Сяргей Астравец. Праз гарадзенскія акуляры33

Авіяпахавальны марш

Сяргей Астравец піша на сваім блогу пра самалёт нашага земляка.

Маленства: райскія яблычкі ў садзе, дробныя чырвоныя, шакалядныя мэдалькі, аркестар. У нашым гарадку былі дзьве авіябазы адразу, як цяпер даведаўся вось. Малечыя гады пад вядомы марш авіятараў. Вайсковы аркестар граў то сьвяточны, то пахавальны марш, гэта запомнілася.

Аднойчы высока-высока ў небе БССР зьвілася брытанская “Канбэра”. З нашага аэрадрому ўзьнялі міга сямнаццатага. Цэль бачыш?! Бачу! Атакуй! Лётчыка прозьвішча было на С. Сеў ён, яго верталётам — у Маскву. Чаму не атакаваў, чаму ня зьбіў? А як? Столь — чатырнаццаць тысяч, узбраеньне гарматнае. Ня ўкусіш, як локаць.

Недапрацаваны быў самалёт су дзевяты, кажа стары лётчык, але прымусілі пусьціць у сэрыю. Самалёт-катафалк, можна сказаць. Зьнішчальнік-перахопнік, афіцыйна, абсяг — да дваццаці тысяч. Першым загінуў лейтэнант Тэадаровіч з нашага дому, зь першага пад’езду, з Магілёву быў. Заглух рухавік на ўзьлёце. Паспрабаваў пасадзіць на палетак, але —узараны, няроўны, шанцаў ніякіх. Вянкі з чорнымі машастовымі стужкамі, жоўтыя духавыя інструмэнты, цягучая гнятлівая, знарочыста змрочная музыка.

Лётчыкам выдавалі шакаляд, атрымліваецца, каб падсаладзіць пігулку. Але яны ня елі шакаляду. Памятаю, дома ў сэрванце ў сем’ях лётчыкаў у вазе ляжалі маленькія, сярэднія, вялікія шакалядкі, мэдалькі. Яны не былі гаркавымі, ім выдавалі малочны шакаляд. Дзеці пілётаў мелі перавагу перад астатнімі, у іх было колькі заўгодна шакаляду. Але гэта быў двухсэнсоўны слодыч, ён утрымліваў сьмяротную небясьпеку. Аднойчы шакалядкі маглі скончыцца…

Перавучылі на су дзевяты спачатку наш полк супрацьпаветранай абароны, затым другі, за сто сорак кілямэтраў. Лётчыкі баяліся яго, кажа стары вайсковец, баяліся лятаць. Клясыкай было, калі рухавік глух на ўзьлёце менавіта. Сто маладых здаровых мужчын, якія баяліся таго, да чаго імкнуліся, дзеля чаго выбралі прафэсыю. Уяўляеце штодзённы стрэс, нават у выходныя, дома, зь сям’ёю? Што такое не хацець на працу, якая — сапраўдная руская рулетка? Але ж!

У нашым доме лётнага складу, чатыры паверхі, тры пад’езды, на су дзевятых загінулі чатыры чалавекі, пяты — на іншым самалёце і ў іншым месцы, таксама магілёўскім быў. Усяго адзінаццаць ці дванаццаць лётчыкаў загубіў, ды што казаць — забіў су дзевяты. Апошні, пра якога ведае знаёмы афіцэр, здаецца, у дзень свайго нараджэньня загінуў. Бацька лётчыка быў намесьнікам начальніка лётнага вучылішча, прыехаў да яго і даведаўся… Забраў цела.

Спарак не было су дзевятых, значыцца палёты толькі самастойна, без інструктараў. Каб прызвычаіцца, набіць руку, колькі гэта вымагала часу?! Але здарыцца магло зь любым і потым, зьнянацку, калі не чакаеш. Некаторым шанцавала. У трэцім пад’езьдзе жыў лётчык Чур-н, дзядзька Саша, памятаю, ён засольваў капусту не шаткаваную, качанчыкамі, смачная была страшэнна, любіў частаваць нас, дзятву. Мажны быў такі, самавіты. Ягоны су дзевяты таксама стаў падаць, ён здолеў пакласьці яго ў рышток каля кальцавой дарогі, уратаваў жылыя кварталы. Яму далі ордэн і, рэдкасьць у савецкія часы, пра здарэньне напісалі газэты. Дык вось, уратаваўшыся ад су дзевятага, ён трапіў пазьней пад электрычку проста на вакзале, лецішча ў яго было, вяртаўся дахаты.

Атрымліваецца, су дзевяты быў самалётам-забойцам. На аэрадроме ў тыя часы пастаянна дзяжурылі два зьвёны: мігі дзевятнаццатыя — для перахопу паветраных балёнаў са шпягоўскай апаратурай, су дзевятыя — дзеля перахопу “Канбэраў”. Але “Канбэры” перасталі прылятаць, злашча зьвіліся спадарожнікі. Аднак аркестар працягваў выконваць па чарзе два маршы… Так, гэты тэкст яшчэ мог бы называцца “Шакалядкі для лётчыкаў”.

Каментары3

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа7

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі восем немаўлят да года наведваюць дзіцячы сад1

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем12

Мінчанка расказала, дзе пазнаёміцца з перспектыўнымі хлопцамі ў сталіцы14

Ціханоўскі насмажыў катлет на фестывалі «Тутака»45

Наколькі дакладна можна прадказаць надвор'е на месяц? І чаму дагэтуль не папярэджваюць пра тарнада за дзень?5

З'явіцца новая дзяржава — Новая Каледонія3

Заробак 73 рублі? На заводзе патлумачылі, адкуль у іх такія вакансіі

Француз пераехаў з Ніцы ў Мінск і адкрыў пякарню12

У Мінску купілі дом за 3 мільёны даляраў. Ён у тым раёне, дзе жыве Эйсмант1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа7

Сенатар Грэм анансаваў рэкордныя пастаўкі зброі Украіне пасля заўтрашняй заявы Трампа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць