што «працэдура падліку галасоў на ўчастку для галасавання ўжо вызначана выбарчым заканадаўствам, дзе зьвернута асаблівая ўвага на працэдуру падліку галасоў».
Участковая камісія ўчастка для галасавання №5 горада Гарадка спаслалася на тое, што «паслядоўнасць дзеянняў сяброў камісіі пры прывядзенні працэдуры падліку галасоў і ўстанаўленні вынікаў галасавання рэгламентуецца арт.55 Выбарчага заканадаўства і пастановай ЦВК ад 14 траўня 2015 года №11. А правы назіральнікаў агаворваюцца ў арт.13 Выбарчага кодэкса. Таму ніякіх падставаў для прыняцця прапановаў, унесеных назіральнікам Леанідам Гаравым няма».
Даволі нетыпова паставілася да звароту назіральніцы Таццяны Шафіравай выбарчая камісія на ўчастку №16 (Амбрасавіцкім) Шумілінскага раёна. Пасля калегіяльнага разгляду пададзеных прапановаў у вуснай форме ёй было паабяцана, што пры падліку галасоў яна будзе мець магчымасць бачыць кожны бюлетэнь і пастаўлены ў ім знак. Аднак пісьмовага падцверджання вусным выказванням заяўніца ад камісіі пакуль так і не дачакалася. Гэткія паводзіны камісіі могуць тлумачыцца тым, што ў яе склад быў уключаны прадстаўнік дэмакратычнай супольнасці Аляксандр Шчамлёў.
Ва ўсёй гэтай справе непакояць тыя абставіны, што ніводзін сябра выбарчых камісій не ўбачыў рацыянальнага зерня і цьвярозага падыходу да прапанаванай назіральнікамі кампаніі «Права выбару-2015» працэдуры падліку галасоў, якая цалкам адпавядае міжнародным прынцыпам і даўно стала нормай у суседніх з Беларуссю краінах.
У кампанію па назіранні за выбарамі «Права выбару-2015» уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, «Гавары праўду!», «Рух «За Свабоду!», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.
Каментары