«Напішы «календула» або «багун» — будзе тое ж самае». Які смак у беларускага валошкавага квасу, у якім зусім няма валошак?
Выданне Blizko.by паспытала новы квас з Бабруйска — са смакам і пахам валошак. Такога ў Беларусі нібыта яшчэ не было.

Прадукты з валошкамі — гэта нешта новае?
У маі 2019 года ў Гомелі выпусцілі марозіва «Белы полюс. Валошка». Яно было блакітнага колеру і ўтрымлівала сапраўдныя пялёсткі валошак. Вырабілі першую партыю ў 8 тон і разлічвалі, што яе хопіць да канца месяца — але беларусы ўсё раскупілі за тыдзень. Другую партыю зрабілі большую: 20 тон.
Цікава, што тады на ўпакоўцы размясцілі некалькі фраз на англійскай і беларускай мовах — такі невялікі размоўнік для турыстаў, якія прыязджалі да нас на Еўрапейскія гульні.

Марозіва дагэтуль ёсць у каталогу вытворцы. Але калі тое, першае, утрымлівала сапраўдныя пялёсткі валошак і насенне лёну, то зараз у складзе толькі экстракт з кветак валошак.
Як бы там ні было, а тады, 6 гадоў таму, першы валошкавы прадукт сапраўды стаў хітом як сярод саміх беларусаў, так і сярод замежнікаў, якія прыляталі да нас на самалётах з Еўропы. Так-так, марозівам частавалі гасцей у аэрапорце.
Таксама ў Беларусі выпускаюць гарэлку з пялёсткамі валошак, а некалькі гадоў таму ў Гродне на 8-м адкрытым фестывалі сыру фабрыка «Малочны свет» ладзіла дэгустацыю сыру з валошкамі.

А вось квас з валошкамі — гэта навінка. Хоць сама па сабе ідэя зварыць квас з якімі-небудзь зёлкамі — не новая.
Хто выпускае і дзе купіць?
Квас «Хатні. Валошкі» выпускае завод «Бабруйскі бровар». На сайце кампаніі апісання гэтага квасу яшчэ няма, хоць ён прадаецца ўжо тыдні са два.

У інстаграм-акаўнце квасу сказана так: «Квас «Хатні «Валошкі» — першы квас з водарам валошак, створаны для тых, хто шануе свежасць, натуральнасць і новыя ўражанні. Квітнеючыя палі, ласкавы вецер, цёплыя ўспаміны і толькі натуральнае браджэнне, без штучных дабавак у кожнай кроплі! Адзін смак — бясконцасць успамінаў!»

Квас ужо можна купіць у крамах «Санта», «Еўраопт» і іншых. Бутэлька аб'ёмам 1,4 літра каштуе каля 3,55 рубля.
Што ў складзе?
Напой афіцыйна называецца «Напой безалкагольны са смакам і водарам валошак «Квас хатні. Валошкі» фільтраваны пастэрызаваны газаваны квас браджэння».
Склад квасу такі: вада артэзіянская, цукар, канцэнтрат кваснага сусла ў розных спалучэннях жытняга і ячменнага соладу з трыцікале, рэгулятар кіслотнасці (малочная кіслата) і натуральны араматызатар.


Як бачыце, ні валошак, ні іх экстракту, ні эсэнцыі, ні выжымкі — нічога такога ад валошак няма і следу. Ёсць толькі неназваны араматызатар.
Колер квасу цалкам звычайны, «квасавы». Цёмны, але на прасвет празрысты.

Як ён на смак?
Вось што кажуць дэгустатары з Blizko.by.
- «Пах квасу ёсць, таксама ёсць цяжкаўлоўны кветкавы водар. Як танны савецкі парфюм. На смак — прахалодны, добра асвяжаючыы, у яго прыемны смак квасу. І паслясмак кветкавага водару або фарбавальніка, нешта ёсць такое. Добры квас, я б купляў. У спякоту, думаю, выдатна танізуе. Калі ў Мінску будзе +30 градусаў — зойдзе на ўра. Нешта новае, незвычайнае, вельмі добрае».
- «Па паху адчуваецца травяная аддушка. Смак квасу ёсць, з дадаткам нейкі. Думаю, з піцай бы гэты квас добра зайшоў. Вось гамбургеры запіваюць колай, а трэба якраз такім квасам».
- «Я не адчуваю пах квасу, нават не сказала б, што гэта квас. Этыкетка па настроі супадае са смакам: лёгкая, летняя, хочацца на такой прыродзе сядзець і піць квас, толькі не хапае лета. Я б яго без нічога піла, ім не трэба нічога запіваць. А вось, ведаеце, нешта ёсць ад смаку колы. У мяне дзіця п'е кока-колу, дакладна, тут смак колы. Але толькі, у адрозненне ад колы, гэтым квасам напіваешся. Колу п'еш-п'еш — і ўсё адно піць хочаш, а гэты квас рэальна спаталяе смагу».

- «Гэта смак свежасці. Браджэннем пахне, гэта квас. Звычайны квас больш даўкі, а гэты — лайтовы. Валошак не адчуваю, я валошкі нюхала, тут не пахне зусім. Прысмак цукеркі-шыпучкі з колай або ледзяша-пеўніка».
- «На нешта падобна, але не магу зразумець, на што. Нейкая цукерка ці што, на цукерку падобна, на прысмак ледзяша. Але варта зрабіць пару глыткоў — і больш не адчуваеш, што смак нейкі асаблівы».
- «Саладжавы. Адчуваецца сапраўдны смак квасу, але я люблю менш салодкі. І наогул ён падобны да бражкі. Незвычайны прысмак ёсць, але не магу сказаць, што гэта — валошкі ці не. Смак травы нейкі».

- «Нібыта нармальны, пахне звычайным квасам. Я не ведаю, як павінны адчувацца валошкі. Ён не вельмі салодкі, але халаднік такім не заправіць. Калі піць халодным, то можна запіваць шашлычок».
- «Я гэты квас ужо паспеў паспрабаваць з тыдзень таму, і ён мне адразу спадабаўся. Вядома, гэта і блізка не валошкі — валошкі ў чыстым сваім палявым выглядзе наогул пахнуць не вельмі. Тут ні паху, ні смаку валошак увогуле няма. Чыста маркетынгавая прынада. Напішы тут замест валошак «календула» або «багун» — будзе тое ж самае, ніхто не засумняецца, што менавіта гэтыя травы і паклалі ўсярэдзіну. Як і ў выпадку з квасам з чаборам, я заўважыў, што смак валошкавага асабліва раскрываецца, асабліва прыемны, калі квас вельмі халодны, а вось пакаёвай тэмпературы — атрымліваецца лухта нейкая».

«Як з пластыліну». Беларуска паскардзілася на смятану ад «Савушкавага»
«Ферментаваны напой, скарбніца прабіётыкаў». Захад з захапленнем адкрыў для сябе квас
Колькі квашанай капусты трэба з'ядаць за дзень для здароўя? Вы толькі не дзівуйцеся
У Беларусі пачалі выпускаць сыр з белым труфелем
Ці можна піць безалкагольнае піва штодзень і колькі
Каментары
Мабыць нейкаму будзе цікава
50 год таму " райпатрэбсаюз" прымал сухія лепесткі валошак на вагу 1 кг 15 рублей ))) Колькі патрэбна ..стаміцца каб 1 кг сабраць Цымус у іньшам За 100гр кошт 1р 50 кап атрымаешь у канторе 2 пачкі жвачек - " цыгарет" 20 шт Кошт у раздроб жвачкі цыгарэты 50 -70 кап Агулам 10- 14 рубчікаў На той час прыстойна