Міжнародны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва (МІКП) змяніў уласніка. Як даведалася «Люстэрка», гэта адбылося ў снежні 2023 года, а новыя ўладальнікі — грамадзяне Кітая.

Міжнародны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва — адна з найстарэйшых прыватных навучальных устаноў у краіне, гэта ВНУ адкрылася ў 1993 годзе. Раней яна называлася «Прыватны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва».
Мяркуючы па даных адзінага дзяржаўнага рэгістра, інстытут заснавала ТАА «Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці». У ліку яго відаў дзейнасці — вышэйшая адукацыя і здача ў наём уласнай і арандаванай нерухомасці.
Гэтая арганізацыя таксама з'явілася ў 1993 годзе. Тады сярод яе заснавальнікаў значыліся 23 чалавекі, усе — грамадзяне Беларусі. Да 2022 года спіс скараціўся да 12. У кастрычніку 2022 года тыя самыя 12 заснавальнікаў, як выглядае, прадалі «Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці» грамадзяніну Кітая Пэнь Ланю, і ўжо ён валодаў кампаніяй да снежня 2023 года.
Цікава, што ў снежні ўсяго на тыдзень уласнікам кампаніі зрабілася кітайскае ТАА «Цысіньван па кіраванні бізнэсам Цэнду», а затым Пэнь Лань зноў стаў уладальнікам. А праз два тыдні ўласнікі змяніліся. Імі сталі двое кітайцаў — Хэ Дань і Ван Бо, кожнаму з якіх належыць па 50% бізнэсу. Дырэктар арганізацыі — таксама грамадзянін КНР Хань Вэньюань.
Сярод кіраўніцтва самой ВНУ таксама ёсць кітайцы. Напрыклад, прарэктар па вучэбнай рабоце — Чжан Пэнфэй. Рэктара ў інстытуце пакуль няма, а да 2023 года ім быў кандыдат эканамічных навук Мікалай Сіняк.
У справаздачы аб прыбытках і стратах МІКП пазначана, што за мінулы год чысты прыбытак інстытута склаў 5,593 мільёна рублёў. А вось 2022 год быў стратным на 109 тысяч рублёў.
Апошнімі днямі прыходзіць шмат навін пра тое, што беларускія прыватныя ВНУ згортваюць сваю дзейнасць. Першым пра ліквідацыю паведаміў Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій (былы БІП), крыху пазней — Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці. А Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва, хоць канчаткова пакуль не закрываецца, але сёлета не будзе набіраць першакурснікаў.
Каментары