Культура1111

Прэс-служба Лукашэнкі апублікавала відэа зайца ля Палаца Незалежнасці. Што пра гэта кажуць народныя прыкметы?

Лукашэнкаўскі тэлеграм-канал «Пул першага» на фоне абмеркавання здароўя Лукашэнкі апублікаваў відэа з зайцам, які забег на тэрыторыю Палаца Незалежнасці. Народная міфалогія мае шмат цікавых тлумачэнняў такому госцю.

Скрын відэа «Пула першага»

У народнай міфалогіі ўсходніх славян заяц мае процілеглыя характарыстыкі. З аднаго боку, ён лічыцца носьбітам станоўчых якасцей, звязаных з уяўленнямі пра яго пладавітасць, а з іншага — яму прыпісваюць дачыненне да нячыстай сілы, звязанай з бядой, хваробай і смерцю.

Згодна з даведнікам «Народныя ўяўленні, павер'і і прыкметы», звычайна асацыяцыя зайца з нячыстай сілай тлумачыцца тым, што «зайца стварыў чорт», а таксама незвычайнай знешнасцю зайца, які быццам бы мае сабачыя лапы, каціную морду і асліныя вушы. Менавіта таму ў многіх народаў існуе забарона на ўжыванне ў ежу заечага мяса. 

Агульнапашыраным з'яўляецца ўяўленне пра тое, што сустрэча з зайцам можа быць прадвеснікам бяды ці хваробы. 

Ва Украіне ёсць пажаданне чалавеку, які адпраўляецца ў дарогу: «Щоб йому заець дорогу не перебіг!»

Перабяганне зайцам дарогі падарожніку лічылася дрэннай прыкметай не толькі ў славян, але і ў іншых народаў Еўропы. Напрыклад, у Францыі і Германіі сустрэча з зайцам, асабліва калі яна адбывалася пасля захаду сонца, лічылася вельмі небяспечнай, бо існавала ўяўленне, што «ў гэты час калдуны і ведзьмы ператвараюцца ў зайцоў». У старажытнарускім Іпацьеўскім летапісе згадваецца прыкмета, якая была вядомая продкам сучасных усходніх славян і балтаў: паляўнічыя не заходзілі ў лес, калі адтуль насустрач ім выбягаў заяц, бо на ўдачу ў паляванні яны ўжо не маглі разлічваць.

У беларусаў існавала павер'е аб тым, што калі ў вёску забяжыць заяц, то гэта прадракае пажар. Калі ж заяц па нейкай прычыне трапляў у дом, які будаваўся, то будаўніцтва на любой стадыі спынялася, а бярвенне ішло толькі на дровы.

Заяц — абавязковы персанаж казак пра Кашчэя Бессмяротнага. Менавіта хутканогі заяц — першая істота, што выскоквае з чароўнага куфэрка, несучы, зберагаючы ў сабе Кашчэеву смерць. Здаганяе зайца і забівае яго (а значыць, змагаецца са злом) воўк.

У шматлікіх народных былічках расказваецца пра тое, што нячысцікі могуць сустракацца ў выглядзе зайца. Беларускі фалькларыст Яўген Ляцкі ў канцы XIX стагоддзя запісаў расказ селяніна, як ён з дапамогай магічных сродкаў пазбаўляў свайго каня ад уздзеяння злога дамавіка: «Вывеў гаспадар каня ноччу ў поле, зламаў асінавы дубец і пачаў біць яго дубцом, прыгаворваючы «раз!». Праз некаторы час конь стаў гіенай, потым з яго зваліўся корч, ператварыўся ў чорнага зайца, які хутка знік».

Па легендзе, кароль Міндоўг, пабачыўшы зайца, зварочваў з дарогі ці павяртаў назад.

Гэты момант згадваецца ў летапісным урыўку пра паганскае мінулае Міндоўга: «Жраша багом сваім втайне: Ненадзееві і Целявелі і Дзіверыкезу, заечаму богу… Егда выехаша на поле і выбегняша заяць на поле — у лес, (у) рошчэнія не вахожаша вну і не смеяша ні розгы ўламіці…». Калі Міндоўг выязджаў на поле і на тое ж поле выбягаў заяц, то Міндоўг ужо не рашаўся заязджаць у лес і баяўся дубец выламаць.

Добра вядомая легенда пра тое, што заяц перабег дарогу Аляксандру Пушкіну — і гэта выратавала жыццё рускаму паэту, які верыў у забабоны.

Знаходзячыся ў снежні 1825 года ў ссылцы ў радавым маёнтку Міхайлаўскае, Пушкін даведаўся пра падрыхтоўку паўстання дзекабрыстаў і выехаў у Пецярбург, каб далучыцца да яго. Але сустрэча з зайцам, якая прадракала бяду, вымусіла яго вярнуцца дадому. Паўстанне дзекабрыстаў было жорстка задушана царскімі ўладамі, а пяцёра блізкіх сяброў паэта, якія бралі ў ім удзел, пакараныя смерцю, а тысячы — прыгавораны да катаржных работ і сасланы ў Сібір.

Не выпадкова пушкінская Таццяна Ларына з вершаванага рамана «Яўген Анегін» (скончаны ў 1831 годзе), якая жыла ў вёсцы і таму «верила преданьям простонародной старины», панічна баялася сустрэчы з зайцам:

Калі здаралася спаткаць
Дзе-небудзь чорнага манаха
Ці шпаркі заяц у палях
Перабягаў ёй раптам шлях,
Яна, забыўшы ўсё ад страху,
У прадчуванні злым тады
Чакала ўжо ліхой бяды.

(пераклад Алеся Дудара)

Фота самога Лукашэнкі прэс-служба пасля 9 мая дагэтуль не публікуе.

Каментары11

  • Mafkees
    12.05.2023
    [Рэд. выдалена]
  • ык
    12.05.2023
    [Рэд. выдалена]
  • bezplatna i bez sms
    12.05.2023
    Асліныя вушы,ramir taro na youtube

Цяпер чытаюць

Новым спікерам Каардынацыйнай рады, хутчэй за ўсё, стане Арцём Брухан5

Новым спікерам Каардынацыйнай рады, хутчэй за ўсё, стане Арцём Брухан

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускія ўлады летась даслалі запыт на выдаленне 50 відэа з YouTube. Ім адмовілі3

Джулі Дэвіс, якую некалі прызначалі паслом ЗША ў Беларусі, узначаліць дыпмісію ў Кіеве

Топ-3 карумпаваныя прэзідэнты Усходняй Еўропы — новы фэйк 1

«Мы зрабілі больш за любую іншую дзяржаву». Трамп абвясціў 8 мая Днём Перамогі ў ЗША30

Мінчанка папрасіла Кухарава памяняць ёй кватэру праз інфрагук ад суседскага камп'ютара3

Гігін атакуе Эйдэльман за лекцыю пра БНР: Пустое месца, поўны чайнік39

Расійскія ўлады ў 2024 годзе запатрабавалі ад Google выдаліць рэкордную колькасць кантэнту3

Інсайдар расказаў, што Хатаба атруцілі «Навічком». Памёр і куплены агент, які перадаў яму ліст13

Віцэ-прэзідэнт ЗША: У наступныя 100 дзён ЗША паспрабуюць арганізаваць перамовы Расіі і Украіны15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новым спікерам Каардынацыйнай рады, хутчэй за ўсё, стане Арцём Брухан5

Новым спікерам Каардынацыйнай рады, хутчэй за ўсё, стане Арцём Брухан

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць