Кіно44

Сусветная прэм’ера фільма па кнізе Марціновіча «Возера радасці» — на галоўным міжнародным фестывалі кароткага метра. Чаму гэта прарыў?

30-хвілінная драма беларускага рэжысёра, ураджэнца Баранавічаў, 29-гадовага Аляксея Палуяна была ўзятая ў міжнародны конкурс на галоўны ў свеце кінафестываль кароткага кіно Клермон-Феран (Clermont Ferrand International Short Film Festival) з 9238 фільмаў, прадстаўленых з усяго свету. Беларускія стужкі ніколі да гэтага моманту не траплялі у шорт-ліст сусветнага конкурсу кінафэсту (у міжнароднай праграме).

Фестываль у гэтым невялікім французскім гарадку з’яўляецца адным з самых прэстыжных: для рэжысёраў гэта як «Канны кароткага метра». Акрамя таго, перамога тут азначае аўтаматычную пуцёўку на Оскар. 

Фестываль адкрывае свету шмат маладых кінарэжысёраў, калісьці такімі былі Сэдрык Кляпіш і Франсуа Азон.

У межах фэста-2019 з 1 па 9 лютага адбудзецца 8 паказаў «Возера радасці», фільм паглядзяць на беларускай мове з англійскімі і французскімі субцітрамі.

Тут і далей — кадры з фільма «Возера радасці».

У аснову фільма па кнізе «Возера радасці» лягла толькі частка кніжкі — дзяцінства галоўнай гераіні Ясі. Але рэжысёр адразу папярэдзіў аўтара Віктара Марціновіча, што будзе змяняць напісанае і будаваць на аснове часткі рамана новае.

«Калі мы сустракаліся з Віктарам для перамоваў, я адразу патлумачыў яму, што фільм будзе больш пра майго бацьку. Справа ў тым, што гісторыя майго таты вельмі падобная да той, што адбылася з Ясяй: у таты памерла маці, і тады мой дзядуля адвёз яго ў інтэрнат. Я папярэдзіў Віктара, што буду руйнаваць развіццё падзей, пабудую на матэрыяле новы сцэнар, пакінуўшы толькі галоўнае сэнсавае зерне. І Віктар пагадзіўся, чаму я вельмі рады, бо без гісторыі майго таты не было б гэтага фільма. Ён прысвячаецца яму і маёй сям'і», — падзяліўся з «НН» рэжысёр.

Здымалася стужка цягам кастрычніка 2017 года ў чатырох беларускіх вёсках Ляхавіцкага раёна — Востраў, Альхоўцы, Ліпск і Любейкі.

Асноўным месцам здымкаў былі менавіта Любейкі. Для рэжысёра гэтая вёска не ўпершыню становіцца творчай пляцоўкай: раней ён здымаў тут сваю дакументальную стужку «Край жанчын» пра чатырох мясцовых гераінь. У 2017 годзе гэты фільм быў угананараваны спецыяльным прызам «За вернасць ідэалам у кінамастацтве» на фестывалі «Лістапад».

«Мясцовыя жыхары вельмі дапамагалі нам у здымках. Больш за тое, дзясяткі з іх былі задзейнічаныя ў здымках фільма. Вялікую дапамогу з дазволам на здымкі зрабілі спадар Уладзімір Фёдаравіч Тадра — старшыня Востраўскага сельсавета і былы намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Вячаслаў Лукіч Сельмановіч. Мясцовы бізнэсмен Алег Раманоўскі калісьці выкупіў старую Альхоўскую школу, якую зачынілі 3 гады таму. Менавіта ён дазволіў нам пабудаваць там наш «інтэрнат», дзе «жылі» каля 30 дзетак з дзвюх тутэйшых вясковых школ», — расказвае рэжысёр.

Увесь склад акцёраў, цяпер ужо не трымае сакрэтаў Палуян, таксама беларускі. Галоўную гераіню Ясю сыграла Настасся Пляц. Дзяўчынцы 9 год, яна выхаванка магілёўскага дзіцячага інтэрната. Каб знайсці яе, Аляксей з памочнікамі аб’ездзілі не адзін інтэрнат, па волі лёсу дзяўчынку адшукалі менавіта ў апошнім месцы кастынгаў. «Яна вельмі фактурная. Хоць ёй і было на той момант 9 гадоў, па вачах бачна, што яна дарослая і будзе ў гэтым жыцці змагацца. Настачка была для мяне у той дзень дакладна той самая Ясяй, дзеля якой мы праехалі палову Беларусі, — тлумачыць свой выбар Палуян. — Вялікі дзякуй кіраўніцтву Магілёўскай SOS-вёскі, яны нас моцна падтрымалі. Асабліва выхавальніцы Святлане Пятроўне. Было б цудоўна, калі б у мяне атрымалася прывесці Настачку на сусветную прэм’еру ў Францыю. Жадаю, каб яна пабачыла сябе на вялікім экране ў месцы, дзе сустракаюцца тысячы сінеастаў, каб паглядзець сусветнае аўтарскае кіно».

Галоўная гераіня Яся ў выкананні Настассі Пляц.

Ролі іншых персанажаў выконваюць вядомыя ў Беларусі акцёры: Ігар Сігоў, Святлана Анікей, Алесь Малчанаў, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Таццяна Мархель і Дзяніс Тарасенка. Для Аляксея было прынцыповым працаваць з айчыннымі артыстамі: ён лічыць, што ў нас вельмі моцныя кадры, працаваць з імі — адна асалода, і патрэбы шукаць кагосьці з акцёраў за мяжой няма.

Асаблівую ролю сыграў у фільме зусім выпадкова знойдзены на кастынгу для масоўкі 10-гадовы хлопчык з Востраўскай школы Аляксандр Прымшыц. Ён сыграў ролю Антося, сябра Ясі ў інтэрнаце. 14-гадовая Паліна Кудзіна, таксама з Востраўскай школы, прафесійна ўправілася з роллю Паліны, сяброўкі Ясі.

Рэжысёр дадае: «Гэта асаблівы для мяне фільм, бо ў ім граюць дзеці, якія робяць гэта па-даросламу».

Сяржук Доўгушаў з Настассяй Паповай з гурта «Vuraj» выступаюць у ролі музыкаў на вяселлі. Адна з кампазіцый з іх новага альбома «Lito» прагучыць як адзін з эмацыйных саўндтрэкаў фільма. Што тычыцца тэхнічнага боку каманды, то тут яна атрымалася мегаінтэрнацыянальнай. Акрамя беларускіх спецыялістаў, 5 чалавек з калектыву прыехалі з Германіі, здымаў усё іранскі аператар Бехруз Карамізадзэ, асістэнткі — з Грузіі і Украіны, гукаінжынерам працаваў армянскі балгарын, а фарбакарэкцыяй кіраваў шатландзец. Гэта не кажучы ўжо пра іншую постпрадукцыю.

Бюджэт карціны рэжысёр трымае ў таямніцы.

«Магу сказаць адно: 50% фінансавання складаюць грошы з нямецкага кінафонду, другая ж частка сумы — мае ўласныя сродкі. Тут я выступаю не толькі як рэжысёр, сцэнарыст, але і прадзюсар. Пракатам укладзеныя грошы, канечне, не адбіць. Толькі калі прадаваць на еўрапейскае тэлебачанне, а таксама атрымліваць прызавыя на фестывалях. Аднак мэты зарабіць грошы на гэтым кіно ў мяне не было, была мэта зрабіць моцны фільм, каб пагутарыць з гледачамі на сур’ёзную тэму, ну, і таксама, каб у будучыні атрымаць шанец зняць дэбютны паўнаметражны мастацкі фільм».

Аляксей Палуян спадзяецца, што ў Беларусі мы паглядзім «Возера радасці» ўжо на наступным «Лістападзе». Акрамя гэтага, Аляксей будзе спрабаваць арганізаваць пракат у рэгіёнах, у першую чаргу — у Магілёўскай вобласці і Ляхавіцкім раёне, адкуль паходзяць галоўныя героі.

У найбліжэйшых задачах Аляксея — зрабіць магчымым, каб «Возера радасці» паглядзела як мага больш еўрапейскай публікі. Паралельна рэжысёр працуе над дыпломам: Палуян навучаецца ў інстытуце кіно і тэлебачання ў Акадэміі мастацтваў Касэля (Германія) у майстэрні Яны Друзь. У якасці свайго дыплома ў наступным годзе ён будзе здымаць новую дакументальную стужку, таксама ў Беларусі.

Каментары4

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней

Усе навіны →
Усе навіны

Чаму вучэнні «Захад-2025» вырашылі правесці ў цэнтры краіны, а не каля межаў НАТА — меркаванне ўкраінскага палітолага4

Прарасійскія надпісы на целе ўкраінскага вайскоўца выразаў хірург падчас аперацыі4

Каля берагоў Канады заўважылі рэдкі чорны айсберг1

ЦАХАЛ загадаў жыхарам аднаго з раёнаў Тэгерана эвакуявацца. Зруйнуюць будынак дзяржаўнага тэлебачання3

ЗША перакідаюць на Блізкі Усход другі авіяносец і дзясяткі самалётаў8

«Прадалі 1647 купюр за 3 дні». Ажыятаж вакол памятнай банкноты Нацбанка не сціхае3

Стала вядома яшчэ пра аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расіі і трапіў у палон1

У паўднёвай Еўропе прайшлі мітынгі супраць турыстаў

Суседзі зрабілі кухню ў лоджыі, і цяпер у суседзяў чуваць звон посуду

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць