Тэрмін утрымання пад вартай праваабаронцу Судаленку працягнулі яшчэ на два месяцы
18 мая павінен быў скончыцца тэрмін утрымання пад вартай праваабаронцы і палітвязня Леаніда Судаленкі. Аднак сёння стала вядома, што тэрмін працягнуты зноў, гэтым разам да 18 ліпеня, піша spring96.org.

Старшыня Гомельскага аддзялення пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» Леанід Судаленка быў затрыманы 18 студзеня па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, заведзенай па ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Яшчэ 5 студзеня ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс «Гомельскай Вясны», адбыўся ператрус, які доўжыўся больш за 9,5 гадзін.
За сваю праваабарончую дзейнасць Судаленка быў удастоены прэстыжнай французскай прэміі «Свабода — Роўнасць — Братэрства» ў 2019 годзе. У тым жа годзе беларускай праваабарончай супольнасцю ён быў узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Праваабаронца года».
Каментары