Свет4141

Расея мяняе карту сьвету

Дзьмітры Мядзьведзеў абвесьціў аб прызнаньні незалежнасьці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Уключэньне новых «рэспублік» у склад саюзнае дзяржавы аўтаматычна перавядзе Беларусь у ранг яшчэ адной асеціі, толькі большага памеру. Гэтажа і простае прызнаньне Менскам незалежнасьці новых дзяржаваў ўмацуе імідж нашай краіны як «кліента Масквы». МЗС захоўвае маўчаньне, але дэпутаты Чаргінец, Баршчоў, Гайдукевіч заклікаюць падтрымаць Расею.

Расеі прыйдзецца перадрукаваць мапы сьвету: на палітычнай карце ў маскоўскай вэрсіі зьявіліся дзьве новыя незалежныя дзяржавы.

«Улічваючы свабоднае волевыяўленьне асяцінскага і абхазскага народаў ... я падпісаў указы аб прызнаньні Расейскай Фэдэрацыяй незалежнасьці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі», — гаворыцца ва ўказе Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Мядзьведзеў таксама заявіў, што Расея падтрымлівае ідэю рэфэрэндуму ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі і ў дадзенай сытуацыі лічыць за неабходнае падтрымаць імкненьне народаў непрызнаных рэспублік да незалежнасьці.

Пра гэта прэзыдэнт Расеі заявіў сёньня на паседжаньні Рады бясьпекі.

Мядзьведзеў перакананы, што Грузія спрабавала далучыць Паўднёвую Асецію цаной гібелі тысяч мясцовых жыхароў. Ён зазначыў, што шчэ ў 1991 г. Расея выратавала насельніцтва Асеці і Абхазіі ад зьнішчэньня.

Мядзьведзеў падкрэсьліў, што імкненьне Расеі мірна разьвязаць канфлікт праігнаравала як сама Грузія, якая «мэтадычна рыхтавалася да вайны», так і НАТО і Эўрасаюз. Такім чынам, Пуцін-Мядзьведзеў выбралі шлях далейшага абвастрэньня адносінаў з краінамі Захаду.

«Саакашвілі абраў генацыд для вырашэньня сваіх палітычных задачаў», — так апраўдаў сваё рашэньне прэзыдэнт Расеі.

У панядзелак, 25 жніўня, пасьля рашэньня расейскай Дзярждумы пра наданьне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, краіны Захаду зьвярнуліся да расейскага прэзыдэнта з просьбай, каб ён не падпісваў указу аб прызаньні.

Калі стала вядома, што прызнаньне адбылося, ЗША, Эўрасаюз і АБСЭ выступілі з асуджэньнем кроку Расеі. Канцлерка Нямеччыны назвала рашэньне «абсалютна непрымальным».

Як чакаецца, ЭС дасьць канчатковую ацэнку сытуацыі на наступным тыдні: прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі склікае ў сымбалічны дзень 1 верасьня саміт Эўрасаюзу, каб абмеркаваць сытуацыю ў Грузіі. Сустрэча адбудзецца ў Брусэлі.

Прэцэдэнтамі апошняга часу былі Эрытрэя, Тымор-Лештэ і Косава. У выпадку афрыканскай і азіяцкай краінаў існаваў кансэнсус міжнароднае супольнасьці. У выпадку Косава рашэньне прымалася супольна заходнімі вялікімі дзяржавамі і ісламскімі краінамі, нягледзячы на скепсіс ці супраціў Расеі і Кітаю, і было падтрыманае шасьцю дзясяткамі краінаў.

Выпадак Асеціі і Абхазіі розьніцца тым, што Расея дзейнічае аднаасобна. Кітай стаіць за прынцып тэрытарыяльнае цэласнасьці, а Маскву на сёньня афіцыйна падтрымалі толькі чатыры краіны ва ўсім сьвеце — Беларусь, Вэнэсуэла, Куба і Сырыя. Сытуацыя блізкая да таго, якую мае Турцыя з Рэспублікай Паўночнага Кіпру.

Грузія вуснамі намесьніка міністра замежных справаў назвала рашэньне Масквы «актам анэксіі грузінскіх тэрыторый» і заявіла, што для Грузіі гэта ня будзе мець ніякага юрыдычнага значэньня.

Прэзыдэнт жа Абхазіі Сяргей Багапш назваў дзень 26 жніўня «гістарычным» для свайго народу.

Дзеяньні Масквы будуць мець працяглы ўплыў на міжнародную сытуацыю. Яны павышаюць шанцы на перамогу кандыдата-рэспубліканца Джона Маккейна на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША. Што зьвяртае ўвагу — Масква ажыцьцявіла свае намеры ў часе зьезду Дэмакратычнай партыі ЗША. Яны зьмяняюць таксама ўнутрыпалітычнае становішча ва ўсходнеэўрапейскіх краінах. Гэтак, стала вядома, што лідэр Партыі рэгіёнаў Украіны Віктар Януковіч заклікаў Кіеў прызнаць незалежнасьць падрасейскіх тэрыторый.

Выключнае значэньне для далейшага разьвіцьця краіны мае выбар беларускага кіраўніцтва ў дадзенай сытуацыі.

Масква будзе патрабаваць, каб Беларусь прызнала незалежнасьць васальных тэрыторый Расеі. У той жа час ўключэньне новых «рэспублік» у склад саюзнае дзяржавы аўтаматычна перавядзе Беларусь у ранг яшчэ адной асеціі, толькі большага памеру.
Таксама і простае прызнаньне Менскам незалежнасьці новых дзяржаваў прывядзе да ўзмацненьня ізаляцыі Беларусі ў Эўропе — наша краіна ўмацуе свой імідж «кліента Масквы».

Тым ня менш, выключаць такое разьвіцьцё падзеяў не выпадае. За апошнія 10 гадоў Беларусь прыняла лічаныя самастойныя рашэньні на міжнароднай арэне. Масква ж па-ранейшаму выкарыстоўвае льготныя цэны на газ і нафту для ціску.

Лукашэнка быў адзіным кіраўніком дзяржавы, акрамя Расеі, які сустрэўся з прэзыдэнтамі Асеціі і Абхазіі і выказаў на тым спатканьні думку, што «і народ Асеціі, і народ Абхазіі ў складзе Грузіі жыць ня могуць».

МЗС захаваў маўчаньне па стане на вечар аўторка. Тым часам дэпутаты Мікалай Чаргінец, Уладзімер Баршчоў, Сяргей Касьцян, Сяргей Гайдукевіч, якія належаць да камісій па міжнародных справах савету рэспублікі і палаты прадстаўнікоў, у адзін голас ухвалілі рашэньне Расеі і абрынуліся на Захад. «Расея рашыла ўстаць з кален», — заявіў Гайдукевіч. «Сёньня ёсьць усе падставы, каб падтрымаць у гэтым пытаньні Расею», — кажа Баршчоў. У беларускай сыстэме дэпутаты проста так сваіх меркаваньняў не выказваюць.

Каментары41

Цяпер чытаюць

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?16

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?

Усе навіны →
Усе навіны

Колькасць бюджэтных месцаў на магістратуры будзе вызначаць дзяржава1

«У нас гэтыя льготы няма чым ільгатаваць». Лукашэнка патлумачыў, чаму не будзе даваць льгот моладзі і сям'ям з адным ці двума дзецьмі18

Экаактывісты больш не прыклейваюць сябе да дарог. І вось чаму14

У цэнтры Мінска затрымалі голага бегуна, які ўдзельнічаў у трэш-чэленджы Мелстроя15

«Для кожнага быў свой тэлевізар». Беспрацоўны беларус расказаў, як у Германіі яму зрабілі бясплатную аперацыю9

У Акадэміі навук заявілі, што беларусы з кожным годам усё больш задаволены12

Гросмайстар Нарадзіцкі, які раптоўна памёр у 29 гадоў, перад смерцю цяжка перажываў абвінавачанні з боку Крамніка2

Беларус расказаў, як быў гідам у Дудзя на Мадэйры — елі дранікі ў бары і гулялі ў футбол на стадыёне Раналду12

Лось ноччу зайшоў у цэх прадпрыемства пад Магілёвам, пафоткаўся і сышоў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?16

Пад новыя санкцыі ЕС трапілі беларускія банкі. Што зменіцца на практыцы?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць