Меркаванні

Саша Філіпенка: «Мы цяпер змагаемся не толькі з рэжымам Лукашэнкі, але і з Расіяй у яго за спінай»

Як доўга давядзецца сядзець Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку, Міколу Статкевічу і іншым палітвязням, якія атрымалі вялізныя тэрміны? Ці стаміліся еўрапейцы ад беларускіх праблем? Чаго хочуць Лукашэнка і Пуцін? Пра гэта разважаў пісьменнік Саша Філіпенка ў эфіры «Свабоды».

«Прысуд у Гомлі — гэта тэрміны ўсім нам, усяму беларускаму грамадству»

— Што вы думаеце пра гіганцкія турэмныя тэрміны, якія 14 снежня ў Гомелі атрымалі Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Мікола Статкевіч і яшчэ трое палітвязняў?

— Складана каментаваць гэтыя тэрміны. Любога нармальнага чалавека яны шакуюць. Я думаю, што Лукашэнка працягвае таргавацца з Еўропай. Як заўсёды, ён заклікае да дыялогу і прадае людзей у абмен на скасаванне санкцыяў.

А такія вялікія тэрміны цяпер, я думаю, для таго, каб расчуліць сэрцы еўрапейцаў, якія ня змогуць змірыцца з гэтым і ўсё ж скажуць: «Добра, давайце зробім, чаго вы там хацелі, толькі вызваляйце гэтых людзей».

Але сам я думаю, што няважна, далі 1 год ці 18 гадоў, бо на гэтых людзях няма ніякай віны наогул, яны не павінны сядзець і павінны сёння ж выйсці на свабоду.

Мне здаецца, што ў нейкай меры гэтыя тэрміны — усім нам. Лукашэнка кажа, што гэтыя людзі будуць сядзець 15 гадоў, 18 гадоў. Гэта пытанне да ўсіх нас — што мы зробім для таго, каб гэтыя людзі не сядзелі 15-18 гадоў, а выйшлі ў найбліжэйшы час. І гэта пытанне да ўсіх — і тых, хто з'ехаў, і тых, хто застаўся, і хто хадзіў на пратэсты, і хто не хадзіў, і тых хто лічыць, што санкцыі патрэбныя, і тых, хто лічыць санкцыі не патрэбнымі. Гэта тэрміны ўсім нам, усяму беларускаму грамадству. І толькі ад нас залежыць, колькі часу гэтыя людзі правядуць у турме і ці здолеем мы знайсці нейкія новыя спосабы ціску на рэжым.

 «У Еўропе вельмі мала ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі»

— Вы цяпер жывяце ў Швейцарыі, шмат ездзіце па Еўропе. Як змянілася стаўленне да Беларусі за апошні год, калі стала ясна, што пратэсты задушаныя і што рэжым застаецца на нейкі, пакуль ня вызначаны, час? І ці змянілася яно? Напрыклад, урад Нямеччыны заяўляе, што не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам, але што з таго, калі нямецкі бізнес прызнае беларускія тавары і беларускага спажыўца — іншымі словамі, гандаль ідзе?

— Я б сказаў, што я не жыву ў Швейцарыі, я знаходжуся ў добраахвотнай эміграцыі ў Швейцарыі. Так атрымалася, што ў Швейцарыі я маю і франкамоўнага выдаўца, і нямецкамоўнага. Так што гэта быў не зусім мой выбар, але зручнае месца для рэлакацыі. Бо беларуская прапаганда прапануе пазбавіць мяне грамадзянства і пасадзіць — гэта значыць, зрабіць тое самае, што ў Беларусі цяпер звычайна робяць з людзьмі, якія змагаюцца за свабоду, за нейкія элементарныя, базавыя каштоўнасці.

Я думаю, што ў Еўропе, на жаль, вельмі мала ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і што там адбывалася раней. Нешта тут чулі пра сагнаны самалёт, нешта чулі пра мігрантаў, але Еўропа ўсё роўна жыве сваім жыццём, а нашы навіны знаходзяцца на перыферыі.

Еўропа робіць нейкія крокі, але яны далёкія ад таго, што Еўропа сапраўды павінна і магла б зрабіць, каб дапамагчы цэламу еўрапейскаму народу, які цяпер аказаўся захопленым групоўкай, якая працягвае катаваць і забіваць людзей. Гомельскія прысуды — гэта пацверджанне таго, што катаванні ў Беларусі працягваюцца.

Таму я думаю, што мы павінны працягваць даносіць да еўрапейцаў інфармацыю. Дзе б я ні выступаў, ці гэта Аўстрыя, Нямеччына ці Галандыя, я расказваю пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і кажу, што мы павінны дзейнічаць неадкладна, бо дыктатуры — такі ж вірус, як і каранавірус, ён гэтак жа хутка распаўсюджваецца. Мы назіраем, што абсалютна недапушчальныя для Еўропы рэчы адбываюцца ўжо ў Польшчы, у Вугоршчыне.

Таму Еўропа не павінна думаць, што яна можа закрыцца, адвярнуцца ад таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі, і думаць, што свабода, гэта прывілея толькі Нямеччыны, Францыі або Швейцарыі. 

«Пецярбургскія паліцыянты асабліва ахвотна палююць на беларусаў і выдаюць іх рэжыму»

— Калі б вы з такой пазіцыяй цяпер жылі ў Расіі, вас бы маглі дэпартаваць у Беларусь.

— Мяне затрымалі на мяжы, калі я быў апошні раз у Расіі. Я прылятаў атрымліваць прэмію «Ясная Паляна». У мяне забралі пашпарт і пратрымалі тры гадзіны на мяжы. Я ня ведаю, што гэта было, бо мне не патлумачылі. Але пасля пашпарт вярнулі і выпусцілі з краіны.

Гэта было ўжо пасля таго, як я пакінуў Беларусь пасля маршаў, пасля таго, як у выніку адной публікацыі былі затрыманыя Дудзінскі і Кахно, а я там ішоў трэцім. Таму ўсе мае блізкія сыходзяцца на тым, што цяпер я не магу знаходзіцца ў Расіі.

Тым больш што мы бачым, як пецярбургскія паліцыянты неяк асабліва ахвотна палююць на беларусаў і выдаюць іх рэжыму. У мяне такое адчуванне, што ў Санкт-Пецярбургу наогул няма іншых праблем апрача таго, каб лавіць беларусаў і выдаваць іх.

У гэтым сэнсе я не магу знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу, бо ня ведаю, ці ня вырашаць мяне дэпартаваць або і проста прыедуць хлопцы, як прыехалі па Фядуту, і забяруць мяне.

У беларускіх СМІ пішуць, што я павінен сядзець, што мяне трэба пазбавіць грамадзянства і г. д. Таму я цяпер ня езджу ў Расію, як і ў Беларусь. Я быў у Расіі апошні раз амаль год таму.

 «Пуцін даволі грэблівы чалавек, яму Лукашэнка не сімпатычны»

— Як вы вызначаеце ролю, якую Расія адыгрывае ў тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі?

— Абсалютна зразумела і відавочна, што Расія падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Каб не было падтрымкі з боку Пуціна, даўно ўжо не было б Лукашэнкі. Мы цяпер змагаемся ня толькі з рэжымам Лукашэнкі, але і з аграмаднай Расіяй, якая стаіць за яго спінай. І Расія не хавае, што яна падтрымлівае Лукашэнку.

Я ня думаю, што Пуціну Лукашэнка падабаецца. Я думаю, што Пуцін даволі грэблівы чалавек і яму Лукашэнка не сімпатычны. Але, як мы ведаем, у Пуціна ёсць сіндром Кадафі, ён вельмі баіцца перамогі вуліцы. Пуціну важна не паказаць расійскаму электарату, што ў Беларусі, як і ва Украіне, перамаглі пратэсты, а значыцца, могуць перамагчы і ў Расіі. Любімая мантра Пуціна: «Хадзіце на выбары, а мы падлічым галасы».

«Пуціну пляваць на беларускі народ. Ён ня лічыць, што беларускі народ існуе»

— Чаму Пуцін не баіцца згубіць беларускі народ? Калі б Пуцін падтрымаў народ у жніўні 2020 году, сімпатыі да Расіі і да яго асабіста захаваліся б. А цяпер нават расійскія сацыёлагі сцвярджаюць, што аўтарытэт і рэйтынг Расіі ў вачах беларусаў моцна ўпалі.

— Я думаю, што Пуціну пляваць на беларускі народ. Я думаю, ён ня лічыць, што беларускі народ існуе. З яго праграмнага артыкулу вынікае, што ён успрымае сябе, як аб’яднальніка земляў расійскіх. Ён лічыць, што няма розніцы паміж беларусамі, расійцамі і ўкраінцамі. Я думаю, што для яго наогул ня мае значэння, што думаюць беларусы.

Трэба пытацца ў Пуціна, чаму Крэмль заўсёды робіць няправільныя ўчынкі. Спачатку ён пасварыўся з украінцамі, цяпер з беларусамі. Мне здаецца, што перад выбарамі 2020 году было відавочна, што ў траціны беларусаў былі прарасійскія настроі, траціна мела цэнтрысцкія настроі і траціна — празаходнія.

А цяпер я думаю, што нават людзі, якія некалі былі за добрыя дачыненні з Расіяй і станоўча ставіліся да Саюзнай дзяржавы, усё больш разумеюць, што Расіі на іх напляваць, што Расія наогул ня лічыць іх за людзей і разглядае нейкім чарговым рэгіёнам, як, напрыклад, Татарстан.

Думаю, што ў Пуціна прыкладна такое стаўленне да Беларусі.

«І далей паўстае пытанне паміж свабодай Беларусі і «Паўночным патокам — 2»

— Вы за апошні год апублікавалі шмат тэкстаў у газетах Еўропы на розных мовах пра сітуацыю ў Беларусі і з крытыкай маруднасці еўрапейскіх палітыкаў у рэакцыі на гуманітарную катастрофу ў Беларусі. Што кажуць простыя еўрапейцы ў адказ на вашы публікацыі? Вы адчуваеце фідбэк?

— Вядома. Па-першае, я пачуў рэакцыю еўрапейскіх палітыкаў. Была вельмі моцная рэакцыя на мой адкрыты ліст Рэнэ Фазэлю і на ліст у Чырвоны Крыж. Па-другое, я чую рэакцыю і ад простых людзей, якія прыходзяць на сустрэчы. На прэзентацыі кніг на нямецкай ці французскай мовах я чую пытанні ад чытачоў, чым яны могуць дапамагчы Беларусі. І кожны раз я кажу, што яны могуць звяртацца да ўласных палітыкаў, задаваць ім пытанні, звяртацца да сваіх кампаній.

Напрыклад, я заклікаю аўстрыйцаў звяртацца да кампаніі А1 і пытацца, чаму яна адключае інтэрнэт у Беларусі падчас пратэстаў, хаця няма пастановы суду, а ёсць нейкі твіт ад МУС, у якім гаворыцца, што трэба адключыць інтэрнэт, і ці змагла б А1 гэтак сама адключаць інтэрнэт у Аўстрыі, калі б у Зальцбургу або Вене людзі выйшлі б на вуліцы. Сам я цвёрда перакананы, што не.

Так што я заўсёды кажу чытачам, якія прыходзяць да мяне на сустрэчы, каб яны звярталіся да сваіх палітыкаў і бізнесоўцаў і пыталіся, чаму яны дагэтуль працягваюць супрацоўнічаць з гэтым рэжымам і падтрымліваць яго фінансава.

Так што водгукі ёсць, але хацелася б, каб іх было больш. З іншага боку, я думаю, што апрача нас наўрад ці нехта нашу праблему вырашыць.

 — Пра Беларусь у еўрапейскіх краінах цяпер дастаткова шмат публікацый і размоваў у палітычных сферах. Разам з тым Святлана Ціханоўская на мінулым тыдні казала, што заўважае стомленасць і нават разгубленасць некаторых еўрапейскіх міністраў замежных спраў перад сітуацыяй у Беларусі. «Мы зрабілі, што маглі, нічога не дапамагло», працытавала яна аднаго з міністраў. А вы заўважаеце гэтую стомленасць Еўропы ад падзеяў у Беларусі?

— Я думаю, што палітыкі, якія ў гэтым працэсе, сапраўды стаміліся і не разумеюць, як такі рэжым можа існаваць. Яны ўводзяць адзін, другі, трэці, пяты пакеты санкцый — і нічога. А канфлікт усё глыбей, робіцца ўсё горш і ніяк на гэты рэжым не паўплываць. Гэта з аднаго боку.

Разам з тым еўрапейскія палітыкі бачаць, што ёсць Расія, якая дае зразумець, што Беларусь — гэта сфера яе інтарэсаў. І далей паўстае пытанне паміж свабодай Беларусі і «Паўночным патокам — 2», зʼяўляюцца пытанні, чым мы будзем ацяпляць дамы ў Амстэрдаме ці Празе. Я думаю, што ў 2030 годзе гэтая размова будзе прынцыпова іншаю, калі 8 з 10 машын будуць ужо не на бензіне…

Але да таго часу пройдзе яшчэ шмат гадоў, і нам трэба шукаць новыя спосабы ўплыву на рэжым.

Дарэчы, я вось кажу пра новыя спосабы ціску на рэжым і гэта, здаецца, падпадае пад падпісаны 14 снежня закон пра крымінальную адказнасць за заклікі да санкцыяў — гэта ад 6 да 12 гадоў. Ня ведаю, як гэта вырашаць у Беларусі, можа, проста пазбавяць мяне грамадзянства. Але я цвёрда перакананы, што мы павінны працягваць змагацца з гэтым рэжымам, бо ўсім відавочна, што гэта бесчалавечная банда людзей, якая цяпер вельмі тупа ўтрымлівае ўладу. 

«Ці сядзеў ужо Макей 15 сутак за вышыванку»

— Святлана Алексіевіч за апошні год ня раз казала, што не чакала такой колькасці жорсткіх, гатовых да катаванняў свайго народу людзей ва ўладных і сілавых структурах Беларусі. Магу сказаць пра сябе. Прыблізна за паўтара месяца да выбраў у 2020 годзе, беручы ўдзел у анлайн-паседжанні менскага экспертнага клубу, я вельмі пераканана казаў, што беларусы ў беларусаў ніколі страляць ня будуць. Аднак жа неўзабаве і стралялі, і забівалі, і катавалі. А вы былі здзіўленыя ступенню ідэалагічнай апрацаванасці сілавых структур Беларусі і іх жорсткасцю?

— Не. Больш за тое, я гаварыў, што так і будзе. У 2014 годзе я напісаў кнігу «Бывший сын», і там ёсць сцэна, калі дзеці гуляюць у разгон дэманстрацыі, у АМАП і дэманстрантаў на вуліцах, і даволі жорстка адны адных збіваюць. І я памятаю, што ў 2014 годзе ўмоўна ліберальная частка беларускага грамадства мяне вельмі крытыкавала за гэты эпізод. Мне казалі, што, маўляў, Філіпенка згушчае фарбы, што глядзіце, у нас тут пачалася мяккая беларусізацыя, Макей ужо ходзіць у вышыванцы. Я, дарэчы, ня ведаю, ці сядзеў ужо Макей 15 сутак за вышыванку?..

А калі сур’ёзна, то мне ўжо тады здавалася зусім відавочным, што калі рэжым стаў на рэйкі і едзе ў бок гвалту, то вельмі дзіўна чакаць, што нешта зменіцца. Таму я казаў, што раней ці пазней гэта здарыцца. Гэты рэжым ня мог раптам аказацца мяккім, калі яго прыціснулі да сцяны і стала зразумела, што праз тыдзень яго можа ня быць.

Так што мне заўсёды здавалася, што з гэтымі людзьмі ўсё зразумела, і яны будуць дзейнічаць так, як і дзейнічалі.

«Лукашэнка змагаецца не з беларусамі, ён змагаецца з часам»

— Як вы думаеце, Ціханоўскі і Лосік будуць сядзець 18 і 15 гадоў ці выйдуць раней?

— Як мы казалі раней, гэта залежыць ад усіх нас, бо гэта тэрміны ўсім нам. Усім без вынятку — і тым, хто за санкцыі, і хто супраць. Усё залежыць ад таго, будзем мы сядзець, склаўшы рукі, ці будзем прыдумляць, паўтаруся, новыя спосабы ціску на рэжым. Я перакананы, што Лукашэнка змагацца ня з намі, не з беларусамі, ён змагаецца з часам. Гэта дыктатар, які не адпавядае 2021 году і спрабуе неяк уехаць у новае стагоддзе.

Ён жа збіраўся гэтыя выбары выйграць так, як выйграў усе папярэднія — фальсіфікацыі з дапамогай настаўніц і г. д. І раптам не спрацавала, беларусы сказалі: «Хопіць, так больш нельга». Зʼявіўся Telegram, дваравыя чаты…

Калі мы ўсе працягнем гэтую барацьбу — кожны, як можа — то мне вельмі хочацца верыць у тое, што турэмныя тэрміны тысяч нашых палітвязняў акажуцца значна карацейшымі.

Мы павінны працягваць яшчэ і таму, што не парушылі ніводнага закону. Мы выйшлі на мірную акцыю пратэсту, мы проста хочам, каб у нас змянілася ўлада, мы прагаласавалі за гэта, бачылі вынік і маем поўнае маральнае права працягваць нашу барацьбу. Мы таксама бачым, што мы гуляем паводле правіл, а наш супернік — не.

 «2020-ы здарыўся таму, што мы не засвоілі ўрокі 1937-га»

— І ўсё ж я б сабе не дараваў, каб не задаў вам на заканчэнне традыцыйнае пытанне для літаратара. Якога наступнага раману (або тэксту ў іншым жанры) чакаць ад Сашы Філіпенкі?

— Я вось толькі што закончыў раман, які пісаў тры гады і цяпер займаюся рэдактурай. Ён выйдзе ў лютым 2022 году ў выдавецтве «Время».

Гэта гісторыя першага дырэктара маскоўскага крэматорыя Пятра Ілліча Несцярэнкі. Праз яго лёс я зноў, як і ў «Красным кресте», прыводжу ў кнізе шмат дакументаў, якія знайшоў у архіве і дзякуючы «Мэмарыялу», які цяпер пад ударам, а таксама дзякуючы музею ГУЛАГу і іншым гісторыкам.

Гэта на жаль, па-ранейшаму, вельмі папулярная гісторыя, бо ўвесь раман пабудаваны на рэальнай справе некалькіх допытаў Пятра Ільіча Несцярэнкі, праз якія мы разумеем, як працавала савецкая рэпрэсіўная машына, як забівалі людзей і як знішчалі сляды гэтых злачынстваў. Я апісваю, як забітых прывозілі і крэміравалі, тым самым сціраючы сляды злачынстваў.

І мы цяпер назіраем тое самае. Гэта маніфестуе ўлада, бо мы бачым, як міністры зʼяўляюцца на публіцы ў форме НКУС. Мне здаецца, што кніга будзе актуальнаю і цяпер, бо я стараюся паказаць у ёй вялікую колькасць падабенстваў. На жаль, 1937 год, 1940 год і тое, што адбываецца цяпер — падобныя.

Тое, што адбываецца цяпер, адбываецца таму, што мы не прагаварылі вялікіх ранейшых памылак.

Што чакае Беларусь праз год? Чатыры сцэнары — з чорнымі лебедзямі і без

Станіслаў Шушкевіч: У мяне ёсць аптымізм

«Рэвалюцыя — гэта працэс. Вынік залежыць ад нас усіх». Дэмакратычныя сілы абмеркавалі план дзеянняў на наступны год

Каментары

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў32

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў

Усе навіны →
Усе навіны

Акцыянеры Tesla ўхвалілі патэнцыйную выплату Маску амаль трыльёна даляраў3

Пад Мінскам на гродзенскай трасе пашкоджаны мост2

Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады35

Гіганцкі зубр, якога месяц таму везлі па трасе М1, прызямліўся ў Баранавічах4

У Белым доме мужчына страціў прытомнасць у прысутнасці Трампа6

Прыхаванае пранікненне: якія змены ў тактыцы расійскай арміі паказаў штурм Пакроўска?16

Для беларускіх кадэтаў фармуюць культ генерала, які аддаў жыццё за Расійскую Імперыю7

Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці9

Як жыве прымежная польская Кузніца ў прадчуванні адкрыцця мяжы з Беларуссю8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў32

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць