Улаховіч пасля галасавання: Пераможа Лукашэнка, але я таксама перамог
Сёння аб 11 раніцы прагаласаваў кандыдат у прэзідэнты, «казацкі атаман» Мікалай Улаховіч.

Пасля галасавання Улаховіч даў імправізаваную прэс-канферэнцыю.
На пытанне, на які вынік ён разлічвае, «атаман» адказаў так:
«Працэнт мяне не цікавіць. Лічу, што мы і так перамаглі – паказалі, што ёсць казацтва. Яшчэ адна вялікая перамога – тое што няма Крыма, шуму, гаму. Няма Плошчы. Гэта першыя выбары, якія праходзяць мірна і спакойна».
Потым ён трошкі ўдакладніў:
«Працэнт мяне не цікавіць, бо мой электарат застанецца са мной. Ці вы думаеце, што я такі наіўны і не разумею, хто ў нас чалавек, які ў палітыцы 20 гадоў? Электарат яго слабейшы за мой? Не, вядома. Таму я перамог – перамог сябе, перамог тым, што рашыўся на гэты крок. Я ішоў за перамогай».

Таксама «атаман» зрабіў свой эканамічны прагноз:
«Нам трэба перажыць эканамічны крызіс. Ён працягнецца 2 гады, потым будзе пад’ём».
Надзвычай высокая яўка на датэрміновае галасаванне яго не палохае.
«Не трэба гэтага баяцца. У ЗША і па 40% так галасуе. А тут жа ўсе студэнты [участак знаходзіцца ў студэнцкім інтэрнаце – рэд.]. Ну захацелі людзі дамоў паехаць».
Улаховіч сказаў, што плануе «застацца ў палітыцы» – будзе ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах.
Не абышлося і без абмеркавання моўнага пытання.
«Я ненавіджу тых, хто хоча моднічаць мовай і цягне яе ў палітыку. Так нельга. У нас двухмоўе, усё нармальна».

За каго галасаваў, Улаховіч так і не прызнаўся. Але паведаміў сваю мадэль нараджэння канкурэнта для Лукашэнкі.
«Лукашэнка пераможа, я не сумняваюся. Такога палітыка перамагчы – пакуль не вырасла яму замена. Я буду працаваць на будучыню. Хачу, каб у нашага прэзідэнта былі пераемнікі. А пераемнікам я бачу толькі партыю. Пачнецца партыйнае будаўніцтва, у прэзідэнта будзе свая партыя, ці тая, якую ён абярэ, і яна ў далейшым народзіць новага чалавека, новага прэзідэнта».
Каментары