79-гадовы навуковец, які ў Мінску праваліўся пад лёд і ледзь не патануў: «Праз дзень вярнуўся на тое месца па шапачку і насоўку»
Мужчына праваліўся пад лёд у самым глыбокім месцы Цнянскага вадасховішча
— Я ішоў па беразе, усюды быў моцны лёд, і раптам ні з таго ні з гэтага праваліўся ў ваду, — распавядае 79-гадовы мінчук Валерый Кальнянкоў.
Валерый Пятровіч — кандыдат хімічных навук, усё жыццё працаваў у Акадэміі навук, на пенсію пайшоў толькі два гады таму і цяпер вольны час прысвячае прагулкам. 13 студзеня ён як звычайна прагульваўся ўздоўж Цнянскага вадасховішча і ледзь не патануў, піша kp.by
— Я трымаўся ў вадзе, пакуль можна было — хвілін 5-7, але ніяк не мог вылезці, у тым месцы была вялікая глыбіня. Я трымаўся рукамі за кромку лёду, спрабаваў біць нагамі ў вадзе, але перашкаджаў лёд. Адчуваў, што сіл ужо мала засталося. І тут я ўбачыў, што па беразе ідзе мужчына з сабакам — я з апошніх сіл закрычаў, папрасіў аб дапамозе. Калі б не ён, напэўна, мяне б ужо не было.
Мужчына стаў шукаць палкі на беразе, але нічога не было — тады ён зняў ланцужок з сабакі, падпоўз да палонкі і падаў ланцужок пенсіянеру.
— З трэцяй спробы я вылез грудзьмі на тоўстую груду лёду. Стан у мяне быў блізкі да адчаю, думаў, што загіну.
Да гэтага часу на месца прыбег супрацоўнік Асвода - разам з мужчынам, які ратаваў пенсіянера, яны адвялі Валерыя Пятровіча на базу МНС, якая знаходзіцца непадалёк.
- Там мяне пачаставалі гарбатай, выклікалі «хуткую», адвезлі ў паліклініку: зрабілі рэнтген, аналіз крыві, ніякіх ускладненняў не было. Я загартаваны.
Пры гэтым мужчына не пабаяўся зноў выйсці на лёд і нават вярнуцца на тое ж месца!
— Я узяў сякерку i дастаў з-пад лёду сваю шапачку і насоўку, — здзіўляе Валерый Пятровіч. — Мне было не страшна — зараз жа мароз моцны, лёд добра замёрз!
А свайго выратавальніка мужчына знайшоў і аддзячыў.
— Я і раней бачыў, што ён гуляў з сабакам. Не ведаў, дзе ён жыве, але ведаў, дзе ён ходзіць. Пайшоў туды, а ён якраз ішоў насустрач з сабакам. Пазнаёміліся, я яму сказаў, што ён мой хросны бацька, хацеў яму падзякаваць. Віктар аднекваўся, не хацеў прымаць падарунак, запрасіў мяне да сябе ў госці. Я прыйшоў да яго дадому, мы пасядзелі, пагаварылі. Толькі дзякуючы яму я застаўся жывы.
Пажылы мужчына праваліўся пад лёд практычна на самым глыбокім месцы Цнянскага вадасховішча — кажуць у Асводзе, што глыбіня там — каля 8 метраў. Выратавальная станцыя знаходзіцца за 1300 метраў адтуль.
— Пакуль я дабег да іх, мужчына ўжо, на шчасце, выцягнуў тонучага чалавека, — распавядае матарыст выратавальнай станцыі Асвода. — Я дапамог распрануць пацярпелага, расцерці, даў яму сваю куртку. А чалавек, які выратаваў мужчыну, пайшоў, не пакінуўшы кантактаў — мы б хацелі падзякаваць яму за выратаванне.
Цяпер чытаюць
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Каментары