Грамадства

«Пра калонію ходзяць не вельмі добрыя чуткі». Палітвязню Андрэю Кузнечыку дазволілі спатканне з жонкай

Палітвязень, журналіст «Свабоды» Андрэй Кузнечык працягвае пісаць кранальныя вершы сваім дзецям — 8-гадовай Яніне і 3-гадоваму Мацвею. Гэтым разам з верша бацькі дзеці даведаліся пра ажыны.

Журналіст «Свабоды» Андрэй Кузнечык рыхтуецца да этапавання з Магілёўскай турмы №4 у Наваполацкую калонію №1. Палітвязень працягвае пісаць кранальныя вершы сваім дзецям — 8-гадовай Яніне і 3-гадоваму Мацвею.

Кузнечыка абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-1 КК).

Пасля разгляду апеляцыі ў Вярхоўным судзе (які пакінуў прысуд у сіле) палітвязню дазволілі спатканне з жонкай Алесяй. Цягам дзвюх гадзін яны размаўлялі праз шкло.

Хлопцы ў камеры жартам сябе называюць «еўразэкамі»

У Магілёўскай турме абмежаваная колькасць кабінак для размоў зняволеных з роднымі. Таму бацькам Андрэя давялося прыехаць з Віцебска ў Магілёў і а 5-й раніцы заняць чаргу для жонкі Алесі, якая ехала з Мінска з малымі дзецьмі.

Паводле ўражанняў Алесі, Андрэй настроены пазітыўна. Пажартаваў, што перад этапам хацеў пагаліцца налыса, але вырашыў перад спатканнем захаваць прычоску, каб не шакаваць жонку.

«Андрэй увесь час у адной і той жа камеры. На пачатку лета там знаходзілася некалькі «мацёрых» крымінальнікаў, якія сядзелі за сур’ёзныя злачынствы. Цяпер «адпетых» у камеры няма.

Хлопцы ў камеры жартам сябе называюць «еўразэкамі» — там шмат палітычных, у тым ліку айцішнікаў, а таксама сядзяць маладыя хлопцы па наркатычных артыкулах. Андрэй кажа, што ўсе нармальныя, адэкватныя людзі. Аднак яго, які заўсёды размаўляе па-беларуску, многія не разумеюць, таму ён вымушаны размаўляць па-руску», — кажа Алеся.

З камеры забралі тэлевізар, Андрэй гэтаму вельмі рады. З крыніц інфармацыі засталося толькі радыё і перыёдыка, якую родныя выпісалі журналісту.

«Андрэй не дужа рады накіраванню ў Наваполацкую калонію, бо пра яе ходзяць не вельмі добрыя чуткі. Але ён спадзяваецца, што там будзе ўсё адно не горш, чым у Магілёўскай турме, і дакладна лепей, чым у ЦІПе на Акрэсціна», — дзеліцца падрабязнасцямі размовы з мужам Алеся.

«Для Андрэя найважней сям’я, як і заўсёды»

У кожным сваім лісце Андрэй дасылае дзецям свае вершы. Пытаецца, як рэагуюць дзеці, ці слухаюць і ці разумеюць іх. Апошні верш быў пра лясныя ягады.

Лес адвеку чалавеку
Дорыць процьму смачных лекаў.

Нейк, як гром між хвой драмаў,
З меху — хмары навальнічнай —
Пакаціліся чарнічкі
На далоні летніх траў.
І ўсміхнуліся суніцам:
«Можна з вамі пасяліцца?»

А цікаўныя маліны
Аж падбеглі да сцяжыны —
Гоп у кош: «А пакажы,
Дзе над сонечнай палянай
Кружыць зёлак пах гаркавы,
Дзе пужлівы куст ажынаў
Пад ляшчынаю дрыжыць?»

Каля зыбкай балацінкі
Мох люляе журавінкі,
Шэпча: «Трошку пачакай,
Калі яркіх вітамінаў
Для прастуднай паравіны
Будзе ўвосень ураджай».

Алеся распавяла, што дачка Янка, паслухаўшы вершык, запыталася, што такое ажыны. Адразу пасля спаткання яны з дзецьмі паехалі да бацькоў Андрэя на лецішча, дзе кожны год адпачывалі з татам. На бабуліным лецішчы дзяўчынка пакаштавала ажыны на смак. Дзеці з бабуляй увесь час згадвалі, як раней яны тут бавілі час з татам.

«Я адмыслова для Андрэя здымаю шмат фатаграфій і відэа дзяцей, каб неяк кампенсаваць тое, што ён прапускае. Каб ён адчуваў сябе цесна звязаным з намі. Ён расказваў, што нагледзеўся там розных жыццёвых драм, распадаў сямей. Што людзі па-рознаму пераносяць сваё становішча. Але для Андрэя найважнейшая сям’я, як і заўсёды. Ён шчыра дзякуе людзям, што падтрымліваюць нас», — распавяла Алеся.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?13

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску забароняць аплачваць штраф за безбілетны праезд на месцы наяўнымі5

«Тры дні таму яе бачылі ў зграі». Беларуска прынесла сабачку на аперацыю ў ветклініку і ўжо месяц не можа яе знайсці1

«Вайсковай падаплёкі няма, да вайны не рыхтуем». У школах расказалі пра навучанне дзяцей кіраванню дронамі4

Ваенкар заявіў, што расіяне пад Дабраполлем апынуліся ў мяшку1

Украінскія атакі па расійскіх НПЗ вывелі з ладу каля 17% магутнасцяў1

Дзіцячы садок у Талачынскім раёне закрываць не будуць. Бацькі звярталіся да Лукашэнкі, і ён іх вырашыў пачуць1

З Украіны ў Іспанію вярнулі сабаку загінулага іспанскага добраахвотніка. Іспанскі консул асабіста шукаў яго1

Прэзідэнт Польшчы ўнёс у сейм праект закона, які радыкальна павялічвае тэрмін атрымання грамадзянства19

Стала вядома пра арышт журналіста Паўла Дабравольскага3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?13

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць