Вядучы Вадзім Гігін у эфіры АНТ паспрабаваў прынізіць аналітыка Юрыя Царыка
На тэлеканале АНТ 14 лістапада выйшла чарговая перадача «Справа прынцыпу». На гэты раз праграма была прысвечаная тэме амерыканскіх прэзідэнцкіх выбараў. Большасць гасцей эфіру былі ў захапленні ад асобы Дональда Трампа.

«Я таксама за Трампа заўзеў, калі ўжо Клінт Іствуд за Трампа, то куды нам дзецца», — сказаў вядучы перадачы, гісторык Вадзім Гігін.
Гумарыст, член ЛДПБ Яўген Крыжаноўскі ў сваю чаргу адзначыў, што танчыў ад радасці пасля таго, як былі абвешчаныя вынікі. Справа ў тым, што Крыжаноўскі паспрачаўся са спеваком Аляксандрам Саладухам адносна наступнага прэзідэнта ЗША. Крыжаноўскі паставіў на Трампа, а Саладуха — на Клінтан. Спрачаліся на скрыню каньяку.
Аднак найбольш цікавай падалася спроба Вадзіма Гігіна злавіць на няслушных прагнозах старшыню назіральнай рады Цэнтра стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Юрыя Царыка. Рыхтавалася гэта загадзя, бо на экран нават былі выведзеныя слайды з цытатамі Царыка.
У прыватнасці, у снежні 2015 года Царык напісаў, што радыкалізм не дазволіць Дональду Трампу стаць пераможцам выбараў, а найбольш імаверным прэзідэнтам стане Хілары Клінтан. У той самай публікацыі Царык прагназаваў, што цана на нафту ў 2016 годзе складзе ад 20 да 30 даляраў (на сёння цана каля 45 даляраў), а курс расійскага рубля ў дачыненні да даляра — 90—100 (у той час як цяпер 65 рублёў).

«Нічога з прадказанняў 2015 года не збылася. Можа быць, палітычным аналітыкам следам за Сакратам трэба казаць: «Я ведаю, што нічога не ведаю», каб людзей, па-беларуску кажучы, не ўводзіць у зман, чым кожны раз спрабаваць трапіць пальцам у неба», — жорстка каментаваў Гігін.
«Палітычныя прагнозы — гэта няўдзячная справа. Я мог бы назваць некалькі дзясяткаў прагнозаў, якія спраўдзіліся», — адказаў Юрый Царык.
«А навошта гэтыя прадказанні пастаянна публікуюцца, каб паўплываць на людзей?» — не супакойваўся вядучы «Справы прынцыпу».
Як адзначаюць сталыя гледачы перадачы ў сацыяльных сетках, гэтак падлавіць і прынізіць аўтарытэт Вадзім Гігін раней не спрабаваў нават гасцей з апазіцыйнага лагера.
Юрый Царык сумесна з Арсенем Сівіцкім аўтары дакладу «Беларусь у кантэксце супрацьстаяння Расія—НАТА», у якім аўтары назвалі найважнейшай задачай беларускіх уладаў пазбягаць уцягвання Мінска ў замежнапалітычныя авантуры Крамля.
«Расійскі бок робіць незвычайныя крокі па нарошчванні вайсковай прысутнасці на заходнім і паўднёва-заходнім кірунках для супрацьстаяння з НАТА, якія ў тым ліку ствараюць рызыку для суверэнітэту, незалежнасці і нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь», — гаворылася ў дакладзе.
Юрый Царык быў адным з тых палітолагаў, блізкіх да ўлады, хто адкрыта выказваўся супраць прысутнасці на тэрыторыі нашай краіны вайсковых базаў іншых дзяржаваў.
«Вось такі ахвярны адыход ад тэмы перадачы для высокай мэты канстатацыі памылак у прагнозе. Відаць, такое было заданне», — адпісаўся ў фэйсбуку спадар Царык.
Каментары