Грамадзянам Беларусі забароняць працаваць на аб’ектах крытычнай інфраструктуры ў Латвіі
Дэпутаты Сейма Латвіі ў чацвер падтрымалі ў другім чытанні папраўкі да закона аб нацыянальнай бяспецы, якія прадугледжваюць забарону для грамадзян Расіі і Беларусі на працаўладкаванне або аказанне паслуг у сферы крытычнай інфраструктуры, піша Delfi.lv.

Крытычная інфраструктура — гэта аб’екты, сістэмы або іх часткі, размешчаныя ў Латвіі, што адыгрываюць істотную ролю ў рэалізацыі важных грамадскіх функцый, а таксама ў забеспячэнні аховы здароўя, бяспекі, эканамічнага або сацыяльнага дабрабыту насельніцтва.
Папраўкі прадугледжваюць, што грамадзяне Расіі і Беларусі не змогуць быць працаўладкаваныя або аказваць паслугі ў крытычнай інфраструктуры або ў асабліва значнай на еўрапейскім узроўні крытычнай інфраструктуры, калі аказанне паслуг уключае доступ да інфармацыі або тэхналагічнага абсталявання, істотнага для функцыянавання крытычнай інфраструктуры.
Грамадзяне Расіі або Беларусі змогуць выконваць працу ў крытычнай інфраструктуры або крытычнай інфраструктуры еўрапейскага значэння толькі ў выключных выпадках на падставе асобнага дазволу органа дзяржаўнай бяспекі.
Акрамя таго, папраўкі прадугледжваюць, што Расія або Беларусь, іх грамадзяне ці зарэгістраваныя ў Расіі або Беларусі юрыдычныя асобы не змогуць быць уладальнікамі, кіраўнікамі або сапраўднымі бенефіцыярамі крытычнай інфраструктуры або асабліва значнай у еўрапейскім маштабе інфраструктуры.
Таксама падданым Расіі або Беларусі будзе забаронена займаць пасады ў структурах крытычнай інфраструктуры і кіравання асабліва значнай у еўрапейскім маштабе крытычнай інфраструктурай.
З мэтай умацавання абароны важнай для бяспекі Латвійскай дзяржавы і грамадства крытычнай інфраструктуры, папраўкі прадугледжваюць, што ўласнік крытычнай інфраструктуры, сапраўдны выгаданаатрымальнік або законны ўладальнік павінен быць лаяльны да Латвіі і яе Канстытуцыі, і што забараняецца аказваць падтрымку, у тым ліку інфармацыйную, асобам або дзяржавам, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці або канстытуцыйнаму ладу дэмакратычных дзяржаў.
Каментары