Грамадства

«Кліенткі цяпер часта просяць зрабіць пазногці карацейшымі і з нюдавым пакрыццём — калі раптам затрымаюць» — манікюрка

Па-за палітыкай цяпер у Беларусі не можа быць нічога. Нават на б'юці-сферу паўплываў 2020 год. Пра гэта з «Нашай Нівай» пагадзілася пагаварыць Яўгенія, якая прафесійна займаецца манікюрам.

Фота: «Наша Ніва»

Яўгенія адзначае, што змянілася сапраўды шмат што. Ад некаторых пастаянных кліентак давялося адмовіцца праз палітычныя погляды. Але, як кажа Яўгенія, «на шчасце, такіх было няшмат». Змяніліся і трэнды ў манікюры.

— Ведаеце, што цяпер найбольш часта просяць зрабіць мае кліенткі? — сумна ўсміхаецца субяседніца. — Пазногці як мага карацейшыя і нюдавае пакрыццё, каб, калі раптам затрымаюць, было не так прыкметна, як манікюр адрастае.

Яўгенія чытала гісторыю пра жанчыну з Магілёва, якую затрымалі за бэчэбэ-манікюр. Сама яна ўжо даўно не робіць манікюру з такім спалучэннем колераў нават пастаянным кліенткам. Пад забаронай, яе асабістай, яшчэ адно спалучэнне.

 — Праз пару месяцаў пасля таго, як Расія напала на Украіну, адна мая кліентка вельмі прасіла зрабіць ёй жоўта-блакітны манікюр, каб атрымаўся сцяг Украіны. Я катэгарычна адмовілася, бо памятала, у якой краіне мы жывём. Кліентка настойвала і казала, што яна дарослы чалавек і сама можа ацаніць рызыку для сябе. Я расплакалася. Пачуццё віны мяне б знішчыла, калі б яе затрымалі. Я нават не пагаджаюся рабіць разам блакітны манікюр і жоўты педыкюр.

Субяседніца згадвае кур’ёзны выпадак з восені 2020 года.

— Здаецца, у верасні прыйшла маладая жанчына, якая папрасіла намаляваць ёй на двух пальцах беларускі сцяг. У мяне нават і думкі не ўзнікла аб тым, што могуць быць варыянты. Тым больш што перад гэтым я пафарбавала ёй пазногці ў белы колер. Я прынесла ўжо чырвоны лак і збіралася пачаць маляваць. А тут раптам кліентка кажа: «Пачакайце, вы не паказалі мне зялёны лак. Я хачу сама абраць адценне». Здаецца, я на некалькі хвілін завісла. Сядзела і думала: а дзе ж зялёны колер на нашым сцягу? А потым як зразумела. 

Паводле слоў манікюркі, якая любіць гутарыць са сваімі кліенткамі, ябацек сярод іх амаль няма, затое часта бываюць расіянкі.

— Гэта заўсёды нейкі трэш, — шчыра прызнаецца Яўгенія. — Яны ў такім захапленні ад Лукашэнкі, вось гэтае шчырае: «Вы ж такія шчаслівыя, вам так пашанцавала».

Перыядычна бывае, што якая-небудзь дама абураецца праз тое, што ў нас немагчыма разлічыцца расійскімі рублямі: «Як гэта так? Жывём у Саюзнай дзяржаве, а грошы розныя?!»

Але, кажа суразмоўца, бываюць і іншыя размовы. Адна расіянка пачала расказваць, як павяла дванаццацігадовага сына ў Мінску ў барбершоп. «І там барбер стрыжэ — мускулісты такі, высокі. І я яму кажу: чаму такі малады і здаровы мужчына не на фронце? Чаму не абараняе нашу Саюзную дзяржаву? А ён спакойна так адказвае, што не хоча паміраць за амбіцыі іншаземнага палітыка». Гэта так уразіла жанчыну, што яна мне гэта расказвала. Я маўчала. А наша адміністратарка ўсё чула і ўключыла музыку гучней.

Сітуацыя ў краіне паўплывала на размовы з кліенткамі. З выпадковымі кліенткамі Яўгенія цяпер большую частку часу маўчыць. Кажа, што бываюць выпадкі, калі нейкая новая жанчына настойліва хоча пагаварыць пра палітыку ці пра вайну. А даўнія кліенткі распавядаюць пра свой боль.

— Апошнія тры гады ўвесь час выслухоўваю, як у кагосьці затрымалі мужа, брата, бацьку, сябра дзяцінства… З кліенткамі мы можам паплакаць, яны расказваюць мне пра лісты ў СІЗА.

Асаблівае цяпер перажываеш, як кажа Яўгенія, калі кліентка спазняецца на манікюр, а звязацца з ёй не ўдаецца.

— Раней я заўсёды злавала ў такіх сітуацыях. Думала, што чалавек не ўмее планаваць свой час. Ці ўвогуле вырашыў не прыходзіць на манікюр з нейкіх сваіх прычын, але не папярэдзіў, а я ў выніку губляю грошы. Цяпер мне пляваць на грошы — я хвалююся, каб з кліенткай было ўсё добра. Бо ў нас у салоне была сітуацыя, калі дзяўчына не прыйшла на свой час, а праз некалькі тыдняў высветлілася, што яе пасадзілі.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі1

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

Усе навіны →
Усе навіны

Міністр унутраных спраў Беніна заявіў, што арміі ўдалося прадухіліць спробу вайсковага перавароту

Трамп заявіў, што Расія пагадзілася на ягоны мірны план, а Зяленскі нават не чытаў яго41

Тайланд нанёс авіяўдары па камбаджыйскіх ваенных цэлях на спрэчнай мяжы дзвюх краін2

Выйшла шчырая кніга пра эміграцыю вачыма 25‑гадовай супрацоўніцы ЭПАМа9

Навукоўцы атрымалі першае сведчанне хімічнай рэакцыі, якая магла запусціць працэс стварэння жыцця на зямлі

Старэйшы сын Трампа дапусціў, што бацька можа пакінуць мірны працэс ва Украіне17

Cмехаёга: мастацтва выклікаць смех штучна2

Лукашэнка на перамовах у Амане ўставіў такое слова, што перакладчыца на арабскую разгубілася8

У Лідзе пабраліся шлюбам 15‑гадовыя хлопец і дзяўчына. Самай маладой маме Гродзеншчыны таксама 156

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі1

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць