Здароўе1919

«Клёпа, чаму мяне Божачка не любіць?» Гісторыя акторкі, якая працуе клоўнам у дзіцячым анкалагічным шпіталі

Чацьвёрты год дзьве акторкі з Тэатру лялек працуюць клоўнамі ў Цэнтры дзіцячай анкалёгіі. Пра вельмі дарослыя пытаньні, якія задаюць ім дзеці, і пра тое, як памагае беларуская мова, Дзіна Іванова (Доктар Клёпа) распавяла Свабодзе.

Я працую пультам: пераключаю дзетак і іхніх бацькоў з сумнага канала на вясёлы

Мы працуем у дзіцячым хосьпісе ў Бараўлянах пры супрацоўніцтве з швайцарскім фондам «Тэадора». Наша праца называецца «доктар-клоўн». Мы працуем у белых халатах, як у дактароў. Толькі нашы — асаблівыя. На сьпіне напісаныя нашы імёны: я доктар Клёпа, а Яна Агеенка — доктар Янка. Пад гэтымі імёнамі нас там і ведаюць.

Калі быў кастынг, у нас пыталі, чаму мы хочам гэтым займацца. Я адказала, што ўсё жыцьцё я дарыла радасьць здаровым дзеткам, якія могуць прыйсьці ў тэатар. А цяпер я б хацела, каб тэатар прыйшоў да дзяцей, якія, на жаль, абдзеленыя ўсім.

Для сябе я вырашыла — я працую пультам і пераключаю дзетак і іхніх бацькоў з сумнага канала на вясёлы й сьмешны. Дапамагаю ім эмацыйна пераключыцца, зрабіць так, каб яны ўсьміхаліся, сьмяяліся.

Не заўжды гэта атрымліваецца. Часам дзіця ляжыць у палаце пасьля кропельніцы і лазэрнага абпраменьваньня — яно ну проста ніякае! І ты падыходзіш да яго, гладзіш па ручцы, пачынаеш гуляцца з цацкамі, каб неяк адцягнуць яго ўвагу ад болю.

Кожны доктар-клоўн мае свой вобраз. Я — Клеапатра, але пакуль маленькая, а таму мяне клічуць Клёпа. У мяне ёсьць сабачка, вельмі падобны да жывога, і пісталет. Як я кажу, мой пісьцік.

Дзіна Іванова (справа) і Яна Агеенка (зьлева) працуюць разам і ў Тэатры лялек і пры фондзе «Тэадора»

Вобраз маёй калегі — вясковая цётачка. На яе строі — кветачкі, матылькі, пчолкі, багоўкі. Доктар Янка прыскоквае ў палату на козачцы.

Часам яна пераходзіць на беларускую мову, і нават на трасянку. І калі дзеці, асабліва мамы, чуюць родную мову, Янка адразу становіцца для іх родным чалавекам. Да яе падсядаюць, пачынаюць размаўляць. Мамы таксама пераходзяць на трасянку, так яны вяртаюцца ў свой сьвет, у сваё дзяцінства. Магчыма, у сваё маленькае мястэчка, зь якога яны родам. І хоць Доктар Янка нясе нейкую бздуру пра рыбалку й грыбы, ёй давяраюць.

Я бачыла ўсьмешку дзіцяці, якое ўжо адыходзіць

Часам праз гульню атрымліваецца неяк адцягнуць увагу дзяцей ад іхняга болю ці ўгаварыць дзіця хоць нешта зьесьці. Але звычайна размовы пра ежу — гэта табу. Бо калі дзіця адпраўляюць на абпраменьваньне, гэта значыць, што тры дні яму нельга нічога есьці.

У цэнтры дзіцячай анкалёгіі паўсюль — клоўны

А калі яно вярнулася з працэдуры, у яго ўся сьлізістая абалонка абпаленая: ссохлыя вусны, чорны язык. І яму вельмі балюча глытаць. І калі праз гульню ўдаецца ўгаварыць хоць нешта зьесьці, мы бачым удзячныя вочы маці ў сьлязах.

У дзяцей строгая дыета, і ім шмат чаго нельга есьці. Аднойчы ў дзяўчыны ў аддзяленьні трансплянталёгіі я спытала, пра што яна марыць. І праз шкло, за якім яна сядзіць, яна намалявала сала.

Ёсьць іншыя табу. Калі нас рыхтавалі да працы, то папярэдзілі, што пра многія рэчы нельга гаварыць. Нельга пытаць «Дзе твае мама й тата?» Можа, у дзіцяці няма нікога. Ні ў якім разе нельга іх шкадаваць — зь імі трэба размаўляць, як са звычайнымі дзецьмі.

Аднойчы быў выпадак. Чарговы абвал рубля, усе бегаюць з гэтымі грашыма. А я ў той дзень была ў дзіцячым хосьпісе. І там ляжыць хлопчык, ён ужо адыходзіць. І мне кажуць, каб я нават да яго не заходзіла. А я пазнала яго — памятала яшчэ па шпіталі. Ён ляжыць у найцяжэйшым стане: увесь у трубачках, ледзь галавой варушыць.

Але я зайшла ды пачала гаварыць зь ім. І ён пазнаў мяне па голасе. Зь вялікімі высілкамі павярнуў голаў, ледзь-ледзь сфакусаваў вочы на мне. А я працягвала нешта гаварыць яму, і тады ён усьміхнуўся. Для мяне тая ўсьмешка дзіцяці, якое ўжо адыходзіць, каштавала ўсіх грошай на сьвеце.

У адзьдзяленьні трансплянтацыі зь дзецьмі можна гаварыць толькі па тэлефоне: у палаце маюць быць стэрыльныя ўмовы

Калі я выйшла, на калідоры стаялі прадстаўнікі зь Нямеччыны. Яны бачылі ўсё гэта й плакалі. Яны намагаліся нешта казаць мне, дзякавалі і плакалі. А я была настолькі спустошаная, што сказала: «Ведаеце, вас супакойваць я ўжо ня буду. Давайце адзін — у левы кут, другі — у правы». І гэтак таксама вывела іх з складанага стану.

Дзеці задаюць вельмі дарослыя пытаньні, на якія ня ведаеш, як адказаць

Як разьвесяліць цяжкахворых дзяцей? Гэта можна зрабіць вельмі простымі ды дурнымі спосабамі. Заходзім часам зь Янай у палату, а там усе сядзяць, утаропіўшыся ў ноўтбукі ды пляншэты. Мы разумеем, што дзеці ня пойдуць на кантакт, і пачынаем імправізаваць, дурэць. Празь нейкі час яны пачынаюць асьцярожна паглядаць на нас, пакуль нарэшце не засьмяюцца, пераключацца з кампутараў на нас.

Клоўны дурэюць, каб адцягнуць увагу дзяцей ад болю

Нас часта клічуць, калі дзіцяці трэба зрабіць нейкую балючую працэдуру і яно ажно крычыць ад болю. І ты тады крычыш разам зь ім, але дурным голасам, каб яму стала сьмешна.

Але як бы мы іх ні весялілі, дзеці ў такіх шпіталях вельмі рана становяцца дарослымі, вельмі рана задаюць сур’ёзныя пытаньні, на якія часам няма як адказаць. Аднойчы маленькая дзяўчынка чатырох год, што хадзіла ўвесь час з кропельніцай, узяла маю руку, паглядзела ў вочы й спытала: «Клёпа, а чаму мяне Божачка ня любіць? Хіба я нешта дрэннае зрабіла? Калі й так, я ж незнарок. Калі й так, я ж ня ведала, я не хацела! Чаму ён мяне ня любіць, чаму я хварэю?»

Калі б гэта быў першы год маёй працы, я б разгубілася. Я б упала на падлогу ды раўла. Але швайцарцы нас шмат чаму навучылі. І я адказала дзяўчыне: «Дашачка, я на гэтае пытаньне ня ведаю, як адказаць. Але адну рэч я ведаю дакладна-дакладна. Я цябе вельмі люблю й ты для мяне вельмі важная».

Нам кажуць, што нельга прывязвацца. Але ты ўсё адно прывязваесься, і калі прыходзіш чарговым разам, а табе кажуць, што дзіця ўжо адышло, становіцца вельмі балюча.

Мамы для мяне — вялікія дзяўчаткі, таты — вялікія хлопчыкі

Мы размаўляем ня толькі зь дзецьмі, але й з бацькамі. Вось стаіць маладзенькая матуля. Ёй 20 год, а яе 3-месячнаму дзіцяці ўжо паставілі дыягназ — анкалёгія. Ты бачыш звар’яцелыя вочы й разумееш, што трэба яе неяк зварухнуць з гэтай кропкі.

Тады я пачынаю задаваць ёй розныя ненармальныя пытаньні: «Колькі ўнукаў ты гатовая выгадаваць? Ты ведаеш, што падгузьнікі дарагія? Ты думаеш, як твайму дзіцяці на ўсіх дзяцей купіць падгузьнікі? Або ты скнара?» Так я стараюся пераключыць яе на будучыню.

З бацькамі я размаўляю ў вобразе. Мамы для мяне — вялікія дзяўчаткі, таты — вялікія хлопчыкі. Я заходжу ў палату й пытаю ў дзяцей: «Вось гэтая вялікая дзяўчынка, ці добра яна сябе сёньня паводзіла? І зубы пачысьціла? І не хуліганіла? Ня трэба яе ў кут ставіць?» Маці ўсьміхаецца й на нейкі час выключаецца са сваёй бяды.

Тое самае й зь дактарамі. Неяк мы выйшлі пакурыць з галоўурачом. А ён толькі паўтарае: «Ён не павінен быў памерці». У яго вочы поўныя сьлёз, сьпіна мокрая. Ён чатыры гадзіны стараўся рэанімаваць хлопчыка, які йшоў на папраўку. Але ў нейкі момант нешта пайшло ня так.

І вось стаіць галоўурач, дрыжыць, па шчоках сьлёзы цякуць. Яны ўсе там толькі гэтым і жывуць, але калі бачаць нас, клоўнаў, адразу ўсьміхаюцца. Мы іх таксама пераключаем на іншы канал.

У сьвеце шмат рэчаў, якія трэба пасьпець зрабіць

На жаль, у нас не праводзяцца дасьледаваньні, як адбываецца паляпшэньне здароўя. А за мяжой гэта ўжо даўно высьветлілі. У прыватнасьці, у Ізраілі праводзяць шмат экспэрымэнтаў, якія пацьвярджаюць: псыхалягічны настрой наўпрост уплывае на выздараўленьне. І ўсьмешка — гэта вельмі важная таблетка. І гэта наша праца — быць такой таблеткай.

Старэйшыя калегі навучылі Дзіну й Яну рабіць цацкі з балёнікаў

А вось адкуль звычайным людзям браць гэтыя ўсьмешкі? У нашай цудоўнай краіне не сустрэнеш чалавека з усьмешкай. Усе ідуць па вуліцах з каменнымі тварамі, заклапочаныя нечым. І калі ты каму-небудзь усьміхнесься, падумаюць, што ты ці знаёмая нейкая, ці дурная. Як можна жыць з такім настроем?

А яшчэ ж трэба самім гэта ўсё перажываць. Мы вось у тэатры падсілкоўваемся. Тут увесь час здараюцца нейкія сьмешныя рэчы падчас рэпэтыцыяў, а таму ты ідзеш у шпіталь ужо з добрым настроем, якім хочацца падзяліцца.

Увесь час трэба неяк пра нешта новае даведвацца: прачытаеш кніжку цікавую, што-небудзь неверагоднае ў інтэрнэце знойдзеш, пра што потым распавядзеш дзецям. Мы самі такім чынам разьвіваемся. Бо каб нечым падзяліцца, трэба мець. А каб мець, трэба шукаць. І гэта такі бясконцы працэс.

А калі выходзіш са шпіталя — губляеш вельмі шмат эмацыйна. І тут ужо трэба ўмець аднавіцца. Я вось штораз гуляю ў прэфэранс на кампутары. Пэўны час трэба, каб мяне ніхто не чапаў. Так мой мозг пераключаецца на іншы лад. Таксама ў мяне ёсьць пухнаты кот Томас — самы сапраўдны антыстрэс.

У адзьдзяленьні транспанталёгіі

А Яна ходзіць на прыроду. Яна можа абняць любімае дрэва, пайсьці ў грыбы. Так ты пачынаеш разумець, што сьвет цудоўны й у ім шмат рэчаў, якія трэба пасьпець зрабіць. Паназіраць, як узыходзіць сонца, пагаварыць са сваім рэхам увечары.

Дрэва жыцьця ў цэнтры

Пасьля анкалёгіі наша сьветаўспрыманьне вельмі зьмянілася. Мы сталі па-іншаму ставіцца да многіх рэчаў. Шмат што ў жыцьці можна зьмяніць. Нешта зламалася, дык і халера зь ім, можа, табе гэтая рэч і не патрэбная зусім. А іншыя рэчы ты зьмяніць ня ў стане, але можаш трошкі дапамагчы, аблягчыць чалавеку адыход.

Каментары19

Цяпер чытаюць

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ12

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Ад экс-палітвязня Ігара Карнея патрабуюць пагасіць запазычанасць за побыт на Валадарцы3

У Мінску купілі кватэру за паўмільёна даляраў

МЗС пра зніклую ў М’янме Веру Краўцову: Дакументы аб смерці падробленыя3

«Ваўкі, якія доўга жылі з людзьмі». Пароды сабак пачалі развівацца яшчэ ў Каменным веку

На Камароўцы ўпалі цэны на хурму і ананасы: што выгадна купляць1

Новы «Франкенштэйн» культавага Гільерма дэль Тора — бадай, самы прыгожы фільм года3

Зборная Беларусі больш за суткі дабіралася з Мінска да Капенгагена5

Пад Астраўцом прыбралі помнік паўстанцам 1863 года, пастаўлены жыхарамі раёна24

Міліцыя распрацавала свой мабільны дадатак для прыёму паведамленняў ад грамадзян3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ12

«Дзед будзе глядзець асабіста. Калі яму спадабаецца…» Зянковіч расказаў, як з ім запісвалі першае інтэрв'ю ў СІЗА КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць